Марозная поўнач. Стаіць зачараваны сцюжай зімовы лес, ніводнай галінкай не варухне. Мірным сном спяць стомленыя дзённымі клопатамі птушкі і звяркі.
I дзе толькі няма дамкоў у лясных жыхароў.
Вось на густой елцы чарнее нейкі шар. А над ім, у прасвеце хвоі, яркая зорка трымціць. Цёмны шар – жытло вавёркі. Звярок любіць цяпло. Каб нам удалося апусціць туды тэрмометр, ён бы паказаў 18-20 градусаў вышэй нуля.
На суседнім дрэве гняздо каралькоў. Калі вавёрка вялікая пястуха, то малечы каралькі, наадварот, птушкі загартаваныя, вынослівыя. Нават у самыя траскучыя студзеньскія маразы яны начуюць на адкрытым паветры.
У дуплах і шчылінах дрэў спяць дзятлы, попаўзні, сініцы.
У цёплых гнёздах, засланых мяккім пухам, начуюць чорныя крумкачы. Гнёзды гэтых асцярожных і разумных птушак знаходзяцца ў глухіх маладаступных кутках лесу, на вершалінах высокіх гладкастволых дрэў. Засыпае снег чорнае пер’е птушак. Але крумкачам у гняздзе цёпла і ўтульна.
Пад пышнай елачкай альбо ў размаляваным шэранем кустоў вярбы знаходзяцца дамочкі зайцоў – беляка і шарака. Зайцы спяць днём. А ноччу ў іх клопатаў па самыя вушы. Носяцца касавокія ўсю ноч па палях і лясах, адшукваючы сабе такую-сякую ежу.
Як і зайцы, не спяць ноччу ваўкі, ласі, казулі, дзікі.
Але зручней за ўсіх на ноч уладкаваліся цецерукі з курапаткамі. Яшчэ вечарам яны закапаліся ў пульхны снег, вытапталі там пячуркі і спакойна спяць, быццам у мяккіх пярынах. Цёпла і бяспечна птушкам у снезе. Ні драпежная сава, ні злосная куніца не схопіць – цішыня і раскоша.
Спяць спакойным сном лясныя насельнікі. Але спяць чуйна. Варта толькі дзе трэснуць ад моцнага марозу дрэву, зарыпець пад асцярожнай нагой снегу альбо зашоргаць па кары чыімсьці кіпцюрам, як усе адразу ж насцярожацца, гатовыя ў любую хвіліну пакінуць свой наседжаны дамок.
Але ў зімовым лесе ціха і маўкліва. Пажадаем жа лясным жыхарам добрай ночы.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка