Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Лідзія Арабей - Маё і тваё
Увага!!! Поўны змест
У Колі быў дзень нараджэння, і яму прынеслі шмат падарункаў – і металічны канструктар, і гульню «Футбол», а колькі кніжак! Але самы найлепшы быў татаў падарунак – веласіпед! I не дзіва, што Коля радаваўся гэтаму падарунку больш за ўсё. Яго таварышы даўно ўжо мелі веласіпеды – і Міша, і Воўка, і Казік. А ў яго не было. Праўда, сябры давалі яму пакатацца, але ўсё ж гэта не тое, што мець сваю машыну...
Цяпер і ў Колі ёсць веласіпед. I не маленькі, як у хлопцаў на іхнім двары, а куды большы і, што самае галоўнае, з вялікім званком-сігналам. Прымацаваны да руля, званок званіў вельмі звонка і весела, не так, як у машынах ягоных сяброў – ледзьве трэнькаў.
Назаўтра Коля ўсю раніцу катаўся па кватэры, а калі на дарозе траплялася мама, ён моцна званіў і крычаў:
– Сцеражыся! Веласіпе-ед!
Мама спачатку смяялася, а пасля пачала сварыцца:
– Надакучыў ты мне са сваім веласіпедам, носішся як апантаны, звоніш. Ідзі на двор і катайся!
Коля ўзрадаваўся. Як гэта ён і сам дасюль не здагадаўся пахваліцца хлопцам сваёю машынаю?
Ён хуценька схапіў веласіпед і пацягнуў яго ўніз па лесвіцы.
Быў цёплы летні дзень, на двары гуляла шмат дзяцей. Міша, Воўка і Казік таксама каталіся на сваіх веласіпедах. Яны толькі што прыпыніліся ў канцы двара. Казік надумаў зрабіць з веласіпедаў цягнік. I толькі сабраліся хлопцы наладзіць такую гульню, як з’явіўся Коля. Ён глянуў на машыны сваіх сяброў, потым на сваю і ўсміхнуўся. Іх веласіпеды былі ўжо старыя, з аблезлаю фарбаю. У Мішавай машыны руль зусім пагнуты, у Казікавай палавіны спіц няма ў колах. А ў яго, у Колі, машына новенькая, уся блішчыць, асабліва руль і званочак.
Коля шпарка паехаў па двары і моцна-моцна зазваніў. Хлопчыкі як убачылі яго, забыліся адразу пра сваю гульню і пабеглі яму насустрач. А Коля пад’ехаў да сяброў і важна спыніўся перад імі.
– Вось гэта веласіпе-ед! – аж прысеў ад захаплення Міша.
– Здорава, – сказаў Казік, абышоўшы машыну.
– А з якім сігналам! – пахваліўся Коля.
Націснуўшы на педалі, ён павольна зрабіў круг перад сябрамі, увесь час звонячы ў званочак.
– Дай праехаць! – папрасіў Міша.
Коля памкнуўся быў злезці, каб даць пакатацца Мішу, але раптам перадумаў. Ён нахмурыў бровы, зручней усеўся ў сядле і сказаў:
– Не дам... Ты яшчэ зломіш!
– Мы асцярожненька, – папрасіў і Воўка.
Коля зірнуў на таварыша. У таго ажно кропелькі поту выступілі пад носам – так хацелася яму пакатацца на новым веласіпедзе.
Коля ад’ехаў крышку назад і зноў коратка буркнуў:
– Не дам!
– А мы ж табе давалі, калі ў цябе не было, – упікнуў Міша.
– Параўнаў! Вашы былі старыя, а мой новы... I ў мой званок вы званіць не ўмееце!
– Усе няўмекі, толькі ты ўмека, – пакрыўдзіўся Воўка.
– Каб мы табе веласіпеды не давалі, ты і катацца не ўмеў бы, – сказаў Міша.
– I не прасіце ў яго, калі ён такі, – сказаў Казік. – Хадзем лепей у цягнік гуляць!
Тут хлопчыкі ўспомнілі, што збіраліся гуляць у цягнік, і пабеглі да сваіх веласіпедаў.
Коля адзін пачаў кружыць па двары.
Але дзіўна, як толькі хлопчыкі адышліся і пачалі гуляць без яго, новы веласіпед з такім звонкім сігналам быццам страціў усё сваё хараство. Коля без усякай радасці націскаў на педалі і паварочваў руль, без усякай радасці званіў сваім звонкім званочкам.
А Міша, Казік і Воўка так загуляліся, што зусім забыліся пра Колю. Ім было весела. Коля панура сядзеў на сваім новым веласіпедзе і ўсё званіў, званіў, але на яго ніхто не звяртаў увагі. Нарэшце Коля не вытрываў і, калі «цягнік» зрабіў астаноўку, пад’ехаў да таварышаў.
– Калі вельмі хочаце, то наце, пакатайцеся, – сказаў ён, ахвотна злазячы са свайго веласіпеда.
Хлопчыкі глядзелі на Колю, на яго вінаваты твар. Ім, вядома, хацелася пакатацца на новай машыне, але яшчэ свежаю была і крыўда.
– Што, сумна аднаму? – спытаў Казік. – Сам да нас прыехаў?
Коля нічога не адказаў.
– Ну добра, – згадзіўся Міша. – Ты на маім пакатайся, а я на тваім паспрабую.
– Чакайце, чакайце, – замахаў рукамі Казік. – Няхай Колеў веласіпед будзе нашым паравозам! Міша, садзіся на яго, і калі цягнік рушыць, ты будзеш сігналіць, нібы машыніст на паравозе!
– А пасля мы ўсе па чарзе будзем машыністамі! – дадаў Воўка.
– Правільна, правільна! – закрычалі хлопчыкі.
I вось цягнік пачаў набіраць хуткасць. Казік і Воўка моцна пыхкалі:
– Пых, пых!
Потым Міша званіў, а Коля крычаў:
– Дарогу!
З вясёлым гоманам і смехам хлопчыкі рушылі з месца. На паваротах Міша моцна сігналіў. I хоць званок веласіпеда быў зусім не падобны на гудок паравоза, хлопчыкам усё роўна здавалася, што яны едуць на сапраўдным цягніку, едуць далёка-далёка, можа, нават у краіну райскае птушкі.
Похожие статьи:
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Мама
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Добрая фея
Лідзія Арабей → Лідзія Арабей - Зернетка і вецер