Цяпельца гарыць няярка. Тонкая змейка сіняга дыму высока ўздымаецца ў шэрае асенняе неба. На ўзлессі прыемна папахвае апалым лісцем і бруснічнікам.
Цішыня ў лесе. Здаецца, аглядзі зараз кожнае дрэва, і не знойдзеш ніводнай жывой істоты.
Доўга я моўчкі сяджу каля цяпельца, аддаўшыся вольнай плыні думак. Але вось нечакана за спіной пачулася знаёмае: цюй, цюй, цюй...
Паварочваюся. З голага алешніку выпырхнулі два чырванагрудыя снегіры. Селі прыгажуны на тонкую галінку блізкага куста і пагойдваюцца.
I вось што цікава. Прылятаюць з поўначы ў нашы месцы гэтыя птахі досыць-такі рана – у кастрычніку. Але чамусьці доўгі час яны ўпарта хаваюцца ад чалавечага вока. І толькі збіраючы па балоце журавіны альбо адшукваючы ў хмызняках пералінялых на зіму тлустых шаракоў, нярэдка надараецца ўбачыць невялічкія чародкі прыгожых птушак.
Ці то снегіры, фанабэрачыся сваім стракатым убраннем, пагарджаюць нашым шэрым асеннім пейзажам, ці мо саромеюцца ў такім зграбным выглядзе на людзі паказацца? Як бы там ні было, але з’яўляюцца яны ў вёсках толькі тады, калі выпадзе снег. Убачыш іх ранкам у пабеленым першым сняжком садзе і міжволі залюбуешся.
Да чаго ж вялікая наша краіна! Дзесьці ў адным яе канцы белыя мяцеліцы гуляюць, трашчаць лютыя маразы, а ў нашых беларускіх лясах ляжалымі яблыкамі пахне. I ўжо зусім па-вясноваму снегіры свішчуць.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік