Ён многіх абхлусіў не раз,
Людзей да сваркі зводзячы,
Глядзіце, ходзіць звадыяш,
Сваю лухту гародзячы.
Другіх памыямі абліць
Яму так люба-дорага,
Не можа ён і дня пражыць,
Каб не счарніць каторага.
Брыдкі ён, ліпкі, як смаўжы,
Дык скажам мы заганнаму: –
Ану, прыйдзі і пакажы
Душу тваю паганую.
I дапамогі не заві,
Кінь справу звадыяшную,
Ці, як усе, як след жыві,
Ці прэч з дарогі нашае.
Бо новы чалавек прыйшоў,
Яго шляхі праменныя,
А ты – яшчэ ад тых часоў,
Ад свету несумленнага.
Пакінь брыдоту, не муці,
Змяні натуру звадную,
Як хочаш разам ты ісці,
Раўняйся па-сапраўднаму!
Похожие статьи:
Пятрусь Броўка → Пятрусь Броўка - Кропля
Пятрусь Броўка → Пятрусь Броўка - Кастусь Каліноўскі
Пятрусь Броўка → Пятрусь Броўка - Зямля Беларусі (Урывак з паэмы "Беларусь")
Пятрусь Броўка → Матывы і вобразы лірыкі Петруся Броўкі
Пятрусь Броўка → Творчасць Петруся Броўкі