Снег растаў, але зеляніны і кветак яшчэ няма ў веснавым лесе. Наўкол чорна і аднастайна – чорная зямля, чорныя дрэвы і пні.
Здаецца, каб дзе якую кветку ў гэтай чарнаце ўбачыў, заспяваў бы ад радасці.
Неяк у мяне з кішэні выпала маленькая стужачка чырвонага паркалю. Лёгкі шматок падхапіла ветрам і закінула на куст арэшніку.
Першымі яе заўважылі матылькі-лімонніцы. Яны раз-пораз падляталі да чырвонай стужачкі і доўга трымцелі над ёю жоўтымі крыльцамі.
Услед за матылькамі стракатай стужачкай прыгажуня берасцянка зацікавілася. Яна села на галінку, зірнула на стужачку, весела ціўкнула і знікла ў галінках.
Шэры дрозд разглядаў стужачку доўга і заклапочана. А перад адлётам нават адважыўся яе асцярожна дзюбкай пакратаць.
А рыжая вавёрка спрытна прабегла па гнуткай галінцы маладой асінкі, схапіла чырвоную стужачку і панесла яе на старую хвою ў свой дамок.
Што і казаць. Каб не вавёрка, то, відаць, усе лясныя насельнікі пабывалі б на гэтай веснавой палянцы.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік