Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Беларусь на крыжы

А стараліся дружна і свой і чужы
На здранцвелым, на востракутым
Небу роўную маці распяць на крыжы
I аддаць Беларусь пакутам.
 
У старэйшых хацелі хадзіць браты,
Выракаліся быць крывічамі.
I суседзі сціскалі ў злосці раты,
Усміхаліся толькі мячамі.
 
Войны ўсе, бойні ўсе, зрухі ўсе
Беларусь аддавалі катам.
Зноў касе зіхцець у крывавай расе.
Адкляпаў яе ўвішны атам.
 
Сваякі сатаны гандлявалі душой,
Беларусь распіналі вякамі,
Прабівалі далоні, што пахлі дзяжой,
Не цвікамі,
А мерцвякамі.
 
Усявышні,
Хоць крошак зор накрышы,
Разгавей беларусу вячэру.
Згінь, крумкач, не кружы,
Беларусь на крыжы
Уваскрэсне ў пакутах за веру.
 
Як не выдасць Бог,
Не з’ядуць вепрукі.
Толькі вернік надзеяй дужы.
 
Крошкі зор збяруць у Бога з рукі
Выраі –
Беларусаў душы.
 
Як там ні варажы,
Што там ні кажы,
Паздзіралі з храмаў крыжы
Вылучэнцы, выжлы, віжы.
I самой апраметнай заложнікі,
Цвеляць д’ябла сп’яна бязбожнікі:
I вяселле ў нас,
I ігрышча ў нас,
Хаваемся мы ў салому,
Няхай ішчуць нас.
 
I ў саломе, як зерне,
Знойдуць іх,
Бог сваіх,
Чорт сваіх...

 

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях - Чытаць кнігу

Сучасная літаратура БеларусіСучасная паэзія Беларусі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная проза Беларусі

Сучасная літаратура БеларусіСучасная літаратура Беларусі

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях