Золкая зямля трывала скавана асеннімі замаразкамі. Каб паставіць на полі цецеручыныя чучалы, даводзіцца з дому браць малаток і долата, з дапамогай якіх потым умацуеш іх у мёрзлай зямлі.
Дый вопратка ў паляўнічага далёка не асенняя – цёплы аўчыны кажушок, валёнкі, футравая шапка-вушанка, рукавіцы.
Ранкам я расставіў на азімым полі каля ляска цецеручыныя чучалы, забраўся ў сцірту духмянай саломы, што стаяла непадалёк, і вырашыў паснедаць, пакуль цецерукі яшчэ не вылецелі з балота на поле.
Толькі адкрыў тэрмас з гарачым чаем, гляджу: дзікая гусь каля чучалаў апусцілася. Выцягнула доўгую шыю і насцярожана на падманных птушак утаропілася.
Да чучалаў восенню ахвотна падсаджваюцца розныя пералётныя птушкі. Часцей за ўсё гэта шпакі, дразды, галубы, берасцянкі. Але каб гусь села, – гэткага яшчэ не даводзілася бачыць.
Дзікая птушка амаль такая ж, як і хатняя, толькі трохі цямнейшая ды худзейшая.
Здаўна на Беларусі дзікіх гусей каралеўскай дзічынай лічуць. I далёка не кожны паляўнічы меў шчасце падвесіць да ягдташа такі дарагі трафей. Таму, прынесці дамоў дзікую гусь – вялікая спакуса.
I ўсё ж я не ўзяўся за стрэльбу. Чаму, спытаецеся? Дзікія гусі – птушкі чародныя. Наўрад ці каму даводзілася бачыць гусь адну. Ці то восенню, калі гусі, журботна гагочучы, адлятаюць у вырай, ці то вясною, калі яны, расцягнуўшыся шнурком у блакітным небе, зноў вяртаюцца ў родныя мясціны, птушкі гэтыя заўсёды чарадою. А калі гусь адзінокая, – гэта ўжо няшчасце, відаць, такое ж, якое бывае з чалавекам, які адаб’ецца ад сяброў.
Як жа на няшчасці, хай сабе на птушыным, рукі грэць?
Птушка, мабыць, заўважыла падман, ірванулася ў шэрае асенняе неба і, спалохана гагочучы, знікла з вачэй.
Аднекуль з вышыні паволі мне над ногі апусцілася шэрае пёрка. Я паклаў яго ў ягдташ – на памяць.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка