Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вацлаў Ластоўскі - Усяслаў

   Усяслаў быў сынам Братаслава, а праўнукам Рагнеды. Яшчэ перад нараджэннем Усяслава да княгіні, маці яго, прыйшлі варажбіты-старцы і сказалі, што яна народзіць сына, каторы праслыве адвагай і мудрасцю далёка па свеце. Калі нарадзіўся Усяслаў, бабкі, купаючы князевіча, убачылі ў яго на патыліцы радзімы знак у кшталце звязды і месяца. Прызваныя на князёўскі двор варажбіты сказалі, што гэтыя знакі на патыліцы князевіча значаць, што ён будзе мець надпрыродную сілу, але іх трэба хаваць ад людскога вока. дзеля гэтага князь Усяслаў усё сваё жыццё насіў на галаве павязку.
   Калі князь Усяслаў вырас і стаў княжыць над беларускай зямлёй, то ён мудрымі войнамі расшырыў межы беларускага княства. Суседнія князі яго шанавалі за мудрыя рады, народ любіў за справядлівасць, а ворагі баяліся яго. Людзі забабонныя расказвалі, што князь Усяслаў перакідаецца ў ваўка і ноччу абягае сваё і суседнія княствы і бачыць усё, дзе што і як робіцца, што вочы яго праз найтаўсцейшыя сцены бачаць і вушамі ён за соткі міль кожны голас чуе. Княжыў Усяслаў 87 гадоў, памёр у 1101 гаду.

 

Песня а князю Усяславе


Усяслаў людзей сваіх судзіў,
Парадкаваў князямі,
А па начах, як воўк, блудзіў
Ад краю ў край лясамі.

Ось ён з-пад Кіева бяжыць,
А покуль дзень настане
І золак землю азарыць,
Надморскі край агляне.

У Полацку званы гудуць
На замку ў Сафіі,
Ён сонейку праскочыць пуць
І ўчуе званы тыя.

Нямала й ён перацярпеў,
Хоць духа меў дзіўнога…
Аб ім калісь грымеў прыпеў
Пяўца быліц старога:

«Хоць хітры будзь, хоць борзды будзь,
Як сокал у ясным небе.
А волі Божай не мінуць
Нікому ні ў якой патрэбе».



[1916]

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыУсяслаў Чарадзей

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Князь Усяслаў Чарадзей

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Лабірынты

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Дняпроўскі чарадзей

Пераказы, дыктантыПолацкае княства