Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Багдановіч - Музыка

   Жыў на свеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. I плакала ў яго руках скрыпка, і такая была ў яго гранні нуда, што аж за сэрца хапала...
   Плача скрыпка, льюць людзі слёзы, а музыка стаіць і выводзіць яшчэ жаласней, яшчэ нудней. I балела сэрца, і падступалі к вачам слёзы: так і ўдарыўся б грудзьмі аб зямлю ды ўсё слухаў бы музыку, усё плакаў бы па сваёй долі...
   А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачах людзей, і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, звоніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. I людзі падымалі апушчаныя галовы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы.
   Тады бляднелі і трасліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, як тыя гадзюкі, усе крыўдзіцелі народа. Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому.
   I хадзіў ён далей між бедным людам і граннем сваім будзіў ад цяжкага сну. Але прыйшоў час, і музыкі не стала: злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыццё яго... I тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу.
   Толькі іхняе гранне нічога людзям не сказала. "Добра граеце, – гаварылі ім, – ды ўсё не тое". I ніхто не мог растлумачыць, чаму ад грання музыкі так моцна білася сэрца беднякоў. Ніхто не ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён па людзях; гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах; і ніводзін сыты не мог так граць, як грала народнае гора.
   Прайшло шмат гадоў з таго часу. Скрыпка разбілася. Але памяць аб музыку не згінула з ім разам. I з-паміж таго народа, катораму ён калісь граў, выйдуць дзясяткі новых музыкаў і граннем сваім будуць будзіць людзей к свету, к праўдзе, брацтву і свабодзе...
 


Адказы на пытанні:
   1. Максім Багдановіч захапляўся беларускай вуснай народнай творчасцю. І сваё апавяданне "Музыка" ён відавочна напісаў пад уплывам народнай казкі "Музыка-чарадзей". Тэма гэтых твораў падобная, творы яднаюць тое, што галоўныя героі – смелыя, справядлівыя, чулыя і спагадлівыя, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Яны ўздзейнічаюць сваім граннем на людскія сэрцы: будзяць народ ад сну, клічуць змагацца за сваё шчасце.
   Сваёй, музыкай героі выражаюць пачуцці і думкі ўсяго народа. Так што можна сцвярджаць, што апавяданне напісана пад уплывам фальклорнага твора і адпавядае духу народнай творчасці. Але Багдановіч пераапрацоўвае і пераасэнсоўвае твор, у ім праяўляюцца аўтарскія адносіны да сваіх герояў, перагледжаны і фінал казкі.
   2. Таленавіты музыка ведаў, што такое цяжкая доля людская, гаротнае жыццё бедных людзей і быў здольны перадаць гэта адчуванне праз гранне настолькі пераканаўча і ярка, што людзям здавалася "гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах". У аснове гэтага выразу ляжыць прыём увасабленне (асноўваецца на прыпадабненні прадметаў, з’яў прыроды паводзінам чалавека, перанясенні на гэтыя з’явы чалавечых уласцівасцей).
   Метафара – гэта перанясенне ўласцівасцей адной з’явы на другую, чым-небудзь да яе падобную.
   Увасабленне – мастацкі прыём, разнавіднасць метафары, прыпадабненне з’яў прыроды да паводзін чалавека.

Похожие статьи:

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

ПераказыЗрабі гучней!

ПераказыМузыка

Пераказы«Апасіяната»

ПераказыМузыка