Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ларыса Геніюш - Нёмне

Гэй, Нёмне шырокі, як лён галубы,
мой дружа з гадоў тых дзяціных!
Вясёлы ля берага, срогі ўглыбі,
імклівы, ў бягу несупынны.

Праз срэбныя далі хвалюючых ніў
і зелень лугоў аксамітных
ты грудзі Краіне чароўна абвіў
шырокаю стужкай блакітнай.

Калі бліснеш хвалі сталёвай луской –
ў дзявочых, ў вясёлкавых мроях
ты быццам бы рыцар, бы казачны вой
ў жалезнай закованы зброі.

І часам здаецца, вось ў воблакаў сінь,
над соснаў стрункіх верхавіны,
бы волат, бы верны зямлі нашай сын,
на помач устанеш Краіне.

Калі ж задуменнасць агорне лугі
і змораны вецер спачыне, –
люструешся стройны, прыгожы, даўгі,
як вочы дзявочыя, сіні.

Начамі тужліва на неба глядзіш
ў сярэбраным бляску крыштальным,
а месяц прыходзіць к табе маладзік
купацца ў запененых хвалях.

І сосны, і вольхі, і дуб к табе стаў
на бераг круты і адлогі.
Бы ў люстры, бярозаў калышацца сталь,
б’е хваля аб белыя ногі.

Калі ж спаўюць шыза цябе туманы,
бы пачассем бераг авеюць, –
народныя ціха калышаш ты сны
ды вольныя думы лялееш.

Як дні, безупынна імклівы твой бег;
жыццё – твае звонкія хвалі.
Народнаю песняй калышам цябе,
як колісь дзяды калыхалі.

Гэй, Нёмне шырокі, як лён галубы!
Кроў сіняя любай Краіны!
Вясёлы ля берага, строгі ўглыбі,
як вочы дзявочыя, сіні!

1939 г.
 

Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.