Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Першы раўчук

   У глыбіні заваленага снегам лесу яшчэ ўладарыць зіма. А тут, на ўзлессі, яе перамагло ужо сонца.
   Каля магутнага дуба, што велічна стаіць на пагорку, бруіцца раўчук. Хоць яшчэ зусім маленькі і нясмелы.
   Празрысты струмень вады, які выбіваецца аднекуль з-пад белай падушкі халоднага снегу, таропка перакочваецца цераз гарбаты корань дрэва, срабрыстай змейкай паблісквае на яркім сакавіцкім сонцы і таропка падае ў равок пад дубам.
   Тонкія галінкі арэшніку, на якія трапляла вада, пакрыліся на марозе празрыстым лёдам. Яны зябка трымцяць, б’юцца адна аб адну. I каля дуба чуваць ледзьве ўлоўны для слыху тонкі крыштальны звон: дзінь-лінь, дзінь-лінь...
   Першай гэта мілагучнае пазвоньванне пачула жаўтагрудая сініца. Яна села на суседнюю галінку і, гулліва пазіраючы па баках, весела заспявала:
   – Вінь-цюнь-цінь! Вінь-цюнь-цінь!..
   На сваёй птушынай мове яна паведамляла аб тым, што вось тут, менавіта пад гэтым волатам-дубам, парадзілася вясна.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам