Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Незвычайная сустрэча

Незвычайная сустрэча
   Я выбраўся з густога хмызняку на светлае ўзлессе. Уперадзе ляжала незнаёмае поле з раскіданымі па ім адзінокімі сціртамі саломы. Зноў ісці ў лес, дзе я праблудзіў амаль паўдня, мне не хацелася.
   Трохі павагаўся і ўсё ж вырашыў рухацца полем.
   – Некуды выйдзем, – кажу я свайму чатырохногаму сябру Званку. – Не ў пустыні ж знаходзімся.
   Снегу на полі было меней, чым у лесе, таму і крочылася лягчэй. Непрыкметна для сябе я стаў прыслухоўвацца да мілагучнага парыпвання снегіроў у хмызняку.
   Нечакана ззаду пачуўся залівісты брэх Званка. Паварочваюся. Тое, што я ўбачыў, прымусіла мяне замерці на месцы.
   На сцірце саломы стаяла прыгажуня ліса. Гарэзліва схіліўшы набок прыгожую галоўку, рыжая кума абыякава глядзела на сабаку, што шалеў унізе. Усім сваім выглядам яна нібы гаварыла: дурань ты, аблавухі. Не з тваім розумам забрацца сюды. Нацяўкаешся, ды і пойдзеш.
   Я кінуўся да лісы.
   Рыжая заўважыла мяне, пераскочыла на другі бок сцірты і стаілася. Вяршыня сцірты надзейна хавала хітрага звярка. Я хутка перабег на другі бок. Але ліска зараз жа шмыганула на ранейшае месца. Ды так борздзенька, што я нават не паспеў і стрэльбу ўзняць, не тое каб стрэліць.
   Некалькі разоў мы так гулялі ў хованкі з ліскаю. З мяне паваліла пара, Званок аж ахрып ад злосці. Хітруха ж у яго бок і вухам не вядзе. Затое з мяне вачэй не зводзіць. Пільна сочыць за кожным маім рухам.
   Вырашаю сагнаць лісіцу са сцірты стрэлам. Падымаю стрэльбу і страляю, спадзеючыся з другога ствала ўдарыць па ёй, калі яна саскочыць на зямлю.
   Ліска чырвоным полымем мільганула на фоне шэрага зімовага неба, скацілася на зямлю і тут жа кінулася да лесу. Я злавіў рыжую на мушку і націснуў на спуска вы кручок. Стрэлу... не адбылося. Тут толькі я спахапіўся, што левы ствол стрэльбы пусты: зарадзіць забыўся. Захацелася мне разгадаць гэтую незвычайную лежню звярка. Колькі я ні таптаўся вакол сцірты, але так нічога і не высветліў. I толькі калі ўзлез наверх, усё зразумеў. Нейкая драпежная птушка, аб чым сведчылі яе вялікія сляды на снезе, падсілкавалася на сцірце шэрай курапаткай. Ліска ўзабралася на сцірту, падабрала недаедкі з «чужога стала», а потым тут жа на мяккай саломе адпачываць улеглася. I каб не мы са Званком, то праспала б да самага вечара.

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе