Як выходзіла з двара
У дарогу дзетвара –
Брала яна рэчы,
Клала іх за плечы:
Грышка ўзяў палатку,
Цішка – коўдраў скатку,
Стась – тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.
Толькі выйшлі за сяло,
Цішку муліць пачало.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Памажы, брат, крышку!
Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
Стась – тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.
I гадзіну не ішлі –
Стася колікі ўзялі.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Памажы, брат, крышку!
Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
Харч і посуд – Лёўка,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.
Як мінулі вёрстаў пяць,
Стала сонца прыпякаць.
Просіць Лёўка Грышку:
– Памажы, брат, крышку!
Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
I ўвесь клунак Лёўкаў,
А сачкі з бляшанкай –
Акцябронак Янка.
За гарой, дзе бор драмаў,
Раптам Янка закульгаў.
Стаў прасіць ён Грышку:
– Паднясі, брат, крышку!
Цягне Грышка скатку,
Скатку і палатку,
I тапор з рыдлёўкай,
I ўвесь клунак Лёўкаў,
I сачкі, й бляшанку,
I… самога Янку!
1962 г.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сябры
Пераказы, дыктанты → Самыя блізкія сябры
Пераказы, дыктанты → Сяброўства (Паводле Я. Маўра)
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Гора
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Дружбакі