Гэты час, бадай, самы цудоўны. Дрэвы і хмызнякі ў свежай зеляніне. Пазней лістота на іх паблякне, агрубее. Зараз жа, у пачатку лета, усё маладое, пышнае і зялёнае. Доўгія чэрвеньскія дні звычайна стаяць пагодлівыя, цёплыя. Кароткія ж ночы – ціхія, мяккія.
У час калашэння жыта летняе паветра густа настоена прахалодай жытнёвых палёў і водарам квітнеючых красак, да якіх яшчэ не дакранулася каса.
Надвячоркамі каля раўчукоў і рачулак сыплюць трэлі галасістыя салаўі. А ў лясах і пералесках спяваюць берасцянкі, валасянкі, пеначкі, сініцы.
Кукуе зязюля. Яе задуменную гучную песню можна пачуць і ранкам, і днём, і надвячоркам. А то часам нават і ў начным змроку, калі зямля засне першым моцным салодкім сном. Але не доўгі яе гэты спеў. Хутка шэрая пяюха «падавіцца каласком» і змоўкне аж да наступнай вясны.
Калі ідзеш узмежкам жытнёвага поля, што падступае да лесу, альбо прасёлачнай дарогай, часам прырода можа нечаканы сюрпрыз паднесці. Зірнеш убок, а паўз сцежкі ў траве маладзенькія баравічкі стаяць. Ды ўсе такія крамяныя, каласавікамі іх, гэтыя першыя грыбы, у народзе называюць. Жыццё іх нядоўгае – пакрасуюцца з тыдзень-паўтара і знікнуць. I падняць гэтыя жаданыя дарункі чырвонага лета – вялікая радасць для грыбніка.
Жыта каласіцца – каліна маладзіцца, драч з перапёлкай весяліцца, каса вастрыцца.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе