У старога чалавека, які пражыў доўгае жыццё, заўсёды ёсць чаму павучыцца. Таму я ніколі не прапускаю выпадку, каб пагутарыць з сівым дзядком альбо са старой бабулькай.
У гэты раз я шукаў багатыя чарніцамі месцы. Нагледзеўшы адну некранутую балацінку, вяртаўся дамоў лясной дарогай.
На светлай пасецы, парослай ружовымі кветкамі скрыпеню, заўважыў дзядка. Стары стаяў каля зялёнага куста бузіны і сцізорыкам зрэзваў галінкі.
– Ці не венікаў, дзядуля, з бузіны вырашылі навязаць? – пацікавіўся я, ведаючы, што старыя людзі хваробу выганяюць рознымі венікамі, часам нават звязанымі з крапівы-пякучкі.
– Венікі, – пацвердзіў ён. – Толькі не для сябе. Надта ж ужо жорсткія. Дый пахнуць кепска. А вось для мышэй яны ў самы раз. Лепшых і прыдумаць нельга.
– Гэта навошта ж мышам венікі? – смяюся я. – У лазню ж яны, пэўна, не ходзяць.
Дзядуля паклаў у кішэню складанчык і сеў на траву. Побач уладкаваўся і я.
– Навошта, пытаешся, мышам венікі? – усміхнуўся ён.
Стары памаўчаў з хвіліну, відаць, збіраючыся з думкамі, і растлумачыў:
– Справа ў тым, што мышы паху бузіны не паважаюць. Вось я навешаю бузінавых галінак у каморы, ні адна мыш і носа туды не пакажа. Крупы, мука – усё будзе цэлае.
– Гэтак яны бузіны баяцца?! – падзівіўся я.
– Як бачыш. Няблага да бузіны дабавіць пахучага рамонку альбо багуну. На гэтыя расліны яны таксама коса пазіраюць.
I сапраўды: колькі клопату і непрыемнасцей ад мышэй чалавеку. То мяшок з мукою паточаць, адзенне ўшчэнт парэжуць, з’ядуць моркву альбо буракі. У кубел з салам забяруцца.
I вось, аказваецца, ёсць просты сродак барацьбы з імі.
Я таксама нарэзаў сабе галінак бузіны, багуну наламаў. Прынеслі дзеці ў хату рамонкаў. Усё гэта я павязаў у невялічкія пучкі і развесіў у кладоўцы.
Пакуль што спакойна. На паліцах некранутым стаіць тлушч, ляжаць крупы, гарох, мука – усё ў цэласці, непапсаванае. Нават ніводнага сушанага баравічка не пагрызлі. А ўсё дзякуючы сівому дзядку.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе