Дзе б я ні быў – у лесе, у полі альбо на беразе ракі, – ніколі не прапушчу без увагі ніводнай сустрэтай мной птушкі. Гэта ў звычку ўжо ўвайшло.
Неяк поўднем ішоў я светлым узлессем. Крочыў не спяшаючыся ды па баках пазіраў. Глядзеў, дзе якая новая кветка распусцілася альбо цікавая раслінка на свет з’явілася. Дыхаў лясным паветрам, настоеным тонкім водарам духмяных ландышаў і фіялак.
Нечакана каля самай сцежкі ў зялёным кусце вярбоўніку валасянка-чорнагалоўка заспявала.
Валасянкі – мае любімыя птушкі. Іх цудоўную песню я цаню вышэй за салаўіную.
Дай, думаю, паназіраю, як гэта птушцы ўдаецца спяваць, што песню яе чуваць то блізка, то раптам далёка-далёка.
Падыходжу асцярожна да куста. Зірк – а на галінцы замест чорнагалоўкі саракуш-жулан сядзіць. I так гэты птах старанна песеньку валасянкі выводзіць, аж вочы прыплюшчыў.
Я вельмі здзівіўся. Цвёрда быў упэўнены, што спявае валасянка-чорнагалоўка.
А тут раптам саракуш. Як скажуць: Саўка, ды не ў тых санках.
Надоўга ўрэзаўся мне ў памяць гэты выпадак у лесе. Як пазней я даведаўся, саракушы-жуланы вялікія мастакі падрабляцца пад іншых птушак. Яны здольны не толькі песню валасянкі перадаць, але і шмат якіх іншых птушак. I што вельмі цікава, робяць яны гэта не дзеля забавы, а з карысцю для сябе.
Саракуш-жулан – маленькі драпежнік. Наўкол свайго гнязда ён разбурае ўсе гнёзды дробных птушак, раздзёўбвае іх яйкі і з’ядае птушанят. Часам саракуш палюе і на дарослых птушак. А робіць ён гэта вось як. Сядзе каля разбуранага толькі што гнязда аўсянкі альбо берасцянкі і давай іх голасам спяваць. На яго песню спяшаюцца з’явіцца гаспадары, якія адлучыліся па справах ад гнязда. Тут яны і трапляюць у кіпцюры каварнага спевака.
Выходзіць, не ўсе песні ў лесе ад душы спяваюцца.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік