Яшчэ ўчора лес быў чорны, непрывабны. А вось выпаў ноччу мяккі сняжок, і ўсё ў ім змянілася да непазнавальнасці. Стаіць ён цяпер у сваім дарагім кафтане ды хітра ў кашлатую бараду ўсміхаецца.
Першая зімовая раніца.
Месцамі паміж дрэвамі яшчэ начныя прыцемкі трымаюцца, а чырвонагаловы дзяцел – лясны доктар – ужо за працай. Сядзіць птах, упершыся хвастом у шурпаты ствол адзінокай асінкі ды дзелавіта сухую верхавіну дзяўбе.
– Тук-тук-тук, – чуецца яго мерны стук у прыціхлым лесе.
Нізка над дрэвамі імкліва праляцела чародка стракатых амялушак. Паселі на запалены чырвонымі гронкамі ягад куст каліны і таропка сталі падмарожанымі ягадамі ласавацца, ціха перасвістваючыся паміж сабою.
А гэта што за калабок па мяккай сцежцы коціцца?
– Эге, ды гэта ж малады заяц-белячок! Ён упершыню сёння белы свет убачыў. Убачыў – і спалохаўся. Вось касавокі і ўцякае. Мітусіцца, выбіўшыся з сіл, па белым лесе, а ўцячы ад снегу ніяк яму не ўдаецца.
Яшчэ сюрпрыз. Пад дрэвамі – сляды невядомага і нейкія рызманы яго.
Вось яно што! Ды гэта ласіны рог. Цяжкі такі, галінасты.
Пакарыла маладая зіма ляснога волата. Паслухмяна зняў ён перад беласнежнай прыгажуняй сваю дарагую карону.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка