Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
«Раманс» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...») – адзін з самых лірычных і музычных твораў Максіма Багдановіча. Напісаны ў жанры песні-раманса, пакладзены на музыку, ён набыў шырокую вядомасць, стаў увасабленнем самага дарагога і любага – «шчасця кахання», маладосці, красы жыцця.
У аснове лірычнага зместу верша матыў успамінаў, пачуцці і перажыванні юнака, які спазнаў шчасце кахання і засмучаны тым, што расстаецца з любай дзяўчынай. Знаёмства з каханай, радасць першага спаткання і смутак развітання напаўняюць душу лірычнага героя і асацыіруюцца з вобразам зоркі Венеры. Гэты вобраз стварае агульную рамантычную танальнасць верша. Ён узнікае як паэтычная паралель да перажыванняў юнака, як увасабленне яго ідэалу, як сімвал яго шчырага, рамантычна-захапляючага кахання. З зоркай Венерай зліваецца і вобраз дзяўчыны, якая выклікала ў юнацкай душы гэта светлае і такое дарагое пачуццё.
Смутак развітання і надзея на нязгаснасць дарагога пачуцця напаўняюць змест і танальнасць верша, надаюць яму светлатужлівы настрой. Пры апошнім спатканні з каханай юнак не хоча расставацца з дарагім яму пачуццём. Яно застаецца ў яго сэрцы назаўсёды. I ў далёкім краі ён будзе кожную ночку на зорку дзівіцца, успамінаючы аб той, каму належала яго каханне. Ён просіць сваю каханую не забываць пра шчасце перажытага, хоць раз у расстанні глянуць на зорку Венеру, зліць з ёй разам погляды свае, «каб хоць на міг уваскрэсла каханне».
Похожие статьи:
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Раманс (Няма нідзе...)
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Чырвоная зорка
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Раманс
Р → Раманс
Пераказы → Як зорка бярозкаю стала