Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лідзія Арабей - Зернетка і вецер

Увага!!! Поўны змест

   Віхор наляцеў на ліпку, і яна густа зашумела, ссыпаючы долу чорныя зернеткі насення. Адно зернетка падхапіў вецер і панёс у белы свет. Гушкаў яго, круціў пад самым небам, ды раптам сціх, нібыта надакучыла яму гульня такая. I пачало зернетка падаць. Страшна яму было ляцець з вышыні, баялася, што разаб’ецца, загіне, хапалася за пылінкі, за смяцінкі, што круціліся каля зямлі, але і тыя асядалі.
   Моцна выцялася зернетка аб камень, што ляжаў на полі, адскочыла і ўпала на шашу.
   Ператрывала боль, аддыхалася, пачало азірацца. Блізка не было ні дробачкі зямлі, не сачылася ні кропелькі вады, і зернетку зрабілася сумна. Доўга ляжала яно, не ведаючы, як адсюль выбрацца, як уцячы. Ды раптам зноў вецер! Спачатку падзьмуў ціхенька, зернетка ад яго подыху толькі варухнулася, потым пажвавеў, а далей зноў разышоўся, адным махам закінуў зернетка пад воблакі, панёс над палямі, балотамі. «Куды я лячу, што са мною будзе? – ледзь не плакала зернетка. – Дзе ты, родная ліпка, чаму кінула сваё дзіця на пагібель?»
   А характар у ветру быў несур’ёзны, ветраны, то ён дзьмуў з усяе сілы, то заціхаў. Зноў надакучыла яму гойсаць пад воблакамі, і зноў ён пакінуў зернетка пасярод неба. I пачало яно зноў апускацца. Так хацелася яму ўпасці ў мяккую раллю, каб не пабіцца яшчэ раз, ды не шанцавала зернетку. Унізе плыла рака, шырокая, як мора, і падступала – усё бліжэй, бліжэй...
   «Загіну! Патану!» – сцялася зернетка.
   Некалькі хвілін яно ляжала, не ведаючы, ці жыве, ці ўжо загінула. Потым зразумела, што жыве. Яно ўпала на лісток, што трымаўся ў вадзе на тонкай сцяблінцы, як на якары. Тут зернетку было крышку лепш, чым на шашы, крышку мякчэй, ды і кропелька вады ляжала на лістку, з яе можна было напіцца. Але жыць тут зернетка ўсё роўна не магло б. Як можна жыць без зямлі? Яе маці, вялікая ліпа, трымалася карэннямі за глебу, так вучыла яна і дзяцей.
   Ляжала зернетка на лістку, гайдалася, як дзіця ў калысцы, і заснула. Прачнулася ад буры на вадзе. У чорным небе гарэлі яркія зоры, а рака пад лістком кіпела, бурліла, лісток то падлятаў на хвалях, то ападаў уніз, вада залівала зернетка. Унізе пачуўся трэск, зернетка моцна падкінула, а потым лісток паплыў, як карабель, што сарваўся з якара. Ён плыў усю ноч, пакуль пад раніцу не зачапіўся за вярбіны корань.
   Над рэчкаю ўзыходзіла сонца – вялікае, чырвонае і цёплае. Добра было б цяпер пагрэцца, абсушыцца, адпачыць, ды тут зноў адкуль ні вазьміся – вецер. Схапіў зернетка разам з лістком і пакаціў па полі.
   Ведала ўжо зернетка злосны нораў ветру, дабра ад яго не чакай, можа, зноў пад хмары закіне. I як ад яго адчапіцца, як гэты вецер абхітрыць! Толькі падумала, а тут у зямлі шчылінка – тоненькая, быццам пёркам на зямлі нехта рыску напісаў. Злаўчылася зернетка – скок у тую шчылінку. Вецер і не заўважыў, далей пусты лісток пагнаў. А зернетка затаілася, ляжыць. I так яму добра аказалася ў той шчылінцы – цёпла, мякенька, і крынічка недалёка цурчыць.
   Стомленая ад сваіх прыгод, зернетка заснула. Яно не чула, як засыпала шчылінку зямля, як закідала дол жоўтым лісцем, як пайшлі халодныя дажджы, як укрылася зямля белым снегам.
   Спала зернетка да вясны. Прачнулася і здзівілася. Аказваецца, яно тут не адно, у зямлі поўна іншых зернетак, і жоўтых, і зялёных, і чырвоных, і ўсе, адно перад адным, спяшаюцца, працуюць, прарастаюць.
   I наша зернетка ўзялося за работу. Пачало белы карэньчык выпускаць ды ім у зямлю тачыцца, а зялёным парасткам прабівацца ўгару, да неба. Гэта была вельмі цяжкая работа, зернетка аддавала ёй усе свае сілы: скора яно вельмі схуднела, а далей і зусім знікла, растала, ператварылася ў карэньчык і парастак. Цяпер карэньчык ужо моцна трымаўся за глебу, а парастак прабіўся да святла. Азірнуўся навакол, і вельмі тут яму ўсё спадабалася. Недалёка плыла рэчка, за ёю сінеў лес, на краі якога раслі высокія ліпы.
   Пачаў парастак лісткамі прыбірацца. Спачатку вылузаў адзін – светла-зялёны, ліпкі, за першым – другі, за другім – трэці. Ужо зверху ўніз пазіраў ён на пралеску, якая тут нядаўна расцвіла. А пралеска, відаць, вельмі хацела пазнаёміцца з парасткам. Аднойчы раніцою, умыўшыся туманам, яна нясмела загаварыла:
   – Добрай раніцы! Мяне завуць Пралеска... Я суседка ваша, я тут расту. А вы хто?
   – А я – ліпка, – адказаў парастак. – Бачыце высокія дрэвы на ўскраі лесу? Такая буду я...
   – Вельмі прыемна... Я рада з вамі пазнаёміцца, – і Пралеска схіліла сваю сінюю галоўку.

Похожие статьи:

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мікіткаў сон

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Мама

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Добрая фея

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Маё і тваё

Лідзія АрабейЛідзія Арабей - Новы сшытак