Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Матукоўскі - Мудрамер. Аналіз твора

   Як і ў п'есе "Брама неўміручасці", экспазіцыю камедыі складае фантастычнае адкрыццё, з якога вынікае эксперыментальная сітуацыя. Вынаходнік Мурашка сканструяваў прыбор, які вымярае... чалавечую дурноту.
   Нельга сказаць, каб чалавецтва імгненна аддзячыла вынаходніку за гэтакі падарунак. Адкрыццё адразу выклікае насцярожанасць, непрыязь. Яшчэ б! Каму хочацца трапіць у поле яго ўздзеяння ў якасці падвопытнага? Пагатоў, ад узроўню інтэлекту будзе залежаць далейшы лёс чыноўніка.    Таму прыбор вырашылі пераіменаваць - з "дурамера", як прастадушна назваў яго Мурашка, у "мудрамер".
   Акрэсліваецца канфліктная прастора камедыі. Невуцтва процістаіць адукаванасці, дурнота - інтэлекту, бяздарнасць -таленту, творчая ініцыятыва - бюракратычнай коснасці, руціне.
   Супраць вынаходніка-адзіночкі выступае цэлы чыноўніцкі корпус, які, паводле свайго прызначэння, павінен быў бы яму спрыяць, -- група функцыянераў, якую драматург называе "Міністэрствам узгадненняў".
   У пастаноўцы п'есы "Мудрамер" на купалаўскай сцэне, прэм'ера якой адбылася ў 1987 годзе, зададзенасць, дагматызм, уласцівыя бюракратычнай сістэме, падкрэслены праз сцэнаграфію. На сцэне ўзводзіцца адмысловая піраміда, што складаецца з службовых сталоў, за кожным з іх сядзіць функцыянер, перад кожным тэлефонны апарат. І ўсе гэтыя тэлефоны па нейкай камандзе раптам пачынаюць званіць... Сістэма дзейнічае як бяздушны механізм; ёй проціпастаўлена жывая, творчая чалавечая думка, носьбіт якой - Мурашка.
   Функцыянальнасць гэтых персанажаў, іх вузкая спецыялізацыя падкрэсліваецца выбарам прозвішчаў, у якіх даецца маральная ацэнка персанажаў. Прыём, які драматург ужывае амаль у кожным сваім творы, на гэты раз апраўдвае сябе. Чалавек сістэмы, структуры і не абавязаны выяўляць вялікую гаму эмоцый і характэрных рыс.
   Вось чаму Вяршыла, міністр узгадненняў, будзе пераважна "вяршыць", вырашаць, увязваць і утрасаць, што б ні здарылася. Папсуева, намеснік міністра па пярэчаннях, будзе, як ёй належыць паводле прозвішча і пасады, псаваць, пярэчыць, перашкаджаць і забараняць. А Міралюбаў, намеснік па зацвярджэннях, паспрабуе, з пераменным поспехам, шукаць кампрамісы паміж ініцыятывай і дырэктывай, бараніць вынаходніка і ўлагоджваць ваяўнічую Папсуеву. Ён так робіць не дзеля нейкіх вялікіх душэўных ці разумовых якасцей, а таму, што гэтага вымагае яго пасада, яго службовае амплуа.
   Вынаходнік Мурашка - ён і ёсць "мурашка" ў параўнанні з грувасткай, страшлівай па габарытах бюракратычнай машынай. Аўтар прадэманструе яго ціхманасць і нясмеласць. Мурашка ўвогуле не цікавіцца нічым, апроч уласнага вынаходніцтва. Большую частку сцэнічнага часу вынаходнік ціхенька праседзіць у кутку, і застанецца толькі паспачуваць акцёру, які будзе выконваць ролю галоўнага героя і пры гэтым апынецца ў якасці статыста. І калі ў фінале "мудрамер-дурамер" абвесціць яго геніем, гэта зноў будзе выглядаць "сілавым" вырашэннем канфлікту.
   П'еса "Мудрамер" - гэта не камедыя характараў, а камедыя сітуацый. Аўтарам знойдзены добры каталізатар дзеяння - той самы "мудрамер", які ўяўляе сабой крэсла з прымацаванымі да яго датчыкамі і гукавой прыстаўкай. Той, хто сядзе ў крэсла, той сябе і выдасць. Геній пачуе з дынамікаў гукі славутага гімну "Слаўся!", таленавіты чалавек будзе адзначаны арыяй князя Ігара, Homo normalis (чалавек нармальны, з сярэднімі разумовымі здольнасцямі) будзе ўшанаваны танцам маленькіх лебедзяў з балета "Лебядзінае возера". Чалавек нязначнага інтэлекту з непрыемнасцю выслухае цудоўныя гукі "Паланэза" Агінскага, якія будуць азначаць для яго развітанне з начальніцкім крэслам. А разумоваму дэгенерату нябачны аркестр здзекліва зайграе "туш".
   Музычны густ вынаходцы можа падацца спрэчным. Драматург выбраў нядрэнны сцэнічны ход, каб прыцягнуць увагу да крэсла з прымацаваным да яго прыборам. Глядач даволі жвава рэагуе на падзеі, якія адбываюцца вакол "мудрамернага" крэсла. Асабліва эфектнай выглядае сцэна з удзелам яшчэ аднаго вынаходніка-рацыяналізатара Залівакі. Ён дадумаўся прымусіць кур-нясушак класці яйкі па спецыяльнай камандзе па радыё, з тым, каб яны несліся па пяць разоў на суткі. "Мы ж усю краіну закідаем яйкамі!.." - абяцае вынаходнік. Ён спадзяецца выйграць "эканамічнае спаборніцтва з капіталізмам".
   В я р ш ы л а. Вы ўжо правяралі сваю ідэю?
   З а л і в а к а. А як жа? У лабараторных умовах! На адной курыцы! (Бегае па кабінеце.) Прабачце! Забыўся. (Валіцца ў крэсла)
   Вяршыла моўчкі ўзнімаецца.
   В я р ш ы л а. І які вынік?
   З а л і в а к а. Цудоўны! Казачны! Вось акт аб эксперыменце! Вось пратакол і заключэнне вучонага савета! Вось рэзалюцыі сямі міністраў! Пісьмы двух акадэмікаў, якія падтрымліваюць ідэю і гатовы самі прыняць удзел у эксперыменце... Праўда, абодва яны на пенсіі! Але ў прынцыпе гэта не мае значэння.
   В я р ш ы л а (праглядаючы паперы). На што вы хочаце патраціць гэтыя трыццаць мільёнаў?
   З а л і в а к а. Трыццаць - гэта толькі для пачатку! Так сказаць, на нулявы цыкл! Мне патрэбны НДІ куразнаўства, вылічальны цэнтр і свая эксперыментальная база. Як бачыце, прашу мінімум. У маштабах краіны - гэта капейка. Грош! А выйгрыш - трыльёны!
   В я р ш ы л а. Ваша думка, Тамара Цімафееўна?
   П а п с у е в а. Праблема бялка - самая вострая біялагічная праблема ў свеце. І калі б удалося яе вырашыць... Сапраўды Нобелеўскай не шкада.
   В я р ш ы л а. Што скажаце вы, Ягор Фёдаравіч?
   М і р а л ю б а ў (філасофскі). Адной вымовай больш, адной -менш.
   В я р ш ы л а. Нюра! Зялёны!
   Н ю р а. Калі ласка, Віктар Паўлавіч. (Працягвае зялёны аловак.)
   В я р ш ы л а (узняўшы аловак). Значыць, уся краіна адразу?..
   З а л і в а к а. Уся! Куд-куд-куды! Куд-куд-куды! А потым горы яек! Манбланы! Гімалаі!..
   Залівака не паспявае дагаварыць. Аглушальна грыміць туш. Усе аж уздрыгнулі ад нечаканасці. Туш прагрымеў адзін раз, другі, трэці..."
   Гэта сцэна выклікае смех. Глядач смяецца і тады, калі крэсла выконвае "Паланэз" Агінскага для манекеншчыцы, якая ў вопратцы Евы пахаджвае па сцэне, дэманструючы міністру новую ашаламляльную мадэль купальніка, і калі злашчасная Папсуева выслухоўвае "туш", які сведчыць пра яе разумовую абмежаванасць.
