Я сядзеў на мяккай купіне і палуднаваў.
Пасля доўгага блукання па асеннім лесе елася на свежым паветры вельмі апетытна.
Непадалёк ад мяне ўвесь гэты час нешта непакоіўся дзяцел. Пакрычыць птах, пакрычыць і супакоіцца. Хвіліну-другую ціха, потым зноў за сваё.
Я даеў яблык і асцярожна падаўся на гукі.
Уперадзе адкрылася прасторная высечка. Дзяцел крычаў дзесьці на дрэве. Але дзе, не было бачна.
А вось і ён. З самай вершаліны высокай блакітнай елкі дзяцел спускаўся ўніз, трымаючы ў дзюбе вялікую яловую шышку.
Калі дзяцел сеў на пень-абломыш, з-за елачкі да яго кінулася вавёрка. Птушка кінула шышку і з крыкам падалася назад на елку. Вавёрка схапіла шышку, ускочыла на шырокі пень побач, села слупком і таропка пачала яе вылузваць.
Пакуль вавёрка з шышкай распраўлялася, дзяцел узрушана крычаў на дрэве.
Але вось яна саскочыла з пня і знікла ў траве. Дзяцел зараз жа супакоіўся, адарваў новую шышку і накіраваўся з ёю да сваёй «кузні». Варта яму было толькі апусціцца на пень, як зноў з’явілася вавёрка. I ўсё паўтарылася нанава.
«Чаму ж гэты хітры звярок так недалікатна карыстаецца паслугамі птушкі? – падумаў я. – Шышак жа на дрэвах шмат мелася. Хіба ж ёй, такой спрытнай, самой цяжка ўскочыць на хвою?»
Я стаў у бінокль уважліва назіраць за вавёркай і ў хуткім часе ўсё зразумеў. У звярка была паранена пярэдняя лапка. Магчыма, ястраб накінуўся ці куніца ноччу заспела ў гняздзе, ды толькі вавёрцы пашчасціла вырвацца ад драпежнікаў.
Ціха, каб не патурбаваць лясных жыхароў, я падаўся з высечкі. Шышак шмат на дрэвах, усім хопіць. А тое, што вавёрка часова дзятла крыўдзіць, не бяда. Трэба ж і ёй неяк карміцца, пакуль лапка зажыве.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік