Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лукаш Калюга - Цеснаватая куртачка

Увага!!! Поўны змест

   Нікуды не варта такая работа: пачынаць з надвор’я, з ветру, з дрэў, абсаджаных навакол дзеі. Але хто мне казаў, што я лепшы за іншых? I цвёрда трымаючыся гэтага пераканання – што не лепшы за іншых, – смела пачну яшчэ горш: з пазалеташняга снегу.
   Яго помняць гразкога, мурзатага ад даўнасці, што летась пазавуголлю ад сонца, як прыйшоў на яго звод, як усім дадзеў, прыглядзеўся. А мне ў памяць не ён, а пазалеташні, 1930 года, снег, што тую восень на першы, на кароткі – і таму прыгожы – час быў за навіну.
   З гэтага і пачну. Спынюся перад маладосцю, перад момантам – зменным, імклівым. Ступлю шырэй, абмінаючы акамянелую старасць, бо няма калі, бо далі вабяць. I адна ў мяне надзея на шырокі крок.
   – Брыдка, дзядзька Адась, – казала Волька Лысаковічаўна. – А яшчэ – калгаснік... з прыціскам выгаварыла яна гэта апошняе слова, бо з Банькоускіх хаты адзін ён з сваёю кузняю ў калгас запісаўся.
   – Можа, так калі, другім разам... Цяпер і грошы якраз разышліся.
   Не такі ўжо і «дзядзька» быў Адась, як можна было падумаць з Вольчыных слоў, што так моцна школаю аддавалі. I меў ён яшчэ непазбытую сялянскую прывычку: бедніцца, гнуцца – малечка што. Ды і скупаваты быў крыху – чаго там таіцца!
   – Усюды ўсё грошы, – бедаваў. – У саўгасе на сене крыху зарабіў, дык от ніяк не выберуся схадзіць сыскаць.
   – Дык колькі запісаць, што даіцё, таварыш калгаснік? – не слухаючы ягоных жартаў, дапытвалася Волька.
   – Ды не тарокайся ты, – аказалася з куткавога ложка, дзе густа сабраўся быў вячорны змрок, меншая Адасёва сястра. – От бо натура!
   – А колькі даюць? – нарэшце палез ён па грошы ў кішэню.
   Гэта ж з блізкае ШКМ хадзілі па хатах у Вязавіч траіх вучняў, збіралі на самалёт. Хадзіла дваіх далёкіх нейкіх хлапцоў і свая, вязаўская дзяўчына Волька Лысаковічаўна, што разам з імі вучылася.
   – Ну, як ваш Яська? – папытаўся ў яе Адась пра большага брата, што цяпер апошні год быў у Чырвонай Арміі. Некалі, як Лысакоўчык яшчэ дома быў, сябраваў з ім Адась. Часта ён тады хадзіў да Лысаковічавых вечарамі гуляць.
   Малая, шчупленькая, дзіця яшчэ была тады Волька. Ужо ў ШКМ пачынала хадзіць, ціхая была, сарамяжая: лішняга слова, бывала, да чужога чалавека не прагаворыць. А за гэтыя два гады, як пайшоў яе брат у войска, мала калі бачыў Вольку Адась. I цяпер неўспадзеўкі заўважыў ён, што вырасла, памажнела Лысаковічаўна. У школе, у чужых людзях пабыла і многа-многа пасмялела. Ужо без Волькі не абыходзіўся ніводзін сход: крыху па абавязку – што камсамолка, а болей па сваёй ахвоце. Асталося ў яе цяпер ад дзяцінага толькі гэта, у школе набытае «дзядзька» ды кароткая, цеснаватая ёй цяпер картовая куртачка.
   – Гэту ж восень ён павінен дадому прыйсці, – братавых тэрмінаў у Волькі пытаўся Адась, хоць і сам іх добра ведаў. – Нічога не піша, калі пусцяць?
   – Не піша. Нешта даўно ўжо ліста не было.
   Тым часам ужо добра сцямнела на дварэ.
   – Не баўся, Волька, хадзем далей, – клікалі Лысаковічаўну яе таварышы ад Банькоўскіх з хаты.
   – Ужо не цеперся, а нам на сягоння яшчэ шмат хады, – казалі яны.
   I не было калі Вольцы доўгую гаворку пра брата распачынаць.
   – Аставайцеся здаровы, – хутчэй сказала яна. Пайшоў Адась за вучнямі ў сенцах дзверы зачыніць. Правёў да варот пад самую вуліцу.
   – Ты ж, Адась, – ужо проста, па-таварыску, без «дзядзькі» казала Волька, – заўтра да нас на сход прыходзь увечары.
   – Куды да вас? У школу? Хто яго пойдзе за чатыры вярсты.
   – Ды не: да бацькі ў хату. Глядзі ж, прыходзь, – наказвала. – З партячэйкі будуць. Ад нас з школы прыйдуць. Трэба... Сам павінен ведаць. У нас калектывізацыя ўсяго на трыццаць чатыры працэнты, – казала Лысаковічаўна, пераходзячы на другі бок вуліцы.
   Нарвалася на гэту гаворку Тэкля Мятліцкая, хцівая кабеціна. Аднекуль з-за вугла раптам з’явілася яна тут. Хуценька акінула позіркам Вольку, як бы гэта рабіць ёй забаронена было.
   – Пусці ж мяне, – сказала Адасю, што заняў быў сабою ў варотах увесь праход.
   Шмат высшая, страйнейшая падалася Банькоўчыку Волька папацёмку. Як бы падрасла яна, з хаты, з відна выйшаўшы на вячорны змрок.
   – Глядзі ж прыйдзі, – аж з другога двара гукнула Лысаковічаўна.
   Яшчэ раз азірнулася на яе Тэкля ды схавалася ў сенцы, за дзверы.
   Відаць было з Банькоўскіх двара далёкім агнём асвечанае неба над Мінскам. Абы змерклася на дварэ, там займалася зара. Ціха... Нікога не было ў Вязавічах на вуліцы. Адзін-адным узапёрся Адась на вароты. Пазіраў ён на той далёкі бляск. I думалася яму, як бы хутчэй са сваім кавальствам туды дапасці.
   – Навернеш некалі галавою. Вобмегам табе вылезе гэтыя трыццаць чатыры працэнты, пачуў Адась з сянец, як ішоў у хату. I толькі ён адчыніў дзверы, як па гаворцы было, як бы яе нажом хто адсек.
   – Трэба ісці. Не цяперся ўжо, – раптам узнепакоілася Тэкля.
   – Гуляй. Куды табе спяшацца?
   – О, не! Дзе ты бачыла? I так забавілася.
   – Што гэта нешта Лысаковічаўна табе на шыю вешаецца? – пыталася маці ў Адася, як Тэкля пайшла з хаты. – Абы чуць, – казала, – жаба каторая паднялася, дык ужо яна... Ото свет настаў!
   – А вы слухайце!.. – злосна асыкнуў Адась.
   – От не дадуць месца, – немаведама пра каго ён сказаў быў, кладучыся спаць.
   Назаўтра ў Лысаковічавых на сходзе ззаду за людзьмі ў галавах, адсунуўшы крыху далей падушку, на ложку сядзеў. Адась з вусатым Антосем Драніцкім.
   – Што ж ты слова не закінеш? – знайшла яго там Волька. – Калгаснік, а зашыўся за людзей ды маўчыць.
   Тым часам сакратар партячэйкі блізкага саўгаса канчаў рабіць даклад.
   – Што мне?! Я тут не даўгавечны, – казаў Адась Лысаковічаўне.
   – А кашулю набраў на смерць? – не ў той зусім бок яна кінулася з жартам.
   – Пры чом тут кашуля? Я дзе пайду – прайду. Магу з малатком працаваць, а нарвецца дзе сталярка – і з гэтым не слабо. Махну ў горад. З працы рук я ўсюды сабе хлеб знайду. Вольны мне шырокі свет.
   Сакратароў даклад скончыўся.
   – Хто мае што сказаць? – пыталіся.
   – Кабеткі, вы нічога яшчэ не гаварылі, – прасіў іхняе думкі сакратар.
   – Ат, што мы скажам?!
   А тым часам ззаду ў гурце пачалі перш памалу, а потым што раз мацней-мацней дудукаць.
   – Што вы там самі з сабою гаворыце? Вы ўсім скажэце. Каб усе чулі...
   – I трэба сказаць, – аказаўся з ложка вусаты мужчына.
   – Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш.
   – Хадзі да стала бліжэй, таварыш Драніцкі, – па прозвішчы яго знаў сакратар.
   Так і зрабіў вусаты. Устаў і пайшоў праз людзей, гаворачы.
   Волька паправіла крыху падушку, што, седзячы, Антось падабраў быў пад сябе. Адсунула яе далей пад сцяну ды сама на тым месцы села. Яна была дома і глядзела парадку.
   – А што?.. табе ў калгасе будзе дрэнна? – пачала ізноў Волька спыненую гаворку. – Выкуеш сабе за дзень якія два-тры працадні – і не знайся! У нас трох кавалёў на вёску.
   – I ўсе калгаснікі, – падказаў Адась.
   – Вельмі добра. Астанецца толькі большую, прастарнейшую кузню паставіць, сабраць у вадно месца начынне і людзей.
   – Хто кажа, што дрэнна? Але большага, дальшага свету хацелася б паглядзець.
   Вісела тая кароткая, цеснаватая, дзяціная яшчэ Вольчына куртачка над ложкам на шастку. Як дома, распрануўшыся, у сінім каптане сядзела Волька на ложку. Што былі яны так паасобку – на ложку Волька, на шастку куртачка – не відаць было, як вырасла адна і як другая зрабілася малая. Не ў памяці было Адасю тут, на гэтым сходзе, якую ён стройную, высокую бачыў учора Вольку, як пераходзіла вуліцу ў вячорным змроку. Забыўся. Гаварылі пра калгасныя ды пра адыходніцкія справы. I не падумалася яму закінуць слова пра што іншае, драбнейшае: весела, кпліва спыніцца над дробяззю. Ён казаў:
   – Каб мне не армія сяголета, не сядзеў бы я дома. Даўно драпнуў бы куды. А то – што ты будзеш вырывацца на месяцаў колькі. Але яшчэ і так надзею маю, – разважаў Адась. – Возьмуць. Два гады адбуду, а там будзе відаць куды... Там ужо прасторны адчыніцца свет.
   Каля стала справілі рогат. Мусіць, нешта смешнае сказаў Антось Драніцкі. Ён палажыў асадку на стол.
   – Ну, што ж, – кажа, – мужчыны?! Падыходзьце болей. Што я, адзін за вас усіх сацыялізм зраблю?
   – Бярыце прыклад з таварыша Драніцкага, казаў сакратар саўгаснае партячэйкі.
   А далей «бягучыя справы» набеглі.
   – Ідзі атрымай... – успамянула Волька Адасю, што ён быў разбедаваўся, як яны хадзілі збіраць на самалёт.
   Пакінуў Банькоўчык сваё сціхлае незапамятнае месца на ложку за людзьмі. Падаўся ён бліжэй да стала.
   Там саўгас плаціў касцам за работу.
   Новыя – у руках шапацяць, як бярэш, – чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. I да іх далі два старыя, як з бота ануча, рублі. Харашэнька ў чатыры столкі злажыў Адась чырвонцы. Параўнаваў, разгладзіў ды да іх у таварыства далучыў два буластыя пакамечаныя рублі. Палажыў усё разам у стары свой, у адным ражку белымі шыўнымі ніткамі зацырованы палярэс.
   Далей-болей...
   I ўжо не казала Лысаковічаўна, што:
   – У нас усяго на трыццаць чатыры працэнты... – а смела адрэзала, робячы на камсамольскім сходзе ў ШКМ даклад пра ўдзел іхняе школы ў калектывізацыі.
   – У Вязавічах праведзена на восемдзесят пяць працэнтаў... – і была яна яшчэ больш рада, што сама адтуль, з тых Вязавіч.
   Сорак дзве хаты было ў саўгасе з тае невялічкае вёскі. А ў гэтых сарака дзвюх і Банькоўскіх хата лічылася. Маці і дзве незамужнія сястры – уся іхняя сям’я – былі калгасніцы. Усяго было за гэты час. I паміж усім гэтым здарылася тое, што ў злосці сталі і Банькоўскіх жанкі з Мятліцкаю.
   – I следу да гэных людаедаў не палажу цяпер, – казала аднаго разу на вуліцы Тэкля жанкам.
   Зямлі сабралася як вокам акінуць: сваёй, вязаўскай прыбыло вунь на колькі працэнтаў, ды яшчэ кулацкай – вязаўскіх Мятліцкіх зямлю ды шляхечай з засценкаў, з хутароў далі іхняму калгасу. Надышло жніво, і агледзеліся вязаўчане, што работніка ў іх свайго не стае. Прыехалі на іх поле жняяркі. Шырока, шмат занялі яны поля на свой круг. Выйшлі на поле вязаўцы з сарачні хат і агледзеліся яны, што на такой шыры, на такім прасторы жменька іх. А была пагода, сонца – сама што жаць, сама што сушыць ды ў такі дабро звозіць.
   Аказаліся вязаўчане ў другія калгасы. I чуў Адась у сваёй кузні на выгане, спаважна цягаючы мех, як:

 

Выпраўляла мяне маці,
Зялёнае жыта жаці, –


здалёк ды штораз усё бліжэй пад’язджала песня пад Вязавічы.
   Кінуў Адась сваю работу. Выйшаў з кузні паглядзець, адкуль гэта і хто. Але нікога нідзе не відаць было. Песня была за вёскаю, з другога боку. X стаяў Адась, плячысты, прысадзісты. Слухаў. Шырокія, як апраннікі, ляжалі яго старыя, растоптаныя боты ў гарачым ад сонца пяску.
   Песня сціхла, і Адась пайшоў у кузню.
   Пачакаўшы, ізноў кавалю давялося кінуць работу. Не вялікае што, а рупіла. Выйшаў ён з кузні – ажно няма дзе дзецца: наперадзе вёска, а за кузняю, за невялічкім выганам чыстае поле з усіх бакоў. I ўсюды людзі. Чатыры жняяркі адна за адною ішлі наўкола палетка. Віда-віда сціскаўся бліжэй да сярэдзіны спелы жытні круг. I жанцы і жнеі адным гурткам ішлі ззаду. Круцілі перавяслы, вязалі цяжкія, на кулі падобныя снапы.
   Ды рупіла Адасю, не было яму калі доўга ўглядацца. Мусіў ён хутчэй дадому пайсці – а гэта недалёка было, – каб там сярод будынка прызаняцца дзе.
   Коратак пры дружнай рабоце самы вялікі летні дзень.
   Увечары прыезжыя жнеі пайшлі ў прасторную раскулачаных Мятліцкіх адрынку, на калгаснае пахучае, мурожнае сена.
   Адзін Банькоўчык з усяго свайго таварыства астаўся ў Вязавічах. Кавальства прытрымала яго тут. А так усе хлопцы – хто куды відна: каторыя ў войска пайшлі, каторыя канавы капаць пад Смалявічы паехалі, каторыя каменне білі, недзе далёка адгэтуль клалі шашу. Вязавічы за падлеткамі (за «падшывальцамі», як іх Адасёва таварыства звала) асталіся.
   – Эх! Штто вы за хлопцы? –    не за вочы, а ў вочы казаў    ім, увечары на вуліцу выйшаўшы, Адась. Да наводных дзяўчат у адрынку ўлезці. Як плюнуць... От мы некалі! Дзе нас не было? Куды мы не дападзём. Каля нас як па брытве хадзілі. Бывала, калі адыдземся куды на вёскі... Яшчэ Антось Драніцкі нежанаты быў. Удвух, утрох пойдзем, а каб хто слова нам наперакор сказаў.
   – А забыўся, як з Казюкоў уцякалі.
   – Усяк было, – некуды дзецца Адасю.
   – А ці раз было!
   – А мы казюкоўцам аднаго разу... пачаў быў Адась.
   – Хадзем, хлопцы.
   I не далі Адасю гонар свайго таварыства аднавіць. Пайшлі.
   – От былі штуку падстроілі... – ідучы, намагаўся ён скончыць, але ніхто ўжо не слухаў.
   Нізкага росту быў Адась, а «падшывальцаў» на лес гледзячы ўчора павыганяла. I прапаў, згубіўся ён у іх гурце. Забыліся яны пра Банькоўчыка.
   З сярэдзіны былі зашчэплены жнеі ў адрынцы. Стузянулі хлопцы вароты.
   – Адчыніце.
   Ціха. Ніхто не пытаецца з сярэдзіны, хто там і чаго.
   – Свае, – на нясказанае пытанне адказаў нехта з хлапцоўскага гурту.
   У сярэдзіне ў адрынцы ціхенька, утаіўшыся, дзяўчаты смяяліся.
   Пад самым шчытам быў з аднаго боку незаложан закот. Тудою ўлезлі ўдвух. Адчынілі з сярэдзіны дзверы.
   – Заходзьце, хлопцы, – паклікалі ўвесь гурт.
   Ізноў згубіўся, на самым задзе астаўся Адась. Не хацеў ён быць непрыкметным. Вярнуўся дадому ад самых шырока расчыненых варот.
   Вуліцаю ідучы, убачыў адзінокі Банькоўчык Антося Драніцкага. Доўгія, пышныя вусы сабе загадаваў. I быў добры, рупны гаспадар. У гэту сяўбу выбралі яго вязаўскія калгаснікі сабе за палявода. А помніць Адась, як некалі, яшчэ хлопцам быўшы, яшчэ як не гадаваў Драніччык вусоў, яны разам блізкія вёскі, шукаючы весялосці, абыходзілі. Высока тады ляцеў ён, а цяпер сеў на ложку ля калыскі. Пакалыхваў дзіця.
   Некалькі быў Антось яшчэ сваім сватаннем славен у Вязавічах. Абы свята ці прысвятак, пападзе сабе якога п’янчужку ды і паехаў. Усё далёкіх незнаёмых дзяўчат аб’язджалі, і кожны раз у новую вёску. Мір народу праз гэта ён увазнаў. А ўзяў замуж сабе з Вязавіч Гэльку, што «ступкаю» звалі – надта ж яна куртатая была. I цяпер пры лямпе крышыла Гэлька буракі.
   – А-а, люліша, – цешыў Антось малое наравістае дзіця.
   Даўгавата ў іх пад акном стаяў Адась, пазіраў. Ды пасунуўея ён, як стары, памаленьку дадому.
   Падалося Адасю, што нешта белае матнулася ў Лысаковічавых у варотах... А пазалетась быў трывожны неспакойны час. I набегла Банькоўчыку даўно, яшчэ вясною чутая пагроза: «навернеш галавою». Ціхенька падкраўся Адась да Лысаковічавых хаты, каб згледзець, хто там, ды зрабіць перапуд. Зірнуў з-за вугла. Ажно гэта была ў белай хустцы Волька. Стаяла яна пры самай хаце ўзапершыся на плот.
   – Гэта ты? – здзіўлены быў Адась.
   – Я.
   – Што ж ты адна сягоння?
   Была цёмная-цёмная ноч. Было хмурна: ні месяца, ні зоркі. Парнасць і цяпло было, як перад дажджом.
   Узяў Адась Вольчыны рукі.
   – Якія яны мяккія, кволыя ў цябе. Адвыкла ў школе ад работы, гультайка.
   Хацела нешта Волька яму пра політэхнізацыю на гэта сказаць, але змоўчала. Цяжка было гаварыць у такую душную, цёплую ноч. Босая, у адным лёгкім паркалёвым кафтаніку, выйшла на хвілінку Лысаковічаўна паглядзець, дзе хто ёсць на вёсцы. Халаднавата ёй было ад адной летняй, парнай ночы. Бліжэй яна прыхінулася да Адася, а ён леваю рукою абняў яе гнуткі, малады стан. Ціхенька прастаялі хвілін колькі.
   – I што далей? – папытаўся Адась.
   – Не ведаю.
   Тады ён памаленьку знайшоў вусны.
   – Не трэба, – толькі пасля пацалунку ціха сказала Волька.
   А там бліжэй пад восень было. Крадком, ціхенька насоўваўся верасень. Халаднейшыя па жніве пачаліся метафарычныя вечары. Як і той першы раз, увечары белую хустку на Лысаковічавых двары здалёк убачыў Адась. I ўжо ведаў ён, хто там ёсць і чаго.
   Проста іх дваром дзьмуў халодны восеньскі вецер. Упіраўся ў Вольчыну кароценькую, цеснаватую картовую куртачку. То падымаў, то назад клаў ёй на плечы тую белую, здалёк запаметную, завязаную пад бараду хустку. I надзьмуў вецер холаду, восені ў іхнюю мову. Маўчалася добра, гаварылася нехаця.
   – Адась, а чаму б табе не падвучыцца трохі, успомніла Волька, як у яе на іспытах пыталіся пра Коласавы «На прасторах жыцця». – Як гэта цяпер, у наш час аб адной пачатковай школе быць? Я сабе ўявіць гэтага не магу.
   Падалося Вольцы, што нешта супярэчыць хоча Адась.
   – На работу будзе яшчэ час, – адказала яна яму на гэта. – Абы толькі хацеў, дык работу заўсёды знойдзеш.
   – Дзе ты бачыла! Стар ужо, – напраўду сам сябе шкадаваў Адась. I зусім гэты адказ быў не той, што чакала Волька.
   Яна была перш проста, як на сходзе, дзе на пытанне даючы адказ, казала:
   – Гэта не бяда.
   Потым прыслухалася да Адасёвых слоў, як бы лепш, адменна пачула іх. I падалося дзяўчыне, што пакепліваюць з яе, за малую маюць. Ёй яшчэ не трэ было маладзіць сябе, хацелася большаю, сталейшаю быць. Але няўдала, як уразіў Адась яе гэтым, незнарок сказаным, крыўдна зразуметым словам, жартавала:
   – Не смяшыў бы ты людзей сваёй старасцю! – павяла рукою па ягонай, тры дні як паголенай, барадзе.
   Паціскала Волька плячыма. Такі халодны вецер наскрозь хадзіў праз Лысаковічавых двор.
   – Хадзем на вуліцу – зацішней будзе, – убачыў Адась, што холадна Вольцы.
   – Падавайся на рабфак, – сказала яна, сеўшы з Адасём на прызбе пад хатаю. – Тры гады, а там і далей табе насцеж дзверы.
   Яшчэ ў тым вяку была Волька, што хацелася ёй без канца і без мэты далей у навуцы ісці. I падалося Вольцы, што яму, непрывычнаму, было замнога трох год.
   – I мне ж тры гады ў тэхнікуме быць, – на сваю нядаўнюю крыўду забылася яна.
   – А як ШКМ?
   – Я ж скончыла. А ты і не ведаў?!
   Тут за хатаю зацішней, цяплей было. Змоўкла, у задуменні прыхінулася Лысаковічаўна да Адасёвага плечука.
   – Што гэта: ці не гарыць што? –паказала яна на паўночны ўсход.
   – Гэта бляск ад Мінску. Кожны вечар, як крыху цямней, так.
   – Пятнаццатага і я там буду.
   Ізноў павяла яна рукою па яго шорсткай барадзе
   Цяпер, на прызбе пораўне седзячы, ёй было гэта многа зручней.
   – Добра? як пра наперад умоўленае, папыталася.
   Наклёўваўся ўжо і ў іх нейкі цікавы, працягам у горад перанесены сюжэт.
   – От толькі з Чырвонай Арміяй... – казаў Адась. – Мой жа год сяголета на прызыў ідзе.

   Гэтага года верасень з прызывам – удвух да Адася прыйшлі. Хмурны і радасны ішоў хлопец у суседні сельсавет, дзе быў пункт. Хмурыўся таму, што не так, як ён захоча, пакіруецца ягонае жыццё. I рад быў, што так яшчэ лепш будзе. Але забракавалі Банькоўчыка. Не варты ён быў у Чырвоную Армію. Стаптаўся Адась, над кавадлам стоячы, і ані – і заваду не было ў яго ўсходу на нагах: роўная і шырокая, як лапаць на васемнаццаць вушак, была ягоная ступа.
   – Гэта й добра, – казала дома маці. – Адбыў войска... а цяпер трэба думаць, як на свеце жыць. Жаніся от, ды пляшчы сваё жалеза пакрысе.
   I не чуў Адась матчыных слоў. Думалася яму, што на дварэ і гэты раз холадна, а колькі там цяпла з тае кароценькае, цеснай, трэці год ношанай куртачкі?! Хутчэй сёрбаў ён сваю, раніцаю звараную, прастылую вячэру.
   За навіну быў гэтага вечара Адась на вуліцы. Нічога яшчэ не ведалі ў Вязавічах. Думалі: нядоўга яму асталося дома быць. Усе сваё перабудуць: хто пазней – хто раней. А Адасю ж з гэтае восені пачыналіся ягоныя чырвонаармейскія два гады. I за гэта была яму ад яго вязаўскіх сяброў вялікая ўвага.
   Той самы – нізенькі, прысадзісты быў ён, а ўжо не губляўся болей у гурце. Усякаму ён сам, ягоная мова цікавы былі гэтага вечара:
   – Ну як, Адась?
   – Як? – пыталіся ў яго.
   – Не ўзялі, – кожнаму і ўсім разам адказваў ён. I куды дзелася тая цікавасць?! Ізноў кепікі пачаліся, як дазналіся хлопцы, што свой ён – навек вязаўскі астаецца.
   – Маўчаў бы лепш, не прызнаваўся. Гэта ж дзяўчатам у вушы як унясуць...
   Ізноў здрабнеў, згубіўся паміж гурту Адась Банькоўчык. I гаворка з ім толькі нагадвала хлопцам Яську, Вольчынага брата.
   – Чулі, што Лысакоўчык звыш тэрміну ў Чырвонай Арміі астаецца?
   – Праўда?
   – Учора ліст паштар прынёс.
   I нікому не ў галаве было, калі кінуў гурт збракаваны Адась Банькоўчык.
   Волька чакала, узапершыся на нізенькі, з тонкіх жэрдак плот каля вугла бацькавае хаты.
   – Як у цябе з Чырвонай Арміяй? – перш-наперш папыталася.
   – Хібіла, што ані ўсходу на нагах няма, – нехаця прызнаўся ёй Адась.
   У гэтым годзе скончыла Волька ШКМ. Не трэ было ёй казаць, што патрэбна абарона краіны, але такі – сама яна не ведала чаму – рада была, што Адася дома пакінулі, што нехта іншы ягонае ганаровае і адказнае месца заступіў. Але прыкрая Банькоўчыку была пра гэта мова.
   – Ну, а як ваш Яська? – пытаўся ён. – Звыш тэрміну астаўся?
   – Прыслаў ліст. Пытаецца: як лепш – аставацца ці дадому ісці.
   – Ну і што?
   – Напісала, каб аставаўся.
   I не такі ўжо халодны, ветраны быў той вечар, як, вячэраючы, думалася Адасю.
   Светлы, цёплы, пагодны ўдасца часам увосень дзень. Бабіна лета завуць. Ды не толькі дні – і вечары часам адменныя ўвосень, у верасень месяц трапляюцца. I невядома, як зваць іх: аж да гэтага часу імя не добрана. От табе і тэрміналагічныя камісіі!..
   Мелі б мы толькі што згаданую выгаду і карацей, прыгажэй можна было б сказаць пра той вечар. Штораз болей тады праяснівалася над Мінскам. Было нешта асаблівае там.
   – Старайся цяпер камандзіроўкі, – казала Волька.
   Толькі не відаць было пацёмку, што ёй на гэта адказаў Адась.
   Даўжэй і шпарчэй назаўтра раздзімаў ён свой горан. Ахвотней і лепш кавалася яму. I так і гэтак меркаваў. I ўсё выходзіла добра. Даўней са сваёй гаспадаркі нельга было: гаспадара б дома не асталося, а цяпер з калгаса можна і адлучыцца: маці з сёстрамі самі заробяць сабе хлеба.
   Прыцягнуў палявод Антось Драніцкі пад кузню жоўтую калгасную каламажку на жалезным хаду. Лекаталі непадмазаныя колы. I ўсё-такі незаўважаны ўвайшоў ён у поўную дыму Банькоўскага кузню.
   – Паглядзі, – кажа, – што ёй недалягае.
   – А што? – прахапіўся каваль.
   А нешта на задняй восі з правага боку лютэрка не трымаецца: трэба анучу падкручваць, як едзеш дзе. I тут крыху акуцце папраў, – паказаў Антось, на двор да каламажкі вывеўшы каваля.
   – Трэба, – кажа, – каб усё спраўна было.
   – Што табе гэтак прыспела з каламажкаю?
   – Заўтра ў мястэчка паеду. Трэба з крэдытамі як уладзіць, што некалі, аднаасобнікамі яшчэ быўшы, нашы калгаснікі бралі.
   – Хто болей з табою паедзе?
   – Я адзін.
   Хутка споздрыў Адась, якое яму шчасце само ў рукі прыйшло.
   – Мяне, – пытае, – возьмеш?
   – Добра. Едзьма.
   Новага, нядаўна купленага ў калгас белага каня назаўтра запрог Антось у тую жоўтую каламажку.
   Бедаваў дарогаю:
   – Хаця каб ён аўтамабіляў не баяўся, а то чыстая бяда будзе з такім канём у мястэчку.
   – А які ў цябе там інтарэс? – папытаўся ў Адася.
   – А дай рады! Аж няспрытна прызнацца. Як малы ўсё роўна, – на курсы думаю паступіць.
   – Ну і што? Час цяпер такі. Усе то вучацца, то перавучваюцца.
   Хутка ў мястэчку справіў свае справы Антось.
   Адась з камандзіроўкаю таксама не забавіўся, але належала яму яшчэ прэміроўка.
   Меўся Банькоўчык справіць сабе на зіму новыя боты. Зайшоў ён у кааператыў. Ажно там, як на тое ліха, не было на ягоныя апраннікі сорак шостага нумару.
   Не даў веры Банькоўчык кааператыўшчыкам. Наважыў спрактыкавацца сам: дзве большыя пары папрабаваў мераць, ды дзе там – у халяву чуць лезуць яго шырокія растаптаныя ногі, а не тое каб абуцца.
   Зайшоў па дарозе ў другія кааператывы, паглядзець, што там ёсць. Але нічога не спадабалася. Так і прынёс да воза тыя чатыры новыя чырвонцы. Адлажыў купліва на другі раз.
   – Ну як, далі? – папытаўся яго Антось, як да воза сышліся.
   Дастаў Адась з штаноў з глыбокай кішэні свой белымі шыўнымі ніткамі ў ражку зацыраваны палярэс, а з палярэса ў чатыры столкі зложаную паперку.
   – Зірні, – кажа.
   – О, гэта я скажу, што з розумам хлопец робіць. Я сам, каб не жонка, не дзеці, здэцца б, на якія курсы пайшоў. Сям’я мне адно свет завязала.
   Ізноў харашэнька злажыў Адась камандзіроўку і на старое месца, у тую самую кішэню палажыў яе. Можна было і дадому ехаць. Але тут умяшаўся дзень. Быў ён хмурны, ветраны.
   – Можа б, пагрэцца трэ было. Як ты думаеш? – папытаў Антось.
   – А не пашкодзіла б.
   I зрабілі яны лад. Дастаў Адась тыя два, як ануча з бота, рублі. Прыкінуў да іх Антось свае два, крыху навейшыя, ды і кажа:
   – Папільнуй ты, Адась, воза. Я схаджу вазьму... Тут недалёчка.
   Велікаватая чарга там сабралася. I ўсю яе сваёю штукаванаю моваю здзівіў Антось.
   – Дай мне, – кажа, – кавалак гарэлкі.
   – Кажы як чалавек, колькі табе трэба, ды людзей не затрымлівай, – як каса, на такога ядавітага чалавека трапіў Антось.
   – Я ж кажу: дай з паўметра, – як камень, цвярды быў вязаўскі палявод.
   – Плаці тры рублі пяцьдзесят капеек, – давялося таму зразумець Драніцкага.
   – Цябе толькі па смерць пасылаць, – лаяў яго пры возе Адась Банькоўчык.
   – А дай рады! Забавіўся.
   Ужо з места раз’язджаліся людзі. Што раз відней яны мястэчку з пляшкаю на сваім возе былі.
   А што, калі нас хто з раёна за гэтаю работаю убачыць? – цікава было Адасю. – Я, дык ужо – дармо. А ты ж сякі-такі начальнік. Палявод.
   Пакуль шклянога бога добра не ўбачыў, Антось казаў:
   – Ну што ж! Трэба ж пагрэцца. На гэта людзі ўвагу маюць.
   А як перапусцілі разоў колькі, другі сюды з’явіўся Антось. I адкуль ён нарваўся – той самы, даўнейшы, што некалі з Адасём у чужыя вёскі на вечарынкі хадзіў.
   – Што? – адразу крыкам у іх ціхую, памяркоўную гаворку ўмяшаўся гэты прыблудны задзіра. – Калі мяне за палявода асадзілі, дык ужо і горла завязалі? Ужо з добрым чалавекам мне і хэўры паганяць нельга?! Дык бярэце з мяне к чортавай галаве свайго палявода – от што я скажу.
   Выехаўшы за мястэчка, пайшоў калгасны палявод нацянькі ўспамінамі да таго, яшчэ хлопца, нежанатага Антося.
   – Эх, як маладзейшы быў, – падцмакваў дарогаю. – Сам ведаеш. У тваіх гадох, а то і маладзей. Што я па сватох папаезджаваў! Гэта мне як плюнуць было. I ўсё маладых, бывала, мы з сватам дабіралі дзяўчат. Сам ведаеш. Першых сватоў не пачаставаўшы не адпраўляюць... А гэта многа значыць, калі хочаш абы толькі...
   Аўтамабіляў не баяўся, але не ведаў сам з мястэчка да Вязавіч дарогі белы, нядаўна куплены конь. I не было каму паказаць гэта каню. Адзін расказваў, а друг слухаў – абодва вязаўскія калгаснікі былі заняты. Надаўгад яны ехалі, пакуль не спыніліся.
   – Но, каб ты выдах! – гукнуў Антось на каня.
   Былі яны ў вёсцы проці нейчых незнаёмых варот.
   А на двары стаяла жонка з вядром.
   – Янук, зірні ты: наш белы дому не забыўся, каму яна казала – невядома: ніякага Янука, прахапіўшыся, разгледзеўшыся, дзе яны, нідзе не бачылі вязаўчане.
   – Дзе гэта мы?
   – У Анекдотах*, – кажа Антось. – Гэты конь з Анекдотаў і завёз нас на сваё старое месца, траха не на самы двор.
   – Скажэце: кудэю тут... – ужо дарогі пачынаў пытацца Адась.
   – Эт! Было – не было!.. – на нешта смелае адважыўся Антось. – Аднак, – кажа, – тут Здарэнне блізка, – сцебануў ён каня і адвёз далёка ад тае жонкі Адасёва запытанне. – Раз блудзіць!
   – А гэта ў якую вёску едзем мы? – папытаўся Банькоўчык Антося.
   – У Вялікія Анекдоты.
   – Добра. А там, што праехалі?..
   – Гэта Малыя Анекдоты былі.
   – Можа б, мы другою якою дарогаю?..
   Быў непаваротны, цельпукаваты Адась Банькоўчык – акурат традыцыйны герой беларускае літаратуры. Абы абмінуць сціслы, трапны – такі нязвыклы ў нас – анекдот, ён гатоў быў даць вярсты тры апісаўчага, матывавальнага кругу.
   Але быў з традыцыйным Адасём Антось Драніцкі – утрапёны чалавек.
   – Ізначай няма дарогі ў Здарэнне. Толькі праз Анекдоты ехаць трэба, – а ён добра знаўся ў гэтым баку.
   Ды пакуль што ані не разумеў Банькоўчык Антося. I на што яму – утрапёнаму – тое Здарэнне?
   – Паедзем у сваты: аднак вечарэе. – Пазней той растлумачыў. – Толькі выбачай: не першыя будзем. Па сваім даўнейшым следзе цябе павяду.
   – А мешалкі мы не заробім, як добра да свата прыгледзяцца?
   – А во, – узяўся Антось за доўгія, пушныя свае старэчыя вусы. – I не падумаюць пра падабенства.
   – Чорт яго... – не мог адважыцца Адась. – А потым...
   – А потым: другі раз не прыедзем... Вып’ем сабе, закусім, а там – першы і апошні раз яны нас бачылі.
   – Ну, калі так, то – давай, – пасмялеў Адась.
   Добра дарогу знаў Антось у гэтым баку. Зрабілі яны за Анекдотамі дзве павароткі і ўехалі ў самае Здарэнне – у новую, Адасю незнаёмую вёску. I што яшчэ цікавей: якраз перад тэю хатаю сутрымаў Антось свайго белага калгаснага каня, дзе дзяўчына была напагатове, каб замуж пайсці.
   Сватоў прынялі ветла. Частавалі добра. Доўга зацягнулася сватанне. Пад паўдня назаўтра ўехаў палявод з кавалём у Вязавічы.
   З калгаснае аборы вазілі гной. Якраз з поўным возам давялося размінуцца запозненым сватам.
