Як выйдзе з-пад снегу вясною зямля
I, прагнучы зерня, пакліча ралля, –
Тады маё свята!
Калі я пабачу шырокі прасцяг,
Што зерне гадуе, як маці дзіця, –
Тады маё свята!
Як выпархне колас і стане цяжэй,
Нахіліцца долу ніжэй і ніжэй, –
Тады маё свята!
Калі сухавей панаробіць бяды,
А выпадзе дождж, удалы, малады, –
Тады маё свята!
Калі раніцой за шырокім акном
Пабачу ўвесь сад, што зальецца святлом, –
Тады маё свята!
Калі пасля працы руплівай, цяжкой
За стол пасядаем вячэраць сям’ёй, –
Тады маё свята!
Калі ж завітае жаданы нам госць,
Як кажуць, і хлеб і да хлеба ўсё ёсць, –
Тады маё свята!
А сцягі, якія праз плошчы плывуць,
Яны ў маім сэрцы і ў будзень цвітуць –
Заўсёды, што ў свята!
Похожие статьи:
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Свята настаўніцы
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Цудоўныя святы
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ёлка
Юрась Свірка → Юрась Свірка - Свята
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Сакавік