Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Падлёдная рыбалка
Цікава зімой ісці па рацэ. Тупаеш сабе па самай сярэдзіне рэчышча і неяк не верыцца, што дзесьці там, пад лёдам, магчыма нават пад табой, на дне таўстабокія галаўні стаяць. Чародамі блукаюць кілаграмовыя гарбылі-акуні. Нерухомымі калодамі пудовыя самы ляжаць.
Рака вялікая. Паспрабуй угадай дзе пельку прабіць, каб стаянку рыбы адшукаць. Патрапіў на такое месца, значыць будзе ўдалай рыбалка. Не патрапіў – вяртайся дамоў без чырванапёрых прыгажуноў.
Кожную пельку сячэш звычайна з надзеяй, што менавіта тут павінна быць рыба. Адну прасячэш, другую, дзесятую, а рыбы няма, не клюе.
Але вось нечакана ў адной з іх блешня быццам за нешта зачапілася – тут жа ўбок пайшла. Робіш падсечку, на жылцы адчуваеш тузанне рыбіны. Мінута хвалявання – і вось над пелькай, быццам тое маленькае сонейка, стракаты акунёк павісае. Малінавыя плаўнікі растапыраны, паласаты хвост згінаецца то ў адзін, то ў другі бок.
Доўга любавацца няма часу. Прамарудзіш, і жаданая чародка адыдзе ад пелькі. Паспрабуй тады ў другі раз адшукаць яе.
Толькі апусціш блешню ў ваду – другая паклёўка. Потым трэцяя, чацвёртая. Ды так, глядзіш, за якую-небудзь хвіліну-другую з дзесятак акунькоў і выкінеш на лёд. Радасць вялікая.
Але вось нечакана ўсё скончылася. На жоўтую блешню паспрабуеш, на чырвоную, на мармышкі – не бярэцца рыба.
Зноў адпраўляйся, рыбак, на пошукі. I хто ведае, усміхнецца табе ў другі раз шчасце ці не.
Зімовы дзень не летні – кароткі. У адным месцы паблясніў, у другім, глядзіш – ужо і дзень канчаецца. А ў роце ж з самай раніцы і макавай расінкі не было. Час, аднак, і папалуднаваць.
Ад пляскатага стажка сена ў белай шапцы тонка аддае духмянасцю сухога разнатраў’я і снегам. А калі хочаце ведаць, дык нават і цяплом. Здаецца, засунь зараз у сярэдзіну яго руку, то, бадай, адчуеш цеплыню ліпеньскага сонца.
Снасць звычайна знімаецца перад самым адыходам з ракі. Такая ўжо натура рыбалова: усё на ўдачу спадзяешся. А раптам ды і возьмецца зубастая прыгажуня.
I вось, нахілішся над пелькай, каб снасць зняць, і заўважаеш зорку, што мігціць у чорнай вадзе. Дрыжыць гэтак нясмела, быццам баіцца ў халоднай бездані патануць.
Да вёскі не блізка. Каб апынуцца на цёплай сялянскай печы, трэба прабегчы на лыжах па пустэльнаму полю, якое прадзімаецца калючым халодным ветрам, перасячы завалены снегам узлесак, з’ехаць з крутога схілу ў зарослую алешнікам нізіну і ўзняцца на пагорак. I на ўсім гэтым некароткім шляху нязгасным агеньчыкам будзе гарэць у вачах першая вячэрняя зорка, што купаецца ў чорнай вадзе.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка