Я ладзіў грыбны кош.
Асенні дзень стаяў сонечны, цёплы. У блакітным небе ляніва лёталі шпакі. Другія ж паважна сядзелі на тэлевізійнай антэне і ціха спявалі свае невясёлыя асеннія песні. Ім падпявала на ліпе пеначка-ценькаўка. Наогул, гэты крыштальны асенні дзянёк чымсьці сабою нагадваў вясну. I каб не аголеныя кроны яблынь наўкол дома ды не дзічка-груша, плады якой заўсёды вісяць аж да самага снегу, то можна б было падумаць, што гэта і сапраўды вясна.
Калі кошык быў амаль гатовы, я заўважыў вераб’я з белым пёркам у дзюбцы. Ён вылецеў аднекуль з-за хлява і сеў на палачку-садок у сінічніку, які вісеў на сцяне дома. Паспрабаваў сунуць пёрка ў ляток, – не атрымоўваецца. Тады ён улез у сінічнік і ўмасціў яго там на патрэбнае месца. Птах весела чырыкнуў і знік за хлевам.
Некалькі разоў яшчэ верабей падлятаў да сінічніка, кожны раз прыносячы што-небудзь у дзюбцы.
«Што б гэта азначала? – падумалася мне. – Няўжо шэры хітрун вырашыў дзецьмі ў кастрычніку абзаводзіцца?»
Я павесіў на цвік над паветкай кошык і пайшоў у дом.
А ранкам, калі я прачнуўся і падышоў да акна, міжволі здзівіўся. Агароджы, стрэхі пабудоў былі белымі ад шэрані. Здавалася, зямля прыбралася ў мяккі белы снег.
Я выйшаў з дому. Наўкол панавала цішыня. Не відаць учарашніх шпакоў, не чуваць на ліпе песенькі ценькаўкі. Толькі мудры верабей, высунуўшы з уцепленага жытла шэрую галоўку, задаволена сабе напяваў: чыр, чыр, чыр...
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік