Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Начныя шорахі
Ноччу мне прысніўся страшны сон. Быццам ішоў я вуліцай сваёй роднай вёскі на Магілёўшчыне. Нечакана з вулачкі выбег з налітымі крывёю вачыма раз’юшаны саўгасны бугай Баўтун. Ён злосна раўнуў на ўсю вуліцу, падхапіў мяне на свае магутныя рогі і прыціснуў да плота. Я ўскрыкнуў ад жаху... і прачнуўся. У палатцы было цёмна і ціха. Але ў баку, адчуваю, і сапраўды нешта баліць. Я абмацаў сваю пасцель і выявіў сучок, які вытаркнуўся з сена.
Спаць болей не хацелася. Я адхінуў полаг палаткі і стаў слухаць начную цішыню.
Жнівеньская ноч...
Лугавое паветра густа настоена гаркаватым пахам сагрэтага ў стагах сена.
Ад ракі пацягнула свежасцю. У палатцы соладка запахла спелай грэчкай, духмянымі антонаўскімі яблыкамі, прэллю грыбоў. Быццам нехта нябачны ў змроку адкаркоўваў вялізныя флаконы з разнастайнымі духамі.
Доўга ляжаў я, удыхаючы на поўныя грудзі ўсё гэта багацце летніх пахаў. Але вось нечакана каля палаткі пачуўся нейкі асцярожны шоргат. Я прыслухаўся. Нехта хадзіў у начной цішыні. Пахадзіў, пашамацеў травою і змоўк. «Відаць, зайчаня з кармёжкі, – падумаў я. – Альбо рыжая кумка на мышэй палявала».
Зноў стала ціха. Ад начной свежасці палатка напялася, быццам барабан. Буйныя кроплі расы, якія час ад часу падалі з бяроз на вільготную палатку, уяўляліся ўдарамі кінутых камянёў.
Дзесьці за ракою ў старыцы спуджана ўскрыкнула качка. На яе трывожны голас азваліся іншыя птушкі. Пакракалі, пакракалі і супакоіліся. Потым у затоцы ўдарыла моцная рыбіна, глуха бразнуў дзесьці лодачны ланцуг.
Хрыпла прагудзеў буксір. Доўга ён тарахцеў, пятляючы па звілінах ракі, перш чым параўняўся з палаткам. Вось ён асвяціў яркім снопам святла бераг, выхапіўшы з цемры стог сена з кустом лазы. Нарэшце прамінуў палатку і таропка пашыбаваў у бок раённага гарадка.
Ранкам я выйшаў з палаткі. Сонца яшчэ толькі ўзышло, лашчучы сваімі залатымі промнямі макаўкі лесу, што стаяў удалечыні на пагорку. Над ракою белай пялёнкай слаўся густы туман. Пахла сырым аерам.
Паволі абуджалася вёска: гучна стукалі засаўкі ў хлявах, натужліва рыпелі цяжкія вароты, мыкала скаціна, якую выганялі ў поле, чуліся гучныя воклічы пастуха.
Я ўспомніў аб начным шоргаце каля палаткі і пачаў аглядаць зямлю. На шэрай ад расы траве выразна быў бачны зялёны ланцужок слядоў, якія віліся вакол палаткі. Выкінутая вечарам газета была парвана, загорнутыя ў ёй рэшткі ежы з’едзены. Роўны ланцужок слядоў цягнуўся да лазовага зарасніку каля ракі. «Рыжая кумка пагаспадарыла», – вырашыў я і накіраваўся з вудамі да ракі.
Вяртаюся да палаткі і ў здзіўленні спыняюся: міска перавернута. Уся мая рыба валяецца на траве.
Хутка я спахапіўся, што няма шчупака.
Хто ж гэта зноў паразбойнічаў тут?!
Я абышоў вакол палаткі і ўбачыў знаёмыя сляды на траве.
Міжволі ўспомніліся начныя шорахі.
Я сабраў уцалелую рыбу, старанна перамыў яе, паклаў у кацялок з вадою і павесіў на рагулькі.
Неўзабаве ад цяпла ў неба паволі папоўз сіні струмень празрыстага дыму. У ранішнім паветры тонка запахла гаркаватасцю сухіх лазовых галінак і распаранай зямлёю.
З галавы ніяк не выходзіла думка пра невядомага злодзея, які так нахабна сцягнуў шчупака.
У апошнія дні ён стаў наведвацца па некалькі разоў у суткі. Ранкам і вечарам я аб гэтым даведваўся па слядах на роснай траве, а ўдзень – на падабраных рэштках ежы. Звярок, відаць, сачыў аднекуль з хмызняку за кожным маім крокам. Бо варта мне было што-небудзь пакінуць не там, дзе трэба, як яно тут жа бясследна знікала. Сцягнуў паўбуханкі чорнага хлеба. У другі раз з’еў вараную бульбу ў кацялку. Потым знікла размаляваная драўляная лыжка.
Калі ж невядомы злодзей аднойчы забраўся ў палатку і парваў торбу з крупамі, мае цярпенне нарэшце лопнула. Трэба было нешта неадкладна рабіць.
I я вырашыў правучыць малога праныру.
Вярнуўшыся надвячоркам з ракі, я выбраў добрага шчупака і падвесіў яго на куст лазы, непадалёк ад палаткі. Зрабіў я гэта з такім разлікам, каб звярок не змог дацягнуцца да рыбіны.
Калі сцямнела, я, седзячы каля цяпла, чуў асцярожны шорах у хмызняку. Звярок шастаў у змроку, спыняўся, цяжка ўздыхаў, дробненька стукаў зубамі. Ён, відаць, добра чуў пах рыбіны на кусце і духмяны водар юшкі, якая гатавалася ў кацялку над цяплом.
Я павячэраў і залёг у палатцы.
Вечар выдаўся надзвычай цёплы, ціхі. Месяц, які высока стаяў у чорным небе, мяккім святлом заліваў луг.
З палаткі мне добра быў відзён куст са шчупаком на ім. Хоць я ляжаў ціха, звярок усё ж не адважваўся выйсці са свайго сховішча. Але хадзіў ён, было чуваць, ужо значна бліжэй, чым раней.
Нечакана, разарваўшы вячэрнюю цішыню, заіграў гармонік у бліжняй вёсцы. Пачулася звонкая дзявочая частушка.
Я заслухаўся і зусім забыўся, што трэба пільна сачыць за злодзеем у хмызняку. Калі ж, нарэшце, зірнуў на залітую матавым святлом палянку, то ўбачыў пад кустом звярка. Куртаценькі такі, ростам з невялічкага дваровага сабачку, пушысты хвосцік, тупая пыска. Вось яно што! Дык гэта ж ніякая не лісіца, як я меркаваў, а янот!..
Што ёй толькі не вырабляў, спрабуючы дастаць рыбіну. Падскокваў угору, станавіўся на заднія ногі і, нібы той цыркавы сабачка, слупком хадзіў па зямлі. Але ўсё дарэмна: дастаць смачны кавалак ніяк яму не ўдавалася.
Нарэшце ён кінуўся на зямлю і тоненька, так што міжволі зашчымела ў мяне на душы, жаласліва заскавытаў.
– Ну як, будзеш яшчэ крадзяжом займацца? – строга спытаў я, асвяціўшы злодзея яркім святлом кішэннага ліхтарыка. Янот спужана ўсхапіўся і імгненна знік у хмызняку.
Пасля гэтага выпадку янот больш да мяне не наведваўся.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік