Увага!!! Поўны змест
Мае аднагодкі належаць да пакалення, чыё дзяцінства пазначана ваеннай і пасляваеннай парой. Незабыўная і па-свойму шчаслівая пара, нягледзячы на тое, што яна помніць жахі вайны, ведае смерць блізкіх, ведае, што такое голад і нястачы, ведае сіроцтва, але яно і шчаслівае веданнем высокай цаны самога жыцця, шчодрасці чалавечага сэрца, веданнем таго, што побыт, самы просты і бедны, не ганьбіць чалавека, а, як ні дзіўна, часта ўзвышае яго, адкрывае ў ім «душы залатыя россыпы» – мужнасць, самаахвярнасць, прыгажосць учынку, спагадлівасць, дабрыню, адчуванне знітаванасці і еднасці з другімі людзьмі.
Што мы помнім? Смак «ташноцікаў» з гнілой, перамерзлай бульбы, праснак з той жа бульбы і ячменных шароек, посную зацірку. Але мы помнім, і як прыходзілі ў хату партызаны, пакідаючы такую дарагую на той час газету ці лістоўку. Па іх мы вучыліся чытаць.
На тых газетах ды лістоўках выводзілі мы потым свае першыя літары – чарнілам з конскага шчаўя, са шкарлупак лясных арэхаў, з ліста ягады талакнянкі. У кожным партызане нам хацелася бачыць свайго бацьку, як пасля і ў кожным воіне-вызваліцелі, што частаваў нас абедам з салдацкага кацялка, – нічога смачнейшага за ўсё сваё пасляваеннае жыццё ніхто з нас, дальбог, не еў!
Не скора, не адразу абазваўся ў нашай творчасці той ваенны і пасляваенны вопыт. Усведамленне важнасці яго расло разам з намі, з чалавечым і грамадзянскім пасталеннем. Так было з усімі пісьменнікамі майго пакалення. Ужо дарослымі мы па-сапраўднаму адчулі сябе дзецьмі вайны. I тады напісалася апавяданне «На чацвёртым годзе вайны», аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь». Там – уражанні ваеннага дзяцінства, першапачатковы, можа, самы галоўны жыццёвы вопыт. Эмацыянальны вопыт майго пакалення і пакалення, якое не ведала вайны, паяднаўся. Паяднаўся на разуменні той цаны, якую заплацілі мы за мір, засталася Памяць – у майго пакалення біяграфічная, у новага – гістарычная. Памяць з вялікай літары.
1984
Похожие статьи:
Міхась Стральцоў → Творчасць Міхася Стральцова
Міхась Стральцоў → Міхась Стральцоў - Адзін лапаць, адзін чунь
Міхась Стральцоў → Міхась Стральцоў - Сена на асфальце
Міхась Стральцоў → Міхась Стральцоў - На чацвёртым годзе вайны
Биографии → Міхась Стральцоў