   – Гэта вы яшчэ ад учарашняга? – пераязджаючы вуліцу, папытаўся калгаснік.
   – А дай рады!
   У аборы дзяўчаты накідалі гной. Пачулі паляводаў голас. Ужо ўсякіх жартаў і меркаванняў было ў Вязавічах – чаго б гэта заначавалі Антось з Адасём у мястэчку. I цяпер цікава было дзяўчатам падхапіць ад іх саміх самую праўдзівую навіну пра гэта здарэнне.
   Павыходзілі на вуліцу накідальніцы. Заступілі дарогу. Як на рабоце былі, так і выйшлі – з сахарамі.
   – Дзе гэта так забавіліся?
   – У сватах, – сутрымаў Антось свайго белага, блуднага каня. – Што вы на гэта скажаце?! – смяецца ён бесклапотна.
   – Праўда? – гуртам прыступілі дзяўчаты да Адася. I Волька Лысаковічаўна стаяла сярод іх, узапершыся на сахор, чакала, што Адась скажа. А той маўчаў. Што яму казаць? Ды і нашто? Першы і апошні раз яго там бачылі. Што ён другі раз туды паедзе, заручыны будзе рабіць?.. Маўчаў Адась, бо не даў бы яму салгаць сват.
   Тым часам наўкола фурманкі ўсё прыбываў гурт.
   – Чулі... – падышла сюды з другою навінаю Адасёва меншая сястра. – Чулі, якую Мятліцкага шыла-хвост на вас лухту вярзе? «Што гэта, – кажа, калгаснікі, як аблудныя ходзяць?» –ды паказвае сюды. От толькі што, вуліцаю ідучы, чула.
   – От, скажы, не дадуць сучцы прытону.
   Ніякай навіны ад мужчын не папаўшы (таму, аб чым Антось прагаварыўся, не паверылі), на зусім іншае пераскочыла ў дзяўчат гаворка.
   – Дадуць. Не бядуй. Далі Мятліцкаму – дадуць і Мятліцкай.
   – А дай рады!.. ужо другі месяц на казенным хлебе пане Мятліцкі...
   Умяшаўся ў іх гаворку і Антось. Быў ён гаспадарны чалавек ды і палявод к таму.
   – Ідзіце, – кажа, – дзяўчаткі, накідаць, а то зараз прыедуць па воз, а вы тут гульма гуляеце. – Вязі, – кажа да Адася, – каламажку, – а сам ён злез з воза і пайшоў парадкавацца на калгасны двор.
   – Адась! – гукнуў палявод з двара.
   Той ужо далекавата ад’ехаўся быў.
   – Што? – лейцамі сутрымаў ён крыху каня.
   – Ты ж яе ў Януковым таку пастаў. Каня на пашу завядзі. Глядзі не напаі толькі з дарогі.
   Не залюбіў Банькоўчык апошняга загаду.
   – Што я, малы?.. Не ведаю, ці што? Но! – таркануў ляйчынаю белага.
   Восень, што далей, то ўсё болей уваходзіла ў сілу. Халаднелі вечары. I тая самая, як і раней, была куртачка на Вольцы.
   – Ну як? Далі камандзіроўку?
   – Далі.
   Свяціў белы, халодны месяц. Відно ды бескарысна было.
   – Пакаж. Я пагляджу, як яны табе напісалі.
   Палез Адась у кішэню. У адной памацаў, у другой – няма. Усё перашукаў – нідзе не знайшлося.
   – Ляснула, – казаў, – грошай сорак рублей.
   – I ты не помніш дзе?
   – Дзе ж? У сватох. Каб яны скрозь зямель пайшлі!
   Холадна было Вольцы ў сваёй кароткай, цеснай куртачцы. Успомніла яна пра сваю дарогу.
   – Трэба ісці спаць ужо. Заўтра мне ж зараней уставаць. Каб хаця на ранні цягнік не спазніцца, – памалу, як бы гэта ёй немаведама як цяжка было, расказала Волька свае новыя турботы.
   – Дык чаго там надта спяшацца. Паспешышся. Далёка там тая станцыя – тры вярсты.
   – О, дзе ты бачыў! Трэба ісці.
   – Заўтра пятнаццатага?
   – Не. Але мне трэба раней.
   Памкнулася ісці ў хату.
   – Што ж ты?.. I развітацца не хочаш?
   – Я й забылася, – яна вярнулася, падала руку.
   I пайшла.
   На вялікі жаль, у жыцці здараюцца сюжэты рэдка, а ў беларускай літаратуры ўдаюцца яшчэ радзей. Калі на жыццё разы два чалавеку выпадзе такая ўдача, дык і то ён не ведае, што з ёю рабіць – да таго доўга ўсё гэта зацягне, што аж збрыдае ўсім і самому яму. Не ўдалося гэта і маім героям с не зацягнулі, дык спынілі яны яго заўчасна. Зусім не выйшаў, мабыць, самы цікавы, у Мінск перанесены працяг. Ды дзе там Мінск? I знаку ад яго не было ў гэту халодную, відную ноч.
   Ублыталіся ў справу сорак рублёў, і мусіў Адась другі раз туды ў сваты ехаць.
   Палярэс знайшоўся.
   I зноў забавіліся яны там цэлую ноч. Гаварылі сваты ды і ўгаварыліся: сказалі, розум адпіўшы, што цераз тыдзень зробяць заручаны.
   Скупаваты крыху быў Адась. Ужо, каб вяселле раскідаць, трэ было ўтратнае вярнуць. Пашкадаваў ён, што дорага абыдзецца. Так, нехаця, і склеілася ў яго. Папоў паблізу нідзе не было – звёўся, «няўрокам кажучы», як жартавалі ў Вязавічах, іх народ. Ды і так усё добра абышлося. Шлюбу не бралі. Але былі і далёкія з шамкамі, з званкамі вясельныя пераезды, было ўсё, што яшчэ не звялося: і вянкі дзяўчаты вілі, і на дзяжу маладую садзілі, і песні пяўчыцы пелі, адбіралі ў свацці пірог. Плакала і маладая над куфрам скупымі традыцыйнымі слязьмі.
   Шырэй ступім у гэтым месцы. Тут старое, спрадвечнае, акамянелае...
   Было весялосці, музыкі ў Банькоўскіх – аж разлягаліся Вязавічы. Аднаго не было там – Волькі Лысаковічаўны. Відаць быў і гэтага разу, як заўсёды, далёкі бляск над Мінскам. Там цяпер была Волька ў нейкім тэхнікуме.
   Можа, і не ў галаве ёй цяпер былі Вязавічы, гэта вяселле. А тут яшчэ пра яе не забываліся.
   Ішло на рэчку ў халоднай восеньскай вадзе абрусы мыць Банькоўскіх вяселле. I везлі на калгасным кані таго дня Тэклю Мятліцкую на вакзал. Назусім яна з дзецьмі ехала адгэтуль. Зірнула на Банькоўскіх усыпаны людзьмі двор.
   – Такі не ўшчапіўся Лысаковічавых вытлук, успомніла яна яшчэ Вольку. – А трасцу! асыкнулася Тэкля са злосці і здавальнення.

