Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пятрусь Броўка - Спатканне

Мне ўсё дорага тут,
Люба, родна, прыгожа –
Гэта поле ў душы,
Гэта неба ў вачах,
І лясы, і кусты,
І трысцё па-над Сожам,
І ў пажарах бяроз
Лістападаўскі шлях.
 
Як спяшаў я да вас,
Засмучоныя хаты,
Здратаваныя нівы,
Лугі-мурагі!..
Я вярнуўся да вас
Цвёрдым крокам салдата,
Хоць нямала пранёс
За дарогу тугі.
 
Хіба мог я калі
Хоць на момант забыцца?
Вамі жыў я
І ў сэрцы хацеў зберагчы.
Мне званілі штодня
З-пад Ушачы крыніцы,
Хвалі Нёмна будзілі
Не раз уначы.
 
Я ўставаў
І ішоў па ваеннай дарозе.
Верыў – дома мне быць,
Дабрыду, дажыву...
Хмары слёзы насілі
З Дняпра і Бярозы
І, як срэбрам,
Абсыпалі мне галаву.
 
Я спаткаўся з зямлёй,
З другам, братам, сястрою...
Што мне скажаце вы?
Што мне вам расказаць?
Гляньце ў сэрца маё,–
Я прынёс яго з бою,
На агні яго можна
Мячы гартаваць.
 
Гляньце, вочы мае
Ў сінім полымі болю,–
Не кажыце вы мне
Пра пакуты і жах,
Не кажыце пра гора,
Бо гора даволі,
Больш чым кладзі салдацкай,
Нясу на плячах.
 
Вось за крыўду і боль
І адпомсціць я мушу.
Гляньце – сёння ў грудзях
Толькі помста адна!
За сябе і за вас,
І за гэтую грушу,
Што з абвугленым голлем
Стаіць ля акна.
 
Мне ўсё дорага тут –
І ў прысадах дарога,
І задумлівы гай
Над высокай гарой...
Я пайду, кліча Буг!
Знаю я, перамога
Над усёю краінаю
Ўстане зарой.

 

Аналіз верша.
   Верш Петруся Броўкі «Спатканне» напісаны ў 1943-м – у самы цяжкі, пераломны ваенны год. Яго можна назваць салдацкай біяграфіяй – ён прысвечаны тэме Радзімы і ўяўляе сабой маналог воіна, які праз пакуты ішоў да родных мясцін, дзе «ўсё дорага тут, // Люба, родна, прыгожа…». Звыклыя і дарагія сэрцу краявіды – поле, неба, «і лясы, і кусты» заўсёды жылі «ў душы» і «ў вачах» лірычнага героя і надавалі моцы ў самыя цяжкія моманты ваеннага ліхалецця: «Хіба мог я калі // Хоць на момант забыцца? // Вамі жыў я // І ў сэрцы хацеў зберагчы. // Мне званілі штодня // З-пад Ушачы крыніцы, // Хвалі Нёмна будзілі // Не раз уначы».
   За плячыма салдата «больш чым кладзі салдацкай… нямала… тугі»: цяжкія ваенныя дарогі, гора, пакуты і жах, смерць сяброў. Усё гэта адбілася на яго знешнасці: выпрабаванні «як срэбрам, // Абсыпалі мне галаву…». Але, нягледзячы ні на што, у героя была адна мэта – вярнуцца ў родны край: «Я ўставаў // І ішоў па ваеннай дарозе. // Верыў – дома мне быць, // Дабрыду, дажыву...» З баямі ён дайшоў да бацькоўскай зямлі, знаёмых з дзяцінства мясцін, якія з цяжкасцю пазнаў: там, дзе некалі кіпела жыццё, салдат убачыў сляды вайны. Гэта перажыванне паэт перадаў з дапамогай эпітэтаў, малюючы «засмучаныя хаты» і «здратаваныя нівы». Сэрца воіна сціснулася ад болю, запалала агнём помсты: «Гляньце ў сэрца маё, – // Я прынёс яго з бою, // На агні яго можна // Мячы гартаваць ». Верыцца, што не супакоіцца воін, пакуль не дачакаецца канчатковай перамогі над ворагам, бо гэта яго святы абавязак перад народам і Айчынай – адпомсціць «за крыўду і боль», «За сябе і за вас, // І за гэтую грушу, // Што з абвугленым голлем // Стаіць ля акна».
   Салдат збіраецца ў дарогу, яго «кліча Буг», але ён верыць у шчаслівае вяртанне, калі «перамога // над усёю краінаю // Ўстане зарой» і зноў, як і раней, зазвоняць «з-пад Ушачы крыніцы», будзе шапацець «трысцё па-ад Сожам» і гарэць «у пажарах бяроз лістападаўскі шлях».

 

Похожие статьи:

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Кропля

Якуб КоласЯкуб Колас - Страшнае спатканне

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")

Іван МележІван Мележ - Спатканне за горадам

Пятрусь БроўкаМатывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі