Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кузьма Чорны - Зямля

   Ужо назва рамана «Зямля» гаворыць пра тое, што галоўнай у ім з'яўляецца тэма зямлі. Сам пісьменнік прызнаваўся, што пафас гэтага твора — «замілаванне да роднай зямлі, да прыроды, хараство беларускіх простых людзей». Як і Якуб Колас у «Новай зямлі», Кузьма Чорны імкнуўся паказаць вялікую «ўладу зямлі» і ўладу над зямлёй, паэзію чалавечага існавання, быцця на зямлі». Да адлюстравання жыцця беларускай вёскі, побыту і псіхалогіі сялянства звярнуліся таксама ў сваіх эпічных творах у 20-я гг. Міхась ЛынькоўНа чырвоных лядах»), Міхась Зарэцкі («Вязьмо»), Кандрат КрапіваМядзведзічы»), Наша проза той пары добра раскрыла маральна-этычныя і эстэтычныя погляды беларуса на зямлю, працу, уклад жыцця. Кузьма Чорны стварыў паэму ў прозе, дзе лірычная плынь пачуццяў тонка знітавана з эпічным апавяданнем. Слушна адзначае Васіль Вітка, што «ў Чорным, як вялікім мастаку, шчасліва аб'ядналіся два таленты — эпічны і лірычны. Боязь лірыкі ў прозе не замінала яму, аднак, быць паэтам».
   У рамане «Зямля» пісьменнік шырока разгортвае перад чытачом маляўнічы і непаўторны свет прыроды роднага краю. Пейзажы тут з незамкнёнымі даляглядамі, эпічна-велічныя, поўныя раздольнай і разам з тым таямнічай красы: «Па высокім небе плылі абрыўкі хмар, і ўсё было прасторным на зямлі»; «...зялёная сінь неба веяла бязмежнай далечынёю. На зямлі было пуста і прасторна»; «Вялікая шырыня ляжала на ўсім» і інш. Які неабдымны зямны прастор, якая эмацыянальна-эстэтычная раскаванасць светаўспрымання! Стыль пейзажнага пісьма Кузьмы Чорнага найчасцей уяўляе мяккі акварэльны жывапіс, прасякнуты любаваннем «прасторнай цішынёй», маўклівай одумнасцю прыроды: «Сінія далягляды былі маўклівымі і думнымі, як і той дзень, шумны толькі ветрам ды жоўклым лісцем на кустах...» Прыродаапісанні ў рамане вельмі меладычныя, псіхалагічна-настраёвыя, пераважна мажорныя па сваёй афарбаванасці. Зямля паўстае як жывая, адухоўленая істота, і празаік імкнецца перадаць яе пэўны стан ці настрой: «...дзікія кветкі — пазгорталі па поўдні жоўтыя галоўкі і застылі так нерухома, надаюць яны зямлі выраз жывога твару, як і лагоднасць паблеклага ўвосень сонца», «летнім тварам зарадавалася зямля», «Весялілася ж і зямля...», «...зямля маўчала, слухала ў чулай дрымоце і вострай чуласці» і інш. Зямля, як думаецца, з'яўляецца галоўнай дзейнай асобай у творы. Восеньскія краявіды глыбока палоняць сэрца празаіка, нараджаюць адчуванне свабоднай шыры зямлі, пачуццё святочнага ўздыму. Празаік са сваімі героямі сузірае, як радуюцца прасторы, ён прыслухоўваецца да ціхага шолаху лістоты і да павеву ветру, бачыць-адчувае, як растуць дрэвы і адцвітаюць восеньскія кветкі. Кузьма Чорны выступае як тонкі знаўца роднай прыроды.
   У сваіх прыродаапісаннях ён дасягае яркай экспрэсіўнай выяўленчасці. Ягоныя сродкі маляўнічай выразнасці (метафары, эпітэты, параўнанні, вобразныя дэталі) сведчаць пра мастацка-эстэтычную глыбіню пейзажнага майстэрства: «Цёмны вечар чула думаў, прыпаўшы да зямлі», «цяжкія дзяругі хмар раставалі і гінулі», «прабіваліся скрозь хмары ружовыя стужкі заходу» і інш. Колерава-светлавы фон пейзажаў Кузьмы Чорнага пазначаны сінімі і яркімі сонечнымі фарбамі, якія лагодзяць, паглынаюць чалавечае вока і душу. Малюнкі прыроды ствараюць адметны нацыянальны каларыт, эстэтычна гарманізуюць ідэйна-кампазіцыйную структуру твора, прыдаюць ёй цэльнасць.
   Дамінантны, стрыжнёвы ў рамане — матыў пахаў. Зямля ап'яняе герояў сваім водарам. Пахаў у рамане проста не злічыць, яны адыгрываюць важную эстэтычную функцыю, уплываюць на стварэнне агульнай эмацыянальнай атмасферы твора. Прысутнасць пахаў у пейзажных карцінах і замалёўках прыдае ім суб'ектыўна-лірычную прыгажосць, адухоўленасць. У рамане наогул, пачынаючы з зямлі, пахне амаль усё, пахне нярэдка вельмі прывабна, хвалююча, чароўна. Большасць пахаў нясе героям эстэтычнае задавальненне, душэўную асалоду: «на далёкі размах вакол пахне зямля», «Радасна пахла полем», «пахлі — трава, вечар і восень», «пахнуў пясок і трава каля яго, і восень, і зямля. Як жа яна пахла — зямля!», «пахлі хвоі ў спакойным шуме сваім», «саладкавата запахла пылам», «пах ядлоўцу поўніў усё прасторнай прытульнасцю» і інш. Незвычайная вастрыня ўспрымання і трапная назіральнасць ляжаць у аснове гэтага шматграннага выяўлення пахаў прыроды. Праз пахі раскрываюцца пачуцці герояў, іх успрыманне роднай зямлі і жыцця наогул. Пасля хваробы стары Тамаш, удыхнуўшы пах калодзежнага дубу і вады, адчуў прагу жыцця: «Поле і паплавы нагадаў яму гэты пах. Сэрца застукала ў грудзях мацней, радасць жыцця ўскалыхнула яго». Восеньская прырода нібы прадчувае смерць Тамаша. Пахі вянчаюць яго зямную дарогу: «апошні дар жывой зямлі і блізкіх людзей — пахучая смалою труна».    