   У гэтай сцэне смех выглядае не такім ужо бяскрыўдным і нязмушаным. Бо Папсуева ўпотай адчувае сваю прафесіянальную непрыдатнасць, таму мае інстынктыўную непрыязь да прыбора, які называе то "сепаратарам", то "бязменам", то "кіпяцільнікам". З непрыхаваным сарказмам падаецца яе клопат пра тысячы чыноўнікаў, якія, магчыма, развітаюцца з наседжанымі службовымі крэсламі, калі прыбор выявіць іх сапраўдныя здольнасці.
   Глядач, аднак, добра разумее, што Папсуева клапоціцца галоўным чынам пра сябе. Небяспека страціць працоўнае месца для яе зусім рэальная і блізкая. Бо міністэрства, што ні кажы, усё ж не кухня, а кухарка, калі прыгадаць выказванне класіка марксізму-ленінізму, якая ўдзельнічае ў кіраўніцтве дзяржавай, павінна ўжо і думаць па-дзяржаўнаму. А Папсуева па-ранейшаму мысліць кухоннымі катэгорыямі, што бачна гледачу і без "мудрамера".
   Як і ў п'есе "Брама неўміручасці", у гэтым творы ёсць прадчуванне значнай праблемы, якую паставіць час: атэстацыя дзяржаўных служачых, адэкватнае вызначэнне права на прафесію. З гэтай мэтай распрацоўваюцца адмысловыя тэсты, вылічваецца з дапамогай камп'ютэрнай тэхнікі каэфіцыент разумовых здольнасцей.
   Але тут неабходна заўважыць, што камедыя, нават "высокая", інтэлектуальная, праблемная, - гэта не публіцыстычны артыкул, не даследаванне па сацыялогіі і не навуковы трактат. Калі аўтар прэтэндуе на праблемнасць і глыбіню, яго не задаволіць адна тая акалічнасць, што глядач бесклапотна смяецца.
   Прынамсі, крытыкаў, якія давалі першую ацэнку спектаклю, гэтая акалічнасць не задавальняла. Вось даволі строгае выказванне крытыка У. Мальцава: "Яркі, сакавіта тэатральны "Мудрамер" Міколы Матукоўскага на купалаўскай сцэне, нягледзячы на поспех у масавага гледача, таксама не наталіў смагу па змястоўна вострых пастаноўках. Ён ужо не выкрываў - высмейваў. Аднак пры ўсёй абагульненасці фельетонных сітуацый, якія з цягам часу можна будзе запаўняць рознымі глядацкімі і акцёрскімі асацыяцыямі (у гэтым гарантыя доўгага рэпертуарнага жыцця) -твор па змесце драбнаваты, на ўзроўні звычайнага жыцейскага лялякання"
   Меркаванне выглядае задужа катэгарычным. Вартасці п'есы пацвердзіліся яе доўгім жыццём на сцэне. Варта, аднак, звярнуць увагу на тыя моманты дзеяння, дзе смех сапраўды здрабняецца, выглядае штучным, страчвае сувязь з думкай, адыходзіць у бок ад праблемы.
   Ёсць у творы сцэна, у якой драматург запрашае гледача ўсміхнуцца мяккай, замілаванай усмешкай. У кабінет да міністра заходзіць мілая бабулька па прозвішчы Загуменная і пытае дазволу заказаць сабе пры жыцці дамавіну. Яна пры жыцці не прывыкла залішне турбаваць людзей, дык не хоча, каб і пасля яе смерці дзеці (іх у яе адзінаццаць) мелі з ёю клопат. Міністр у разгубленасці, гатовы паверыць, што бабуля здзяцінела, але яна садзіцца ў крэсла, і "мудрамер" выконвае ў яе гонар арыю князя Ігара, што значыць - талент.
   Стэфанія Станюта здолела "выцягнуць" гэтую другарадную ролю. Але ў чым талент Загуменнай? У тым, што яна выгадавала адзінаццаць дзяцей? У тым, што просіць у міністра дазволу набыць труну? Іншых доказаў яе таленавітасці ў творы няма, колькі не перачытвай сцэну з удзелам Загуменнай. Даводзіцца верыць "мудрамеру".
