Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цырк на балоце

   Гэта быў апошні дзень жніўня. Чырвонае летняе сонца паволі скатвалася да гарызонту, быццам ведаючы, што заўтра яно ўжо будзе асеннім.
   I вось, калі яно нарэшце схавалася за далёкімі дрэвамі, пафарбаваўшы ў малінавы колер амаль палову неба, я заўважыў нейкіх двух звяркоў. З’явіліся яны аднекуль з прыбярэжнай асакі.
   Памерам звяркі былі невялічкія, не болей пацука. На кароткіх ножках, вельмі рухавыя.
   Вось яны шпарка пачалі ганяцца адзін за адным уздоўж берага. Звяркі разбягаліся ў розныя бакі і зноў збягаліся, высока падскоквалі ўгору. Калі ж адзін з іх даганяў другога, то нібыта аддаваў яму «квача» і імчаўся ў процілеглы бок. Тады яго даганяў другі.
   Я паглядзеў у бінокль. Гэта былі ласкі.
   За ласкамі мне яшчэ не даводзілася так блізка назіраць у натуральных умовах жыцця. Гэта вельмі асцярожныя і скрытныя начныя звяркі. Я пільна сачыў за ўсім, што адбывалася на балотцы.
   Вось звяркі апынуліся ў круглым закутку, дзе асака падковай абступала чорнае дно азярца. Памітусіліся туды-сюды, борздзенька ўзняліся слупкамі адзін насупраць другога. Пастаялі так нейкі час нерухома, а потым давай па чарзе то апускацца, то ўзнімацца: уніз-угору, уніз-угору. Вось адзін са звяркоў высока падскочыў, перакуліўся і зноў слупком стаў. Гэта ж самае паўтарыў другі. Потым некалькі разоў адзін цераз аднаго па чарзе пераскочылі. Вясёлыя акрабаты пачалі такое вырабляць, што нават цяжка было ўсачыць за іх рухамі.
   Невядома, колькі б яшчэ часу працягваўся гэты цырк, каб не сава. Яна нечакана вылецела аднекуль з-за майго будана і кінулася да закутка. Звяркоў быццам ветрам здзьмула. Нібыта іх і не было тут зусім.
   Шкада было, што сава перашкодзіла мне даглядзець гэтае цікавае відовішча. Настаў ужо яе час весяліцца, свае начныя гульні над балотцам ладзіць.