1
Надумаўся грыбны цар Баравік зрабіць парад усіх грыбоў. Захацелася яму паглядзець, колькі ў яго царстве грыбнога народу.
Пачалі грыбы рыхтавацца да парада. Кожнаму хацелася быць самым прыгожым. У лясным царстве жылі розныя грыбы. Самы злосны быў Мухамор. Грыбы-суседзі не любілі яго. Не любілі яго таксама лясныя жучкі, конікі і асабліва мухі. Яны ніколі не садзіліся на яго чырвоны капялюш. Але Мухамор нічога не заўважаў. Ён стаяў у сваім яркім капелюшы, выхваляўся. Думаў, што ва ўсім лесе няма грыба, прыгажэйшага за яго.
І на парад Мухамор падрыхтаваўся першы. З самага ранку ён ужо стаяў перад вялікай кропляй расы на травінцы. Любаваўся сам сабою.
2
І вось цар Баравік падаў знак. Грыбы рушылі на парад. Першымі пабеглі лісічкі ў жоўценькіх капялюшыках. Штурхаліся, абганялі адна адну.
– Фі!– фыркнуў Мухамор. – Куды яны лезуць? – Ён нават не прызнаваў лісічак за грыбы.
Потым выбеглі сыраежкі ў рознакаляровых каўпачках. Важна прайшлі рыжыкі.
Без усялякага парадку прабеглі перад Баравіком ваўнянкі, грузды, маслякі, махавікі.
Паважна прайшла сям’я падбярозавікаў у карычневых берэтах.
І раптам Мухамор убачыў чырвоны капялюш… Гэта ішоў Падасінавік. Мухамор вельмі раззлаваўся.
– Ах ты, нягоднік! Чаму ты надзеў такі капялюш, як у мяне? – крыкнуў Мухамор.
Ён тут жа сарваў кветку рамонку. Абскуб з яе ўсе белыя пялёсткі. І абсыпаў імі свой чырвоны капялюш. Выйшаў на сярэдзіну паляны. Думаў, што цяпер ён прыгажэйшы за ўсіх…
3
Усе грыбы моўчкі глядзелі на Мухамора. Чакалі, што скажа Баравік.
Але грыбны цар нават не зірнуў на Мухамора. Усе заўважылі, што ён прыглядаецца да лясной сцяжынкі. Там з’явіліся дзед з унучкай.
Цар Баравік убачыў людзей. І падаў знак хавацца. Грыбы адразу ж разбегліся. Хто залез пад бярозку. Хто схаваўся ў мох. Хто накрыўся лісцем.
На палянцы застаўся адзін Мухамор.
– Ах, які грыб! – узрадавалася дзяўчынка. – Якія ў яго белыя крапінкі на чырвонай шапцы. Дзедка, возьмем яго ў кошык? Зірні, які ён прыгожы!
– Прыгожы, ды ядавіты, – сказаў дзядуля ўнучцы, – яго нельга есці. Мы лепш пашукаем з табой баравікоў, падбярозавікаў, падасінавікаў…
Похожие статьи:
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч
Кастусь Жук → Кастусь Жук - У бары
Янка Купала → Янка Купала - Явар і каліна
Максім Танк → Максім Танк - Мухамор
Пераказы, дыктанты → Баравік пад парасонам