За вёскай у нас ёсць невялічкі лясок. Там сабе, розная драбяза – куртатыя хвойкі, кволыя бярозкі з асінкамі ды алешынкі. Увесь час у гэтым драбналессі ахвотна трымаюцца цецерукі, кнігаўкі, сарокі і іншыя птушкі. Часта тут бываю і я. То з кошыкам за маслячкамі прыбягу, то са стрэльбаю, а то і проста адпачыць, з думкамі сабрацца.
Я звярнуў увагу на тое, што ў адным і тым жа месцы, на невялічкім узвышшы, парослым алешнікам, абавязкова ўзнімаю чародку чырванабровых птушак.
Восенню лісце ў альхі ападае зялёнае, вільготнае. Яно паволі сохне, скручваецца ў бурыя трубачкі і надта трашчыць пад нагою.
Дык вось, уся зямля ў гэтым алешніку такім сухім лісцем заслана. Ступіш у алешнік – страшэнны трэск узнімаецца. Пачуюць яго чуйныя птушкі – лоп-лоп крыламі – і паляцелі. А як бы хацелася падчапіць да ягдташа лірахвостага чарныша!
І вось я вырашыў пайсці на хітрасць. Неяк над вечар на месцы адпачынку цецерукоў працягнуў маток спінінгавай жылкі праз увесь алешнік. Да аднаго канца жылкі прывязаў невялічкае сукаватае паленца, а другі, свабодны, заматаў за крайнюю алешыну.
Ранкам цецерукі трымаюцца ў полі: зерне збіраюць, дробныя каменьчыкі дзяўбуць. А як надзяўбуцца, ляцяць на адпачынак у свой улюбёны алешнік. Пасядуць у рыжай папараці і ціха, але вельмі чуйна, дрэмлюць. Зашамаціць дзе сухі ліст, альбо трэсне галінка, на крыло – і далей ад бяды.
Апоўдні асцярожна падыходжу да алешніка і адвязваю ад куста свабодны канец жылкі. Шморг за яе і адразу ж на другім баку алешніку зашамацела сухое лісце, быццам нехта цяжкім ботам у кусты ступіў. Але што гэта? Цецерукоў нешта не чутно. Я мацней тузануў за жылку. Лоп-лоп-лоп! – пачуўся знаёмы шум дужых крылаў. Гляджу, ляцяць чорныя птушкі проста на мяне. Я лаўлю адну з іх на мушку і націскаю спускавы кручок.
Вось ён, лясны прыгажун – запаветная мара паляўнічага. Чорны увесь, з падобным на ліру хвастом, з чырвонымі, быццам вугалькі, бровамі.
Што ж, цецерукі птушкі хітрыя, гэта сапраўды так. Але мы, паляўнічыя, яшчэ больш хітрэйшыя.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка