Нішто так не бударажыць чалавечую душу, як вясна. Кожны чалавек, не зважаючы на гады, хоча як мага бліжэй быць да вясны. Дарослыя і моладзь ідуць у поле, у лес, да ракі. Старым здаецца, быццам самае надзейнае месца для сустрэчы з вясной – цёплая прызба каля хаты. Дзятва ж тая, не ведаючы стомы, бегае за гаваркімі ручаямі, ганяецца па чорных праталінах за першымі стракатымі матылькамі, лезе на дрэвы і стрэхі паветак і пунь.
На ўзлессі невялічкі раўчук, які летам зарастае сакавітай лугавой травой. Нібы астравок ляжыць у раўчуку ўмерзлае ў лёд галлё. Гэта маё ўлюбёнае месца сустрэч з вясной. Узбярэшся на яго, быццам на тую мяккую пярыну, закладзеш рукі за галаву – і паплыў на хвалях вясны.
Унізе гулка пабульквае імклівая перхаводка. А ўверсе, быццам казачныя белыя лебедзі, па блакітным небе паволі праплываюць лёгкія кучавыя воблакі. А дзесьці там, аж пад самымі гэтымі аблокамі, нязмоўклымі званочкамі звіняць жаваранкі. Іх столькі цяпер у небе спявае, што веснавое паветра аж дрыжыць ад птушыных галасоў.
На адталым беразе, пагойдваючы доўгімі хвастамі, жвава бегаюць белабокія пліскі. Весела папіскваюць, корпаючыся ля дупла ў старой алешыне над раўчуком, блакітныя попаўзні. Нагрэтае на сонцы галлё прыемна пахне салодкім бярозавікам і яшчэ нечым, такім дарагім і шчымлівым.
Угледзішся ўважліва ў аблокі і раптам здасца, што яны стаяць на месцы, а ты без ветразя і вёслаў плывеш і плывеш у караблі вясны па сіне-блакітным акіяне нябёс...
Хораша!
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка