Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ларыса Геніюш - Князь Усяслаў Чарадзей

Серп-месяц на небе між хмараў брыдзе,
срэдзь семені зор адзінокі;
вось, быццам гуляе шчупак па вадзе,
ныраючы ў хвалях глыбокіх.
 
Арол, гэтак ўзбіўшысь пад воблакаў сінь,
магутны сваёй адзінотай,
аб шэрай нізіне забудзе зусім,
паднебным упіўшыся лётам.
 
У кіеўскім замку Ўсяслаў Чарадзей
змагаецца з духам бурлівым,
і ўздох гладзінёю калыша грудзей,
бы вецер даспелаю нівай.
 
Ён думаў не можа цяжкіх ўгаманіць,
тугі сваёй ўцешыць да краю;
і гордае князева сэрца баліць,
ды сон ад вачэй адлятае.
 
З вязніцы сумнай на княжы пасад
яго увесь Кіеў паклікаў –
ён ўсё ж з панавання ні з волі не рад –
не хоча той чэсці вялікай.
 
Мілейшыя сэрцу парогі сваі,
пасад свой і тыя дружыны,
з якімі хадзіў у цяжкія баі,
баронячы межаў Айчыны.
 
Мілейшы той Полацкі край дарагі
і пушчы з пахучай жывіцай...
Нядаўна Нямігі ціхой берагі
крывёю зліліся крывіцкай.

Там мужных ваяраў ляжаць чалясы –
хто ж гоіць крывіцкія раны
тады, калі князь, першы Полацка сын,
чужацкія носіць кайданы?
 
І хоць над Нямігу склака груганоў
не раз ўжо зляталася ў госці –
ўсё ж князева сэрца начамі дамоў
ўсё клічуць байцоў сваіх косці.
 
Ўжо цемень радзее, ўжо зоры ўцяклі
і знік бляды месяц за імі –
князь ўсё яшчэ чуе зямлі сваёй кліч
ды з думамі б’ецца цяжкімі.
 
Ён чуе, як рвецца Дзвіна ў берагох,
бароў сваіх гоман адвечны,
ён чуе, як ў полацкіх гордых мурох
шуміць ўсхваляванае веча.
 
Цвіце ужо неба, як тыя ляны,
і дзень ўжо над Кіевам сіні –
князь слухае сэрцам – б’юць, звоняць званы
у полацкай роднай святыні.
 
Нядарам казалі, што князь – чарадзей...
Хто ж, духам прабіўшы прасторы,
у Кіеве чуў бы, як звон свой гудзе,
хто б знаў, што ён сэрцу гавора?
 
Вялікае сэрца мець трэба ў грудзёх
і духа магутныя чары,
каб чуць, як у полацкіх гордых мурох
у звон святой Зофіі ўдараць.
 
Агнём палымяным трэ край свой кахаць,
трэ вырасці з ніваў, загонаў,
каб славу, багацце – ўсё кінуць, аддаць
за кліч свайго роднага звона...

1941

 

Похожие статьи:

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Дняпроўскі чарадзей

Пераказы, дыктантыУсяслаў Чарадзей

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Аблокі

Ларыса ГеніюшТворчасць Ларысы Геніюш

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Усяслаў