Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мікола Гіль - Чаго смяяўся кот Васька
Увага!!! Поўны змест
Накарміць Міколку – проста бяда. То яму нясмачна, то горача, то яшчэ што. Сядзе за стол, а вакол і мама, і тата, і бабуля – упрошваюць, угаворваюць, казкамі забаўляюць, абы хлопчык што-небудзь з’еў.
Вось і сёння. Паставіла бабуля перад Міколкам місачку фасолевага супу і сказала:
– Еш, унучак, еш, любенькі... З’ясі – падрасцеш вялікі, дужы будзеш.
– Гарачы суп, – моршчыцца Міколка.
– Ну што ты выдумляеш, каток! А калі трошачкі гарачаваты, дык – падзьмухай! Вецер жа ў цябе пад носам, – лагодна просіць бабуля.
– Няма ў мяне пад носікам ніякага ветру! Сама дзьмухай! – кладзе лыжку хлопчык.
– Ну, добра, добра, давай я цябе пакармлю.
– Не хачу, каб ты! Хачу, каб мама! – патрабуе Міколка.
Прыйшла мама. Зачэрпнула лыжку супу, кажа да сына:
– Раскрывай раток і – гам!
– Не, так я не хачу! Хачу пад казку есці! – адварочваецца хлопчык.
– Давай пад казку, – гаворыць мама. – Гэтую лыжачку ты з’ясі за тату. Добра?
– Добра, – урэшце згаджаецца хлопчык.
– А другую – за бабулю...
– Не хачу за бабулю! Не хачу за бабулю! – закрывае ручкай рот Міколка.
– Ну, ведаеш, сынок, дурэць мне з табой часу няма, – злуецца мама. – Вось паклічу зараз тату. Хай ён на цябе насварыцца, калі ты такі свавольнік і капрызуля!
Тата прыйшоў у кухню з экскаватарам у руках. і Паставіў яго на стол і сказаў:
– Зараз мы, сынку, такое з табой прыдумаем, што ў хвіліну міска твая пустая будзе!
Прывязаў тата лыжку да каўша экскаватара, зачэрпнуў ёю супу, загадаў сыну:
– Раскрывай кузаў, шафёр! Рот, значыцца... А я перакулю табе зараз гэты коўш пяску... Выбачай, сынку, не пяску, а супу!
Ловіць Міколка ротам лыжку, злавіць ніяк не можа. Урэшце злавіў, а лыжка вазьмі ды адвяжыся. Суп і разліўся. Тата памкнуўся зноў лыжку прывязаць, ажно заходзіць у кухню бабуля і, смеючыся, гаворыць:
– Думала, кот наш, Васька, ашалеў! Аж гэта ён так рагатаў з вашай яды. Качаецца па падлозе і рагоча. А ў самога пыска такая хітрая, быццам кажа: «І як таму Міколку не сорамна! Такі вялікі хлопчык, а есці не ўмее!»
Спахмурнеў тата, задумаўся. А потым і гаворыць сыну:
– Нешта ў нас, сынок, і праўда не тое. Што ж гэта атрымліваецца? Каб з цябе кот смяяўся? Гэты гультай і абібок Васька? Не да твару гэта, сынок, мужчыне. А ты ж у мяне мужчына, праўда?
– Мужчына, – кіўнуў галавой Міколка.
– А мужчыны як паводзяць сябе за сталом? – спытаў тата.
– Бяруць лыжку і ядуць, – адказаў хлопчык.
– І чысценька, да дна! – падміргнуў яму тата.
Похожие статьи:
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Татава аўтаручка
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Памяці бацькі
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Дзе прывітанне?