Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Апавяданні Максіма Гарэцкага ранняга перыяду ("Роднае карэнне", "Літоўскі хутарок")

   Можна прытварыцца на пэўны час кім заўгодна: добрым, шчырым, нават разумным. I толькі інтэлігентным прытварыцца нельга нават на кароткі момант. Паняцце інтэлігентнасці — неадназначнае, філасофскае паняцце. Нехта ўсведамляе яе як адукаванасць і дасведчанасць у многіх ці хоць бы асобных галінах; нехта — як далікатнасць, тактоўнасць і выхаванасць; нехта— як прафесіяналізм і адданасць справе... I кожны мае рацыю, бо элементаў інтэлігентнасці мноства, але ўсе яны аб'яднаны вызначальным — духоўнасцю.
   Заслуга Максіма Гарэцкага перад нашым народам найперш у тым, што ён пакінуў пасля сябе духоўную спадчыну, канкрэтызаваць якую можна такімі паняццямі, як інтэлігентная і інтэлектуальная літаратура.
   Галоўны герой апавядання "Роднае карэнне" дзед Яхім даводзіць студэнту-медыку Архіпу Лінкевічу: "Помні, што каб другога вызваляць, трэба самаму крэпкім быць". Вечная ісціна: нельга даць другому таго, чым сам не валодаеш. Інтэлігентную літаратуру здольны стварыць толькі інтэлігентны пісьменнік. Гарэцкі і з'яўляецца інтэлігентам у нашай нацыянальнай літаратуры, чым і вызначаецца яго творчасць.
   Адно з ранніх апавяданняў Максіма Гарэцкага "Роднае карэнне" — праграмны і шмат у чым канцэптуальны твор пісьменніка. Гэта своеасаблівы статут інтэлігентнасці і кодэкс інтэлігента.
   Студэнт-медык Архіп Лінкевіч "размеркаваў, што доктарам будзе служыць на Беларусі і будзе збіраць матэрыялы аб духоўным жыцці свайго народа" (да ўсяго "за пра ва вучэння" ён зарабляе прыватнымі ўрокамі). Пасля размоў з дзедам Яхімам Архіп прыйшоў да ўсведамлення, што ён пакуль інтэлігент толькі па сваёй сацыяльнай прыналежнасці, але не па сутнасці. Хто ж ён, сапраўдны інтэлігент?
   Парадаксальна, што цэнтральная філасофская праблема твора — праблема інтэлігентнасці — вырашаецца не толькі і не ў першую чаргу праз вобраз інтэлігента Архіпа, а праз вобраз дзеда Яхіма. 
   Менавіта ён з'яўляецца выраз нікам аўтарскай пазіцыі. Пісьменнік настойлівы ў сваім перакананні, што толькі той чалавек інтэлігентны, які, жывучы на гэтым свеце, увабраў у сябе духоўную спадчыну народа і таксама, як біблейскі герой, памножыў дадзеныя яму строгім гаспадаром таланты.
   Галоўныя прыёмы рэалізацыі філасофіі твора — дыялог паміж маладым і старым, а таксама маналогі Яхіма. Ён здзіўляе Архіпа сваёй мудрасцю: "чаго ён ні раскажа, ні нагаворыць, а ўсё разумна, к толку", "лішняга не нагаворыць".
   Яхім дакляруе Архіпу сакрэты вечнасці і неўміручасці, сакрэты памнажэння скарбу, дадзенага строгім гаспадаром і кожнаму з нас.
   Першы, самы галоўны і вызначальны, без якога "і навука ніякая не дапаможа, а зможа", калі "карэння нашага роднага" не мець у сабе. Каб "карэнне роднае" не страціць, даводзіць захавальнік вечнасці дзед Яхім, трэба "ў кніжках і ў разумных людзей" пытацца, "як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі",— і будзеш "ведаць, што рабіць трэба". 
   Мудрасць тоесная мудрасці шляхціца Завальні: "Мінулае вучыць нас, як жыць сёння".
   "Ніякія думы чорныя не змогуць", даводзіць мудрэц, калі будзе моцнай сувязь з родным карэннем, калі "часцей у роднае гняздзечка" залятаць і чэрпаць там, у гэтай святой прошчы, сілы, якія дапамогуць выстаяць у любыя буры і віхуры. Запаветы дзеда Яхіма не дэкларатыўныя. На яркіх запамінальных і ўражлівых прыкладах ён даводзіць неабвержнасць вечных ісцін, так трапна, мудра і хораша ім сфарму-ляваных: "Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне".
   Толькі той можа лічыцца інтэлігентам, даводзіць пісьменнік праз маналогі Яхіма, хто служыць народу, вучыцца ў яго, на якую б вяршыню вучонасці ён ні ўзышоў. Яхім расказвае пра свайго знаёмага пана Беляеўскага з Пецярбурга, які "вучаны многа, кніжкі сам складае, друкуе", а не грэбуе мудрасцю народа. Не лішне, на думку дзеда Яхіма, павучыцца і ў суседзяў: "у палякоў і латышоў" па-людску, бо "радні не адракаюцца, братнюю руку заўсёды дзержаць".
   Любоў інтэлігента да Бацькаўшчыны і народа павінна быць дзейснаю. Інтэлігентны не той, хто абураецца непарадкам, а хто наводзіць парадак. "I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннямі людскай бядзе не дапаможаш. Помні, што каб другога вызваляць, трэба самаму крэпкім быць".
   Надзвычай прывабны і эстэтычны ў апавяданні і вобраз юнака Архіпа. Ён пакуль што ў той "апаслівай пары", як трапна назваў Яхім маладосць. "Апаслівая" гэта пара, бо на дарозе маладых будзе не толькі шмат камянёў (з імі якраз лягчэй справіцца!), але і спакусаў, будзе абавязкова на іх шляху і балотная вада... Пісьменнік здолеў няхітрым сюжэтам паказаць гэты вобраз у эвалюцыі. Сюжэт уяўляе апісанне вандроўкі Архіпа дадому, каб разабрацца з гэтай "чартаўнёй" і дапамагчы родным набыць спакой, і вяртанне зноў на вучобу. Пакуль што Архіп толькі назапашвае духоўнасць, ён яшчэ нічога канкрэтнага не зрабіў, нават не дапамог бацькам, не разабраўся з "чартаўнёй" — новая хата, пабудаваная на праклятым месцы, згарэла. Аднак удумлівы і чуйны душой чытач заўважыць, што адбылося самае важнае ў душы героя на шляху да інтэлігентнасці. Ехаў ён дадому катэгарычным, нецярпімым, яму ўсё было ясна і зразумела (як таму "вучыцелю Балазевічу", які здзіўляе Яхіма тым, што "на ўсё адтадкі знайшоў"), а вяртаецца зусім іншым. Ашаломленым, здзіўленым і нават разгубленым вяртаецца ён у горад, але гэта тая разгубленасць, што сведчыць пра працу душы і розуму. Інтэлігентнасць — гэта здольнасць сумнявацца, здольнасць перагледзець свае каштоўнасці і ўбачыць высокае неба ідэала. Катэгарычнасць і інтэлігентнасць — несумяшчальныя. Архіп глядзіць — і бачыць, слухае — і чуе. Душа яго поўніцца і шчымлівым болем за маму, якая вельмі пастарэла, і захапленнем і любоўю да родных мясцін, да роднага карэння, і ўсведамленнем таго, што ёсць у свеце за гадка, без якой "не было б чалавечага жыцця".
   Адзін з законаў вечнасці, усвядомлены пісьменікам-інтэлігентам Гарэцкім і дакляраваны нам з найбольшай палкасцю і незвычайнай сілай яго таленту, — не забі!
   Асноўная тэма ўсёй яго шматграннай і багатай на самыя розныя тэмы творчасці — антываенная. Творчасць яго — праклён вайне, вайна — вайне, заклік спыніцца і адумацца, сцвярджэнне філасофскай думкі, што вайна забівае выключна ўсіх: і таго, хто загінуў, і таго, хто перамог. Чалавек, які па сваёй ці якой іншай злой волі пазбавіў жыцця другога, знішчае і сваю душу.
   У апавяданні "Літоўскі хутарок" антычалавечая сутнасць вайны паказана праз трагедыю адной мірнай сям'і. Сюжэт апавядання просты: хутарок, дзе жыве сям'я Яна Шымкунаса, за кароткі час некалькі разоў пераходзіць то да немцаў, то да рускіх і з'яўляецца полем бою дзвюх армій. A баі былі такія, што, як казаў палкоўнік па тэлефоне, забітых "няма сілы падабраць": "Ляжаць цэпкамі, калонамі. 
   Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі". Вайна паказана Гарэцкім не толькі як трагедыя вынішчэння жыцця, яго плоці. Нікому з пісьменнікаў да Гарэцкага не ўдалося з такой пераканаўчасцю і мастацкай сілай паказаць вынішчэнне вайной душы, прычым масавае вынішчэнне. 
   Глыбіні філасофскай думкі садзейнічае кампазіцыя апавядання і вобраз Шымкунаса. У пачатку апавядання добры і далікатны, мудры Шымкунас паказаны як чалавек, які перакананы, што і рускія, і кайзераўскія салдаты такія ж людзі, як яго Блажыс, што недзе таксама вымушаны ваяваць і разам з іншымі пайшоў "спраўляць крывяныя хаўтуры". Таму на пытанне феерверкера Сініцы, "куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец", дачка Шымкунаса адказвае, што не будзе хавацца, бо "прусы — народ дужа прыгожы". 
   Так думае не толькі наіўнае дзяўчо, але і мудры Шымкунас, лічачы, што пагроза лесу можа прыйсці толькі ад шалёнага снарада. Мудры Шымкунас не ведаў, што калі "два ворагі-асілкі" сыходзяцца, то перастаюць дзейнічаць, руйнуюцца і ўсе векавыя законы людскасці. 
   Сапраўды, няма добрых ці кепскіх народаў, ёсць людзі, якіх вайна справакавала на нялюдскасць. Той, хто, як Шымкунас, не толькі пабачыў "ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору, кроў", але сам прайшоў праз пекла вайны і не раз зазіраў смерці ў вочы, аддае ёй спачатку сваю душу, хаця плоць яго пакуль яшчэ жыве.
   Сапраўды, і рускія, і кайзераўскія салдаты да блізкай сустрэчы са смерцю — яшчэ людзі, нават "добрыя людзі". Шчыра супакойвае Шымкунаса рускі салдат, што "мірных жыхароў чапаць забараняецца" і што за ўсе панесеныя страты ім заплацяць. A нямецкі салдат праз перакладчыка Глюкмана прапануе Шымкунасу пакаштаваць іхняга хлеба. У пятым раздзеле апавядання пераканаўча паказана, як чалавек на вайне, кіруючыся яе законамі, пераступае парог, за якім ужо перастае быць чалавекам. Ні баяцца, ні саромецца больш няма чаго — вайна ўсё спіша. "Ці магу я саромецца гэтых дзікароў", — кажа адзін. А другі свае брыдкія, жывёльныя намеры апраўдвае нават тым, што гэта будзе садзейнічаць "паляпшэнню заняпалых народаў" і прывіццю "высшай культуры фізічным шляхам". I наладжваюць пір у час чумы: "танцуюць немцы ў Марыампалі пад грамафоны, мірным людзям за ўсё-усякае штых да грудзей, а дзяўчын ды маладзіц крыўдзяць".
   Вобраз прыгажуні Монці, дачкі Шымкунаса, у апавяданні не толькі трагічна-канкрэтны, але і сімвалічны. Як прыгажосць — тая сіла, што здольна ўратаваць свет, так і вайна — сіла, што здольна яго знішчыць. Асаблівага трагізму дасягае пісьменнік у апошнім раздзеле апісаннем "раскіданага гнязда" Шымкунаса і зруйнаваных людскіх душ. Самае страшнае, даводзіць у фінале апавядання Гарэцкі, калі жывыя не хочуць жыць. "Не магу я маліцца і жыць не хачу", — вось вынік страшнай трагедыі, што нясе любая вайна. 
   Традыцыі Максіма Гарэцкага ў паказе вайны прадоўжаны лепшымі майстрамі слова сучаснасці. Асаблівага ўздзеяння на людскія пачуцці ў сцвярджэнні той жа філасофскай думкі, што вайна вынішчае душы, дасягаюць Васіль Быкаў у аповесці "Пакахай мяне, салдацік" і Aляксей Дудараў у п'есе "Радавыя".
Кожным радком, кожным словам усіх сваіх твораў Васіль Быкаў, прадаўжальнік традыцый Максіма Гарэцкага ў паказе вайны, таксама папярэджвае і даводзіць, што найвялікшая трагедыя вайны заключаецца ў вынішчэнні духоўнасці і разрыве повязяў паміж вякамі і пакаленнямі, без чаго само існаванне жыцця на зямлі становіцца праблематычным. 

Похожие статьи:

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Рускі

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Роднае карэнне. ГДЗ

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Літоўскі хутарок

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - Літоўскі хутарок. ГДЗ