.    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .
   А зіма надыходзіла...
   Лятаў той самы, у пачатку спамінаны, рэдкі снег. Далей – болей... ды пачаліся мяцеліцы, пачало сыпаць «па бабіным куску». I замяло Вязавічы, гурбамі вёску паабстаўляла.
   У самыя кручаныя нядзелі пусцілі былі Яську Лысакоўчыка на два тыдні дадому. На другі дзень выйшаў быў ён, як сціхла мяцвліца, прайсціся па вёсцы, паглядзець, дзе-што ў ёй адменнае стала. У вёсцы паміж будынкаў было ціха. Мяцеліца сунялася. Але яшчэ не працерлі саньмі дарогі – замецена была вуліца ў Вязавічах. Не прайсці было. Калматыя ад снегу парабіліся Яськавы новыя, шчыгульна да нагі дабраныя боты.
   З канца ў канец прайшоў Лысакоўчык сваю невялічкую вёску. Выйшаў на выган. Ажно там, за Банькоўскаю кузняю, у чыстым полі свету не відаць. Зверху снегу не было, але вецер драў з поля і гнаў перад сабою цэлыя хмары.
   Нідзе на цэлай вёсцы нікога не было. Толькі тут, у канцы, каля кузні, заўважыў Яська чалавека. Па старым зношаным кажуху быў ён падпяразан шырокаю абшмулянаю старарэжымнаю яшчэ дзяжкаю. У шырокіх надалончаных рукавіцах ягоныя рукі здаваліся мядзвежымі лапамі. Каб не пры кузні стаяў, дык бадай што не пазнаў бы Лысакоўчык свайго даўнейшага сябра Адася – так ён адмяніўся.
   – Чаму ты дома? – здзівіўся Яська. – Мне ж Волька неяк увосень пісала, што ты на рабфак думаў падацца.
   Не было чаго казаць Адасю. I зацёр ён гэтую гаворку, як бы забыўся на Яськава пытанне.
   – Хадзем у хату: чаго дубець на гэтым скавышы, – зазваў Лысакоўчыка.
   За адным скрыпам за імі ўвайшла да Банькоўскіх цёпла апранутая – відаць у гадах ужо дзяўчына. Насекла яе мяцеліца, разагрэла варушкая, ахвотная работа, і цяпер, зірнуўшы на дзяўчыну, здавалася – во зараз капне кроў з поўных, здаровых шчок.
   – Дзе гэта наш шуфель дзеўся? – папыталася яна ў старой Банькоўскай, у Адасёвай мацеры. – Трэ было б, – кажа, – сцежку да склепа пракідаць... Замяло, дык цяпер ні прыступу.
   – А ты ў сенцах у кутку зірні, – параіла тая з печы, са сваёй высокай старэчай гары.
   Варушкая была незнаёмая Яську дзяўчына. Не забавілася яна ў хаце. За работаю, як вада ў рацэ, пайшла.
   – Сваячка? – папытаўся Яська ў Адася, як толькі тая схавалася за дзвярыма.
   – Дзе ты бачыў!.. Мая жонка, – як бы нехаця прызнаўся Адась.
   I трэба сказаць, каб больш дакладнае апісанне было, што ўзяў Банькоўчык «тую Славу, што сядзела на ўсю лаву», пра якую ў прыпеўцы сын мацеры адпявае: «А мамачка, не хачу, бо на ложак не ўскачу». Мажная Міхаліна, ягоная жонка, была.
   Сядзела Банькоўская на сваёй старэчай гары. Шырока – на ўсе тры акны – відаць ёй свет.
   – Зірні, Адась, у акно: што гэта за яна? – Нешта згледзела на вуліцы цікавае маці.
   Высокая, стройная, завеянай снегам вуліцаю ішла з клумкам дзяўчына. Не мог пазнаць яе Адась, а маці непакоілася на сваёй цёплай гары:
   – А што? Хто гэна?
   – Хто яе ведае! Новую настаўніцу, можа, прыслалі, ці што...
   – Гэна ж наша Волька, – адразу пазнаў Яська, – са станцыі... Нябось хапіла з яе... Такая завея!
   – Эт, што гэта значыць маладой тры вярсты са станцыі перабегчы, – і не шум баравы Банькоўскай на печы па мяцеліцы быў.
   Якраз Вольчыны вакацыі з братнім водпускам разам прыпалі. I яна спяшалася дадому.
   У гарадскім паліце ішла цяпер Лысаковічаўна. Пазіраў Адась ёй услед. I шкода зрабілася Банькоўчыку тае цеснаватае куртачкі, шкода ўсяго, што было ды мінулася. Ішла Волька гладкаю, мяккаю вуліцаю. Глыбокія ад яе аставаліся сляды. Ды ведаў Адась, што пройдуць людзі, пройдзе мяцеліца гэтаю дарогаю і не астанецца знаку: даўнасць іх затрэ, зацярушыць.
   Відаць было Адасю, як ішла з шуфлем гладкаю, толькі што пракіданаю сцежкаю Міхаліна. Спынілася, на вуліцу выйшаўшы, пачакала, каб спачатку першая прайшла Лысаковічаўна.
   – Трэба ісці, – убачыўшы сястру, неўзабаве устаў Яська з лавы.
   – Пабудзь. Яшчэ нагаворышся... будзе час.
   – О, дзе вы бачылі! Прыйду калі другім разам надаўжэй.
   – Дзве штукі маеш, – толькі цяпер заўважыў Банькоўчык сябраў каўнер.
   – Хутка тры будзе, – сказаў той, развітваючыся.
   Пайшоў Адась за ім дзверы зачыніць: ёсць такі стары звычай. I цяжкія яму былі ягоныя пляскатыя, без усходу – бракоўныя ногі...
   Каб не холадна было ад пазалеташняга снегу, што так скупа, па каліўцу лятае ў канцы навелы, каб свету не засталучыла тая мяцеліца, што далей – у кручаныя нядзелі – пачалася, пасвецім сонцам леташняй, 1931 года, вясны.
   I хвала паводцы... як другой, так і ўсякай наступнай балынавіцкай вясны! Усё пазалеташняе, невелічнае – тады толькі бурбалка на шумлівай хвалі. Нахопіцца дзе ўцішку: пры беразе, ля залітых кустоў: з’явіцца крохкая, выштукаваная тысячамі нечым абумоўленых выпадковасцей, форма. I толькі – момант! А далей – шугане высшая, дужэйшая хваля. I знаку на тым месцы не знайсці – змяшалася, зблыталася і далей пайшло.
   Але можа-такі не растаць, сцаглянець і астацца крохкі пазалеташні снег. Скупа, па каліўцу на кадр будзе цярушыць ён, дробнымі белымі кропкамі абсыпаць цэлулоід кінематаграфічнае стужкі. I так да самага канца няма канца на яго. А ў канцы прычыннік наравісты, свавольны рэжысёраў мантаж. Але спыніся, пусці нанава – і пачнецца табе спачатку пазалеташняя мяцеліца. I не ў галаве ёй, цэлулоіднай, што дораг час, што новая паводка блізка.

1932 г


* Анекдоты – вёска такая пад Здарэннем ёсць. Дайце рады.

Похожие статьи:

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Нядоля Заблоцкіх

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Вясна

Лукаш КалюгаЛукаш Калюга - Баркаўцы – добрая вёска, і баркаўчане – вясёлыя людзі

Лукаш КалюгаТворчасць Лукаша Калюгі

БиографииЛукаш Калюга