   Але, як вядома, рэчы, зробленыя чалавкам, захоўваюць у сабе часцінку душы майстра, адлюстроўваюць яго звычкі, густ, светапогляд. Гэта ж датычыцца і складаных прыбораў, такіх, як... камп'ютэр. "Мудрамер" Мурашкі тут не выключэнне.
   Дзе нормы геніяльнасці, таленавітасці або разумовай абмежаванасці? Іх даводзіць прыбор, а дакладней, майстар, які гэты прыбор вынайшаў. Мы ж разумеем, наколькі адносныя гэтыя нормы.
   Распавядаюць, што вялікаму Альберту Эйнштэйну настаўнікі ставілі ў дзяцінстве двойкі і тройкі па фізіцы. Вызначыць чалавечую геніяльнасць надзвычай цяжка. Гэта бывае не пад сілу не толькі прыбору, але і дасведчанаму псіхолагу. Таму фінал п'есы "Мудрамер" успрымаецца з пэўным скепсісам.
   Праект Мурашкі ўхвалены ўсімі інстанцыямі. Утвараецца новая ўстанова - "інстытут мудраметрыі". Мурашка атрымлівае ў ім пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Вынаходца пратэстуе:
   М у р а ш к а (крычыць). Навошта ж дзесяць гадоў?! Хопіць дзесяць гадзін!
   В я р ш ы л а. Так трэба, Мікалай Ягоравіч. Так трэба... Сама жар-птушка села вам у вашы рукі, а вы яе трымаць не хочаце! Трымайце сваю жар-птушку мацней! Трымайце! А то...
   Вяршыла не дагаварыў. У кабінет улятае З а л і в а к а. Пальцамі рукі ён паказвае "вікторыю". Захлынаючыся ад шчасця, ён нават гаварыць не можа - бегае і кожнаму па чарзе паказвае "вікторыю". Нарэшце з яго вырваўся пераможны кліч: "Вікторыя! Вікторыя!"
   Мурашка ў роспачы падае ў выпрабавальнае крэсла, закрыўшы твар рукамі. І апарат запрацаваў. Урачыста і велічна, як гімн чалавеку, чалавечай мудрасці, гучыць "Слаўся!". Вяршыла, Міралюбаў і Папсуева ўздрыгнулі ад нечаканасці і міжволі сталі вакол Мурашкі ганаровай вартай. Стаў і Залівака, цяпер ужо паказваючы "вікторыю" пальцамі абедзвюх рук.
   На гэтай урачыстай і велічнай ноце і закрываецца заслона.
   Вядома ж, мудрамер будзе граць "Слаўся!" у гонар свайго стваральніка; вядома, кожны іншы інтэлект ён будзе вымяраць разумовымі "параметрамі" Мурашкі. Вынаходца без навуковай ступені загнаны ў малодшыя навуковыя супрацоўнікі. Лёс вынаходства вырашаюць недасведчаныя службоўцы, функцыянеры ад навукі. Бездар і гарлахват Залівака святкуе "вікторыю". Рэаліі надта знаёмыя і такія жывучыя, што цяжка паверыць у хуткую перамогу над імі. Бравурны, мажорны фінал здаецца або недарэчным, або наўмысна саркастычным, насмешкай драматурга і над сваім героем, і над яго адкрыццём. Вырашэнне канфлікту выглядае досыць спрошчаным.
   У наш час, калі ў грамадскай сістэме выпрабоўваюцца ўсялякія тэсты, каэфіцыенты і рэйтынгі дзеля выяўлення інтэлектуальных здольнасцей чалавека, вынаходства Мурашкі не выглядае навуковай забаўкай або драматургічнай умоўнасцю. Не менш вострым выглядае пытанне пра адпаведнасць разумовых здольнасцей чалавека той пасадзе, якую ён займае. Свет працягвае дзівіцца дзівацкім, не пралічаным як след праектам, не менш экстравагантным, чым "курынае" вынаходства Залівакі.

Похожие статьи:

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Амністыя

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Паядынак

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Мудрамер

СачыненніСатырычная камедыя М. Матукоўскага "Амністыя"

Мікола МатукоўскіМікола Матукоўскі - Бездань