Вясною мяне заўсёды ахоплівае нейкае незразумелае хваляванне. Усё мне здаецца, быццам я нешта прагледжу цікавае. Таму, як толькі выпадзе калі свабодная хвіліна-другая, спяшаюся ў лес на спатканне з прыродай.
Вось і гэтай веснавой раніцай крочыў я паволі знаёмай сцежкай.
I вось дзіва, колькі разоў тут праходзіў і не заўважаў цёмнай плямы ў хмызняку.
Няўжо, думаю, елачка пазелянела і раптоўна з шэрага хмызняку вытаркнулася?
Падыходжу бліжэй. А гэта, гляджу, сарочына гняздо. Зазірнуў у яго – пуста. Значыць яшчэ рана, няма яек.
Блукаючы па веснавым лесе, я ўвесь час здзіўляўся: колькі змен адбылося за ноч у прыродзе? Учора, мабыць, з паўгадзіны шукаў на палянцы воўчае лыка, ды так ніводнага кусціка з кветкамі і не знайшоў. А гэта ступіў на палянку і спыніўся ад здзіўлення – там і сям на ёй ружавелі галінкі квітнеючай расліны. А крыху воддаль, на ўгрэве, першыя пралескі заблакітнелі. Надвячоркам, адыходзячы з лесу, я на бярозу пусты слоік павесіў. А сёння ён ужо да берагоў напоўнены празрыстым бярозавікам. На краю буйны мураш сядзіць і салодкім напіткам ласуецца.
На зваротным шляху зноў успомнілася сарочына гняздо.
Зазіраю, а там – о цуд! – ужо яечка ляжыць. Да таго ж яшчэ цёпленькае. Відаць, сарока толькі што яго знесла, але калі заўважыла маё набліжэнне, непрыкметна зляцела з гнязда.
Які імклівы рух часу ў вясновым лесе! Гэта толькі за адну гадзіну такія змены адбыліся. А колькі ж іх адбудзецца за дзень, тыдзень, месяц?
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік