Увага!!! Поўны змест!!!
Грыбы сёлета з’явіліся са спазненнем. Але затое – колькі! Людзі носяць кашамі, кашолкамі, вёдрамі, а іх усё не меншае.
Надышла восень. Ранкамі серабрысты іней дзе-нідзе на страхах забялеў, а грыбы ўсё растуць. Ды якія грыбы! Найбольш баравікі і падасінавікі.
Назбіраў я гэты раз кашолку маладзенькіх падасінавікаў ды іду сабе дахаты. Бачу – бярозавы гаёк. Дай, думаю, зазірну, як там з грыбамі. Зайшоў і вачам не паверыў: баравікоў – хоць касу закладвай.
Што рабіць? Мая кашолка поўная падасінавікаў, але ж і баравікоў шкода пакідаць.
Пастаяў трохі, падумаў, потым высыпаў падасінавікі пад елачку, каб пасля забраць, ды пачаў баравікі збіраць. Пахадзіў па бярэзніку – зноў поўная кашолка.
Прыходжу назаўтра на знаёмае месца. Зірк – нехта мае грыбы на вываратні расклаў. Да таго ж – усе ўгору шапачкамі. Гэта на выпадак дажджу, каб не намоклі.
«Вось табе і на!» – падзівіўся я і прысеў побач на пень. – Хто ж гэта пагаспадарыў тут? Каму мае падасінавічкі спатрэбіліся?»
Я ведаў, што вавёркі любяць грыбы. Нават сушаць на зіму. Але ж яны іх чапляюць на сучках і галінках дрэў. А гэтыя ляжаць на вываратні.
Нечакана ззаду нехта затупаў. Паварочваюся, ажно з залацістага бузінніку нетаропка барсук выходзіць. Мяне ён не бачыць і шыбуе проста да елачкі, дзе засталося яшчэ некалькі маіх падасінавічкаў. Бярэ асцярожна адзін грыбок у зубы і – да вываратня. Паклаў угору шапачкай на шурпатую кару дрэва і за другім патрухаў. Носіць звярок мае грыбы ды задаволена носам сапе.
Нарэшце, на пятым ці мо на шостым заходзе, барсук падслепаватымі вочкамі зірнуў на мяне, спалохана фыркнуў, выпусціў з зубоў грыб, крутануўся – і ў хмызняк. Толькі сухое лісце зашамацела.
Пасмяяўся я з грыбніка і ціха падаўся ў другі бок. Навошта мне гэтыя грыбы? Ці ж мала іх у лесе? Пахаджу якую гадзіну-другую і назбіраю маладзенькіх баравічкоў. А падасінавікі няхай барсуку застаюцца. Халоднай зімою спатрэбяцца.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Патрэбная справа
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка