Навошта ты прысніўся, Глебка, мне,
Не то ў зары, не то ў сцягах чырвоных?
Жылі з табой мы на зямлі чароўнай,
І ты раптоўна знік, нібыта ў сне...
Прамоўца і застольны чараўнік,
У снежаньскай маўклівасці ты знік.
І мне зіму страчаць усё цяжэй,
Гадзіннікі ўсе цікаюць цішэй –
Тут не памогуць лекі і замовы.
Відаць, і я памру у час зімовы.
І падыбае мала хто за мною,
За жалкай абалонкаю зямною.
Навошта ім дыбаць, трэ пра жывое дбаць,
І раны ў кожнага свае, і ўсе баляць,
Адным гарэць, а іншым дагараць,
Адным рабіць, астатнім – зарабляць...
І дзе мяжа паміж «было» і «ёсць»,
І дзе ты – гаспадар, а дзе ты – госць?
Успомніце, таварышы-сябры,
Нікога не штурхаў я пад абрыў,
Не мыліў шыю і галоў не брыў,
Ганебныя даносы не кляпаў,
Магілы я нікому не капаў
І з неба вашых зорак не хапаў.
Бываў часамі рэзкі, часам грубы.
Смылелі, як абвугленыя, губы,
Калі я ў некім бачыў подлы фальш,
А чмут віно каўтаў ды налягаў на фарш.
Як шчыра хлусіць, аж перажагнецца!
Глядзіш – ізноў уверх махляр праб'ецца.
Калісьці Гоя маляваў ляніўцаў.
Яму я не раўня.
А пра зласліўцаў
І плеткароў не хочацца пісаць:
Ім сняцца грошы, пышната пасад.
Ліслівыя смаўжы, яны бываюць лютымі,
Задушаць ці апырскаюць атрутаю.
І так да скону муцяць, круцяць-верцяць...
Пра што цяпер ім марыць?
Пра бяссмерце.
Гатовыя на ўсё: шумець высокім клёнам
Ці дубам векавечным і зялёным.
Не выйдзе клёнам – выб'юцца травой
Ці помнікам –
Табе, нашчадак мой,
Ківаць пачнуць глінянай галавой.
1972
Похожие статьи:
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Элегія
Э → Элегія
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Элегія
Максім Танк → Максім Танк - Ой, не гніце, ветры
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Не кувай ты, шэрая зязюля...