Я сяджу з вудачкамі на беразе ракі.
Над спакойнай роўняддзю бірузовай вады гулліва носяцца ластаўкі-беражанкі. Яны пралятаюць над самымі вудачкамі, амаль дакранаючыся да іх попельнымі крыльцамі.
Шмат ластавак сабралася на закаце дня. Перш чым ляцець на ноч у густы лазняк за ракой, яны яшчэ доўга купаюцца ў пасвяжэлым паветры, напаўняючы наваколле мяккім шчабятаннем.
Гэта быў цудоўны надвячорак. Усё жывое на рацэ радавалася яго спакою і цеплыні. У хмызняку за ракой нязмоўкла трашчалі чарацянкі-цвыркуны, чокалі лугавыя чэканы, у атаве заўзята крычала перапёлка: піць-палоць, піць-палоць. Час ад часу на паверхні вады ўтвараліся вялікія і малыя кругі – гуляла рыба.
Нават чапля – гэтакая нязграбная і панурая птушка – і тая, узняўшыся на галавакружную вышыню, пачала там весела куляцца.
Здараецца іншы раз, што курыца раптам возьме ды і заспявае пеўнем. Такую курыцу абавязкова чамусьці рэжуць. Калі чалавек робіць што-небудзь такое надта нязвыклае для ўсіх, яго папярэджваюць: «Глядзі, наспяваеш на сваю галаву, як тая курыца». Маўляў, наклікаеш на сябе бяду.
Нешта падобнае здарылася і з чапляй. Раптам з-за вялікага дуба, што стаяў па той бок ракі, вынырнуў сокал-сапсан.
Гэты люты драпежнік звычайна забівае сваю ахвяру на ляту і нясе ў гняздо. Калі ж ахвяра дакранулася зямлі альбо вады, сокал ніколі не падніме яе.
Убачыўшы грознага драпежніка, чапля разгублена замітусілася.
Сокал з хуткасцю маланкі прамільгнуў каля яе, і з беднай птушкі, нібы з той распоранай падушкі, паляцела ўніз пер’е.
Чапля, сударгава ўзмахнуўшы крыламі, пачала падаць уніз, да вады. Сокал развярнуўся, яшчэ раз праляцеў каля птушкі, але браць яе чамусьці, не стаў, адляцеў убок.
Я пачаў таропка распранацца, каб дапамагчы бедалазе. Але птушка разы са два вынырнула на паверхню вады і назаўсёды знікла ў бездані Бярэзіны.
I жнівеньскі надвячорак неяк разам пабляк, згубіўшы сваю ранейшую прывабнасць і хараство.
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вясна ідзе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Грыбнік
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Дупляначка
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка