У вясновым лесе прыемна пахне свежай хвояй і першымі краскамі.
Я прыхіліўся спіною да маладой асінкі і назіраю за дзятлам, які ласуецца на бярозцы салодкім сокам.
Птах прадзёўбвае ў белай кары дзірачку, і калі адтуль пачынаюць бегчы буйныя слязінкі бярозавіку, бярэ адну з іх у дзюбку, цікаўна схіляе набок галоўку ў малінавай цюбецейцы і смакуе – салодкі ці не? Праглыне кроплю-другую, пасоўваецца ўбок і пачынае новую дзірачку рабіць, быццам спадзеючыся, што тут сок можа быць іншага гатунку.
Вясною дзятлы часта ласуюцца бярозавым сокам, і не на адным дрэве, а на розных. Гэта свавольства птушак натуралісты называюць вясновым кальцаваннем бяроз, прыпісваючы дзятлам шкоду. Што ж да лірыкаў, то яны зусім інакш гэта тлумачаць.
Амаль усе птушкі маюць свой голас, і вясною хто як можа спявае, вясну-прыгажуню славіць. I хоць дзятлы сваім барабанным пошчакам, як вядома, не апошнюю ролю адыгрываюць у гэтым веснавым канцэрце, але усё ж не тое, што дразды ці заранкі, тым болей салаўі. Вось быццам бы яны кожную вясну і шукаюць тое адзінае дрэва, сокам якога б можна было адрадзіць свой уласны голас.
Вось і на гэты раз бярозка, на жаль, аказалася не той. Дзяцел незадаволена цыкнуў і таропка пераляцеў на суседнюю.
А можа, гэта, нарэшце, і ёсць тое цудадзейиае дрэва, якое птушкі доўгі час шукаюць, ды ніяк знайсці не могуць?
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам