Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Гарэцкі - Апостал

Увага! Поўны змест

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі...

 

   Гарачы камуніст, а даўнейшы прыхільнік беларускага руху таварыш Курапа (партыйная клічка Жабін) з агідаю пакінуў клумнае, пыльнае і галоднае места і паехаў усведамляць вёску.
   Ён заўсёды казаў на мітынгах і на розных зборках, што не вёска вінавата, а той, хто мала рупіцца аб яе ўсведамленні.
   – Дык трэба, таварышы, ехаць на вёску!
   Курапа добра ўмеў па-беларуску, вось жа, як толькі Чырвоная Армія дала магчымасць ізноў раз абвесціць незалежную Савецкую Беларусь, ён зараз апынуўся інструктарам аддзела так званага «ўпраўленія» і дастаў камандзіроўку на правінцыю.
   Набраўшы чырвонае літаратуры на ўсіх краёвых мовах, апрача беларускае, бо літаратура ў гэтай мове яшчэ лічылася да той пары контррэвалюцыйнай выдумкай беларускіх нацыяналістаў, разлёгшыся на пахучым, але запыленым сене з дзікай сенажаткі беднага гаспадара, ехаў ён на парцы стайковых коней па Ашмянскім тракце і любаваўся на прыгожую, ціхую, задуманую прыроду беларускага лета.
   Каб развеяць думкі, камуніст звярнуў увагу на свайго вазніцу.
   Той маўкліва кіраваў коньмі і часам неяк дзіўна чмыхаў, як бы нездаволены, але не аглядаўся на свайго простага пана.
   «Якая, аднак, чыста буржуазная чырта ў спосабе рассаджвання фурмана і падарожнага,– падумаў з знаёмым асадкам ёлкасці таварыш Жабін. – Ён, як быццам якое ніжэйшае стварэнне, сядзіць спераду, а я, камуніст, быццам які пан, сяджу адзаду...»
   – Давайце, таварыш, сядзем побач! – крыкнуў ён фурману, але той сярод грукату калёс не пачуў і толькі лішні раз, як здалося камуністу, дзіўна, па-свойму чмыхнуў.
   Тады Курапа ізноў аддаўся развагам. Спачатку ён троху ўсцешыўся, што ў яго голаў прыйшла такая важная ідэя – садзіцца на фурмапцы побач з фурманам. Але радасць была нядоўгая. «Гэта ж я мог сесці побач яшчэ ў месце, адразу»,– сцяміў ён.
   Нудна.
   Ужо месяц, як Курапа кінуў курыць дзеля страшэннай дарагоўлі на табаку і дагэтуль даволі стойка цярпеў і не паддаваўся спакусе, добра знаёмай толькі адным курцам. Аж тут, сярод бязлюднага, ціхога, задуманага поля, на вялікай пыльнай дарозе, папіроса і дымок ад яе стаялі ўваччу як здань незвычайнай прыемнасці.
   – Таварыш, вы курыце? – троху мацней крыкнуў Жабін, каб на гэты раз хурман пачуў яго. Потым паправіўся і паўтарыў цішэй: – Вы, таварыш, паліце?
   Селянін не пачуў і на гэты раз. Ён узноў па-свойму чмыхнуў, але назад не павярнуўся.
   – Як вашая фамілія? – яшчэ мацней запытаўся ў яго камуніст і, узняўшыся на руцэ, другою крануў яго за плячо ў шэрай густа запыленай світцы.
   – Я адзінокі, – адгукнуўся ўрэшце хурман і збоку паказаў сваю даўна няголеную сівую шчаціну і падрэзаны, сіва-жоўты пад носам вус.
   – А як прозвішча?
   Хурман памаўчаў, быццам муліўся: казаць ці не, але ізноў павярнуў трохі галаву і пад сціхаючы грукат воза адказаў:
   – Я пішуся без прозвішча, па бацьку... Янучонак. А людзі празываюцца: Шашок.
   – Каталік ці праваслаўны?
   – Мы польскія.
   I ўзноў чмыхнуў.
   Заглядаючы на хурмановыя вусы, Курапа ўпэўніўся, што той займаецца курэннем. Дык падзівіў, чаму так доўга ён не курыць, але папрасіць табакі саромеўся і хаця з вялікаю натугаю, а змоўчыў.
   – А як пана назвіска?
   Крыху падумаўшы таксама, камуніст каротка й без асаблівае прыемнасці назваўся:
   – Жабін... інструктар.
   Хурман добра пачуў і весялейшы адгукнуўся:
   – Струкар – то, пэўне, імя рускае, бо ў нас гэткіх няма. А пан Жабінскі быў у нас...
   Курапа счырванеў.
   – Далоў паноў! Іх трэба біць, як сабак. Правільна, таварыш? – крыкнуў ён над самым вухам хурману і з палёгкаю падумаў: «Ланцуг пррыкррасці тррэба рра-здзі-рраць адрразу».
   – Правільна, – пакорна згодзіўся хурман.
   На гэты раз Курапа не ўцерпіў, дастаў з кішэні кавалак змятай паперкі з газеціны, нацёр з лісткоў сена дроныай цяртухі і стаў круціць цыгарку.
   Коні неўспадзеўкі смарганулі, і ўсё рассыпалася.
   Селянін быццам духам чуў, што той робіць. Аглянуўся, нявідна ўсміхнуўся над нос сабе і палез у кішэню, перастаўшы кіраваць коньмі.
   – Я дам пану закурыць.
   – Будзьце ласкавы, таварыш! Хоць дарма вы зневажаеце мяне панам. Я такі ж самы пралетарый, як і вы. I наагул слова «пан» цяпер зусім непатрэбнае.
   – Выбачайце: вядома, як мы цёмныя...
   Адзін конь меў патрэбу стаць і на нейкі час стануў, і яны круцілі кручонкі з фурмановага кісета. Селянін маўчаў і перастаў чмыхаць.
   Калі ж коні рушылі, а яны з салодкасцю задымілі, селянін падсеў бліжэй да падарожніка, павярнуўся бокам і, не гледзячы на яго, без асаблівае на від увагі загаманіў сам:
   – Нам бы, таварыш, ксяндза скуль параілі. Ксяндзы з палякамі паўцякалі. Людзі родзяцца, уміраюць, а мы не ведаем, што з імі рабіць.
   «Вось яна, справядлівасць маіх думак і паглядаў на вёску. Места арганізуецца. Людзі таўпесяцца па розных новаспечаных установах. Робяць «работу» – пустую, непрадуктыўную... Пагнаў бы ўсіх іх, чарцей, на вёску, усведамляць яе, рэвалюцыянізаваць...»
   Так разважаў Курапа, мяркуючы: ці дужа войстра, ці мякчэй троху сказаць пра ксяндзоў.
   – Цяпер можна і без ксяндзоў, таварыш.
   Той злёгку і з невыразным змыслам усміхнуўся, адвярнуўся болей да коні, чмыхнуў на іх. Калі пабеглі трухам, ён, дакурываючы, сказаў:
   – Без іх няма як... вядома, людзі родзяцца, уміраюць, што з імі рабіць?
   Камуніст з жаласцю і пагардаю паглядзеў на пахіленае тулава гаспадара і нічога яму не запярэчыў.
   Уз’ехаўшы на ўзгорак, увідзелі ў лагчыне хаты й хлявы сярод зеляніны дрэў. Селянін уздыхнуў, а Курапа абдумываў, што зараз будзе казаць сабраным людзям.
   Вёска не праяўляла ніякіх знакаў жыцця. Яна, яе драўляныя, нізкія, пад саламянымі стрэхамі будынкі, таксама, як і поле, былі ціха-задуманыя ці нават бяздумныя, маўклівыя, шэрыя.
   Пуста й бязлюдна было на вуліцы. Вось нехта вытыркнуўся з-за рога пуні на грукат хурманкі і ўзбіуся вачыма на яго, чужога, у чорным, мястовага. Боўць! – адным махам знік за пуняй і прапаў там бясследна.
   Супроць адной з лепшых на пагляд хатаў хурманка па загаду Жабіна станула. Камуніст выскачыў і хадзіў ля плоту, каб размяць замлелае цела і лепей разгледзець, што дзеецца ў канцах вуліцы, ці збіраюцца людзі. Хурман, зачапіўшы повад за кол у тым жа плоце, пайшоў на двор – аправіцца і папрасіць вядро. Як толькі ён зачыніў за сабою фортку, з хлева высунуўся дзед і маніў яго да сябе рукою.
   – Шашок! Шашок! – шаптаў дзед.– Ідзі сюды, каб на цябе трасца, якога там чорта камуністага прывёз?
   – Hex бэндзе пахвалёны... – падаў дзеду руку невясёлы Шашок.
   – На векі векаў, – адказаў дзед і той час прыстаў ізноў з дапытамі: – Ну, ну?
   Шашок, схаваўшыся ў пуню, пераказаў усё, што ведаў.
   – Якісь камітэт хоча рабіць, – скончыў ён.
   – А каб іх паляруш з камітэтамі, – вохаў дзед, – зраквізавалі й майго каня з мальцам у работу. Два тыдні ганяюць, а тут жніво, касавіца. Палякі заганялі...
   – Папросту гаворыць, – усміхнуўся Шашок.
   – Каб не пазналі, падлу, – злаяўся дзед.
   Калі хурман выйшаў на вуліцу з вядром, Жабін нездаволена кінуў скрозь зубы:
   – Дзе вы столькі прападалі?
   – Шукаў, шукаў, няма нікога, усі ў полі.
   Як коні былі напоены, Жабін неўспадзеўкі для хурмана скамандаваў: «Вязі на поле!»
   Толькі яны завярнулі за гумно, нейкі верхавы на злом карку кінуўся з-за стога саломы к лесу. Камуніст інстынктыўна схапіўся за похву рэвальвера.
   – Хаваюць коні ад «учоту» ў лес, а я вазі ды вазі, – бурчэў невясёлы Шашок.
   – Вязі на дарогу, я ім пакажу! – крыкнуў раззлаваны Жабін, і фурманка завярнулася назад.
   Нечыя вочы глядзелі скрозь шчэлку ў гумне, як яна запыліла на дарозе.

Похожие статьи:

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Рускі

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне. ГДЗ

Максім ГарэцкіАпавяданні Максіма Гарэцкага ранняга перыяду ("Роднае карэнне", "Літоўскі хутарок")

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Літоўскі хутарок. ГДЗ

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне