Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алешына

   Наўрад каб хто калі алешынай захапляўся. Вось беластволая прыгажуня бярозка альбо асінка, ці там клён з дубам, – гэтыя дрэвы каго толькі не зачароўвалі. Ці то вясною, калі дрэўцы толькі накінуць на сябе першую пяшчотную маладую лістоту, ці то восенню, калі яны расфарбуюцца адно прыгажэй за другое, чалавек знаходзіць у іх паэзію і прыгажосць. А вось да алешыны ў любую пару года душа чамусьці застаецца абыякавай.
   I сапраўды, што ў ёй цікавага? Аднастайны невысокі хмызняк, не болей. Высокае ж дрэва – з’ява досыць рэдкая. А калі і сустрэнеш, дык хіба толькі дзе ў якой глухамані альбо ў запаведных мясцінах. Ні вясною, ні летам няма ў алешыне нічога такога своеасаблівага, што б магло прыцягнуць да сябе ўвагу чалавека, зачараваць яго позірк. Нават восенню, калі амаль уся расліннасць перад зімовым сном прыбіраецца ў самае дарагое адзенне, алешына па-ранейшаму застаецца зялёнай.
   I ўсё ж яна заслугоўвае ўвагі. Алешына – верны прадказальнік вады. Яна ніколі не вырасце на сухадоле. Абавязкова паблізу павінен быць які гаваркі раўчучок, гуллівая рачулка, ціхае патаемнае балотца альбо вірлівая крынічка. Нават калі гэта будзе якая непрыкметная тарфяная калдобінка з рыжай, нібы той чай, вадою, то і тут яна смела раскіне над ёй, утвараючы мяккі пень, сваё зялёнае голле.
   А дзе вада ды алешына, там абавязкова і салавей. Ніколі гэты цудоўны птах не заспявае ні на хвойцы, ні на бярозцы альбо дубку. Яму падавай менавіта шэрую алешыну з лазою, ды хіба яшчэ чаромху з калінай. А дзе салавей ды алешына, там залацістыя кветкі лотаці, блакітныя зорачкі незабудак, духмяная купеня з лапушыстым капытнікам.
   Усё гэта – алешына, салавей, кветкі – адзін суцэльны ланцуг прыроды. Выкінь адно звяно – і ўсё распадзецца, знікне непаўторная прыгажосць.
   Вельмі ўстойлівая алешына да халадоў. Здараецца страчаць змёрзлымі розныя дрэвы. А вось перад непрыкметнай алешынай нават усемагутны Дзед Мароз сваю сабаліную шапку здымае.
 

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Дупляначка

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вясна ідзе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам