Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Чэрвень і Сонейка

   Бегае Чэрвень з саменькага ранку і да вечара па садах, палях, лясах, і ні ўпынку, ні адпачынку яму няма. Усюды трэба паспець, усё дагледзець.
   Не паспеў абабегчы ўсе сады, паглядзець, ці добрая завязь на дрэвах, як на поле пара: на жыта зірнуць, падрасціць лён, каб даўжэйшы рос, папрасіць, каб Вецер прыгнаў хмару з дажджом ды астудзіў ад спякоты зямлю...
   А тут яшчэ трэба ў лес завітаць, дагледзець сунічкі, павярнуць іх да Сонейка, каб сокам наліваліся. А Сонейка ўжо на схіле, хутка і вечар...
   – Ох, які кароткі дзень! – скардзіцца Чэрвень. – Сонейка, памажы мне, свяці даўжэй.
   Сонейка слухае Чэрвеня і кожныя суткі ўсё болей прыбаўляе дня.
   Чэрвень за дзень усюды пабывае: паглядзіць, як у лесе даспяваюць сунічкі, загляне ў вожыкаву схованку, пацікавіцца, як гадуюцца малыя важаняткі, і ў гнёзды птушыныя зазірне. Так за турботамі не заўважае, як бяжыць час. І вось чутна, як звіняць на лузе косы, пачалася касавіца... Новыя клопаты ў Чэрвеня.
   – Сонейка, будзь ласкава, прыбаў яшчэ дня! Людзям сена трэба высушыць, – просіць зноў Чэрвень.
   Сонейка слухала Чэрвеня, прыбаўляла дня, прыбаўляла ды і перастала.
   – Усё! – кажа. – Болей не магу прыбавіць ні хвілінкі... Ночка крыўдзіцца, зусім кароценькая стала. Не паспее згаснуць неба на захадзе, як ружавее на ўсходзе!
   – І за гэта дзякуй! – кажа Чэрвень. – І так ты мне памагло. Я і садавіну пад гадаваў, я і жыта выкаласіў, і лён падрасціў, і ягады сокам наліў... І шмат іншай работы зрабіў. Не сорам майму брату Ліпеню будзе ў вочы глянуць.
   Вось чаму ў Чэрвеня самы доўгі дзень і самая кароткая ноч. Гэта Сонейка дружыць з Чэрвенем і памагае яму.

 

Похожие статьи:

Зоська ВерасЗоська Верас - Сонейка грэе

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Сонейку

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Колькі ў сонейка сяброў?

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Сонейка ўзышло

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Ах ты, сонца-сонейка