Словам, да Кузьмы Чорнага такой багатай эстэтыкі пахаў беларуская проза не ведала.
   Персанажы «Зямлі» — людзі жывога эмацыянальнага складу, здольныя адгукацца на прыгожае, умеюць «здзіўляцца вечнаму мудраму жыццю прыроды, пастаянна шукаюць сустрэч з ёю» (П. Дзюбайла). Па-дзіцячы непасрэдна і глыбока адчувае восеньскае хараство Юрка: «Юрка ўсё стаяў адзін. Пахла трава і лісце, і сонца адчувалася ўсёю істотаю. Вострае было яно і поўніла душу радасцю святла і волі». Юрка даглядае, шкадуе старога каня. Чалавечая спагада і дабрыня выратоўваюць няшчасную жывёліну. Праз адносіны да каня ў «Зямлі», як і ў раманах «Бацькаўшчына», «Пошукі будучыні», празаік раскрывае душу вяскоўца, яе духоўную ўзвышанасць і чалавечнасць. Вельмі душэўная, чуйная натура — Ганна. Яна, ад'язджаючы з бацькоўскай хаты ў горад, балюча перажывае расстанне, бо ёй «шкада абмоклых дрэваў, гэтых паплавоў і агародаў. Прытаптаных сцежак цераз паплавы да рэчкі...». Аўтар паэтызуе ўнутраны свет дзяўчыны.
   Кузьма Чорны выдатна паказвае, што зямля — крыніца духоўнага жыцця, радасць існавання чалавека. Вуснамі старога Тамаша, працалюбівага селяніна, ён асуджае «гультайства, разбазыраюць», імкненне знайсці шчасце далей ад зямлі. Чорны даводзіць, што чалавек без каранёў у зямлі пазбаўлены філасофіі гаспадара, становіцца, як Тамашоў сын, адысеем. Яшчэ на самым пачатку калектывізацыі празаік перасцерагаў ад разбурэння традыцыйнага працоўнага ўкладу дзядоў і прашчураў, нібы прадбачыў, што выраджэнне сялянскай прыроды, народнага светапогляду можа прынесці непапраўную бяду. Удумна і разам з тым празорліва пісаў Кузьма Чорны: «А тым часам ніколі не цурайцеся зямлі. Няхай яна будзе сабе ў вас за плячыма. Часам давядзецца, жывучы на свеце, прыперціся да яе. А яна заўсёды прыме, і не абы-як прыме. Бо, можна сказаць, яна заўсёды гатова для чалавека,— прыйшоў да яе, не пашкадуй для яе поту, рук, і яна табе аддзякуе...» Хіба не актуальна гучаць сёння гэтыя словы пісьменніка? У рамане на вобразе Алеся ён паказаў шчырага і духоўна памятлівага сына роднай зямлі. На бяду нашага народа, як вядома, сталінская калектывізацыя рассяляніла вёску, забіла ў чалавеку пачуццё зямлі, адказнасці за яе лёс. Калісьці рускі пісьменнік Г. Успенскі ў сваіх «Пісьмах з вёскі» вельмі справядліва сказаў: «Адарвіце селяніна ад зямлі, ад тых клопатаў, якія яна накладвае па яго, ад тых інтарэсаў, якімі яна хвалюе селяніна,— дабіцеся, каб ён забыў «сялянства»,— і няма гэтага народа, няма народнага светасузірання, няма цеплыні, якая ідзе ад яго».
   Кузьма Чорны бачыў у беларускім селяніне і працы на зямлі трываласць нацыянальнага свету. У іншых сваіх творах, такіх, як «Бацькаўшчына» (1932), «Лявон Бушмар» (1930), «Трэцяе пакаленне» (1935), «Смага», ён працягваў узвышаць чалавека-працаўніка, паказваў яго ўнутраную цэльнасць, знітаванасць з роднай зямлёй. Паэзія прыроды, адвечная філасофія сялянскай працы ў многім дзякуючы Кузьме Чорнаму зрабілася вядучай ідэйна-эстэтычнай лініяй беларускай прозы. Крэўная блізкасць да зямлі, душэўная пародненасць з прыродай-маці ў творах К. Чорнага сугучная светаадчуванню такіх празаікаў, як Іван Мележ, Янка Брыль, Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Анатоль Кудравец...
   «Зямля» — чароўная сімфонія восеньскай прыроды, паэтычны пейзаж беларускай душы. Пасля прачытання гэтага рамана міжволі прыгадваюцца словы знакамітага акадэміка Дз. Ліхачова: «Чалавека стварае зямля. Без яе ён нічога...»

Похожие статьи:

Кузьма ЧорныСацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства

Кузьма ЧорныКузьма Чорны - Насцечка

Кузьма ЧорныПошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне