Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая. Аналіз апавядання
У апавяданні "Кветка пажоўклая" пісьменнік адлюстраваў трагедыю Марыны Гарновай, спрытнай чэкісткі "з пільным вокам і сталёвай цвёрдасцю", якая тым не менш скончыла жыццё самагубствам. У пачатку рамантычны арэол акружае дзейнасць Гарновай, дачкі памешчыка з Віленшчыны, якая рана далучылася да бальшавікоў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Марына ўцякла з дому з чырвонаармейскім атрадам, адчуваючы вялікі душэўны ўздым. "І як лёгка, добра было тады", — гаворыць яна пра тыя часы свайму каханаму Алесю Булановічу. Каханне дае надзею Гарновай пераадолець дэпрэсію, але яно не можа перамагчы "балючай журбы" ў яе душы, прадухіліць трагічны канец расчараванай, зламанай жанчыны, якая "страціла свой запал, энергію" і выглядае ўжо "кветкай пажоўклай".
Як і Шумаву ў апавяданні "Дзіўная", Марыну Гарнову зламала грубае парушэнне ёю агульначалавечай маралі, нормы якой Марына бяздумна пераступіла ў сваёй партыйнай зацятасці. Ідэалагічныя ўстаноўкі таго часу ў справе класавага змагання не дазвалялі лічыцца са сваяцкімі пачуццямі. І Марына, выконваючы свой бальшавіцкі абавязак, асуджае на смерць роднага брата, хоць магла выратаваць яго. "Ён прыйшоў да мяне шукаць абароны, ён спадзяваўся, што я, як сястра, выратую яго. Ах, як прасіў ён мяне, каб я пасобіла яму ўцячы за мяжу, як ён кляўся, прысягаў, што не будзе больш весці сваю контррэвалюцыйную працу. Бедны, ён так спалохаўся небяспекі, што думаў толькі аб тым, каб выратаваць сабе жыццё. Мо, каб хто чужы так прасіў, я б не ўстрывала, дала яму ратунак. Але гэта быў брат, а ў той час нікога я не лічыла такімі ворагамі, як сваю радню...
Яго расстралялі. Так. Я сама падпісала смяротны прыгавор", — з болем і скрухай прыгадвае гераіня. Але ці можа чалавек нармальна жыць пасля такога ўчынку? Кроў брата і іншых ахвяр, расчараванне рэчаіснасцю, якая ўсталявалася ў краіне пасля перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне, паступова прымушаюць Марыну жахнуцца здзейсненага і самой асудзіць сябе на смерць.
Вобраз Марыны Гарновай у нейкай ступені праграмны ў творчасці Міхася Зарэцкага. Ён — апазіцыя беспрынцыпнасці і бездухоўнасці адлюстраванага пісьменнікам грамадства. Гэты вобраз рамантычны і адначасова рэалістычна трагічны па гучанні: адзінокая, падманутая ў марах і спадзяваннях гераіня гіне, адстойваючы сваю чалавечую годнасць. У характары Марыны Гарновай ярка ўвасобілася мінулае, "былое", тая каштоўнасная маральная аснова чалавечага грамадства, носьбітам якой традыцыйна выступала жанчына. Трагічны фінал "Кветкі пажоўклай", як і іншых апавяданняў Міхася Зарэцкага, сведчыць пра яго дасканалае спасціжэнне тагачаснай беларускай рэчаіснасці, пра яго глыбокае веданне душы чалавечай. Пісьменнік даводзіць: людская душа, мараль і этыка грамадства — з'явы настолькі складаныя і тонкія, што любы эксперымент у гэтай сферы абсурдны і вядзе да гібелі.
Міхась Зарэцкі быў прыхільнікам рамантычнага стылю, які ён называў "эмацыянальным рамантызмам". Але ў 30-я гады рамантызм лічыўся праявай буржуазнасці. Таму Міхась Зарэцкі імкнуўся да больш стрыманай, рэалістычна арыентаванай манеры пісьма. І ўсё ж прырода яго таленту бунтавала супраць гвалту над сабой, рамантычная паэтыка вельмі адчувальная ў большасці твораў празаіка. Яе прыметы заўважныя ў персаніфікацыі (ажыўленні) рэчаў, будынкаў, прыродных з'яў, у шматлікіх эмацыянальных паўторах асобных сказаў і нават абзацаў. Багацце і шматстайнасць дэталяў і стылістычных фігур таксама падкрэсліваюць высокую эмацыянальнасць пісьменніцкага стылю. Гэты стыль вызначаецца квяцістасцю, свядомымі перабольшаннямі, энергічнасцю і разам з тым лірычнай пачуццёвасцю. Ночы ў апісаннях Зарэцкага "маланкава-быстрыя", нітка бясконцая, "як жыццёвая нягода", а пусты пакой выглядае "нязграбна даўгім, як труна". Для канонаў рамантычнага стылю характэрныя кантрасты, і Зарэцкі вельмі часта выкарыстоўвае гэты прыём, апісваючы знешнасць героя, яго характар або выбудоўваючы сюжэт. Героі рамантычных твораў увогуле вызначаюцца схільнасцю да крайнасцей. Яны бурна выяўляюць свае пачуцці: і радасць, і слёзы. Гэта можна назіраць і на прыкладзе Марыны Гарновай з апавядання "Кветка пажоўклая" і ў іншых апавяданнях М. Зарэцкага.
Характэрнай асаблівасцю стылю і мовы М. Зарэцкага з'яўляецца тое, што з рамантычнай эмацыянальнасцю і прыўзнятасцю часта суседнічаюць лёгкая ўсмешка, часам іронія, а ў некаторых творах нават сарказм. Мова твораў празаіка вызначаецца вобразнасцю і яркасцю. Ён выдатна адчувае як прамое, так і пераноснае значэнне слова, ужываючы іх заўсёды да месца і ў меру. Менавіта з дапамогай мовы Міхась Зарэцкі выяўляе псіхалогію сваіх герояў, іх рамантычную ўзнёсласць. Лексіка твораў М. Зарэцкага часта паходзіць з народных крыніц, але пад пяром празаіка яна набывае літаратурную завершанасць, не трацячы разам з тым свой спрадвечны каларыт. Менавіта народнае слова дапамагае празаіку выяўляць свой аўтарскі настрой, гумар і іранічную дыстанцыю да той рэчаіснасці, якую ён узнаўляе ў творы.
Звяртаючыся да скарбаў родных яму гаворак Магілёўшчыны, Зарэцкі ўзбагачаў нашу літаратурную мову яркімі фарбамі жывога народнага слова. Вялікая роля пісьменніка і ў развіцці лірычнай, эмацыянальна-рамантычнай стылёвай плыні. Лірыка-рамантычная проза карысталася асаблівай папулярнасцю амаль ва ўсіх маладнякоўцаў, але з цягам часу многія з іх, як, напрыклад, Кузьма Чорны, пераходзілі да рэалістычнага пісьма. Міхась Зарэцкі ж увесь час заставаўся прыхільнікам рамантызму. Яго традыцыі мелі працяг і ў больш позні перыяд развіцця беларускай літаратуры: у творчасці Міхася Лынькова і Янкі Брыля, Міхася Стральцова, Віктара Казько, Віктара Карамазава.
Похожие статьи:
Міхась Зарэцкі → Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гарлачык