Бадай, няма больш прыемнага занятку, чым збіраць грыбы. Але, на жаль, грыбны час занадта кароткі.
Я часта задумваўся над тым, як бы падоўжыць гэтыя шчаслівыя для грыбніка дні.
Неяк мінулай вясною я звярнуў увагу на веснавыя грыбы. Яны былі бравыя і вясёлыя. На цёмных шапачках ляжала сухая ігліца і бурае леташняе лісце. А каля аднаго грыбка нават пышны кусцік квітнеючага сунічніка зелянее.
Чым жа гэта не грыбы?
Я зняў капялюш і тут жа нарэзаў у яго веснавых грыбоў.
Падсмажаныя на сале і прыпраўленыя смятанай, яны былі ніколькі не горшыя за іншыя, нават смачнейшыя.
Цяпер я блукаю з кошыкам па лесе не толькі летам, але і вясною. А ўжо аб прывабнасці веснавога лесу шмат гаварыць не даводзіцца. Залітыя майскім сонцам палянкі і сцяжынкі востра пахнуць духмяным ландышам і квітнеючай чаромхаю, маладым лісцем і медуніцай. У галінах ізумрудных дрэў весела свішчуць галасістыя берасцянкі, гучна кукуюць зязюлі.
Дык навошта ж дарэмна час губляць? Хуценька, сябры, бярыце кошыкі ды спяшайцеся ў лес па веснавыя грыбы.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам