Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Хлопчык Пакідайчык

   Жыў на свеце хлопчык Пакідайчык. Звалі яго гэтак за тое, што кожны раз ён пакідаў недаедзены абед.
   Сядуць дзеці ў дзіцячым садзе абедаць, усім смачна, а Пакідайчык сядзіць ды лыжкай у супе боўтае. Пададуць катлету, відэльцам пакалупае, пакалупае ды пакіне. Кампот і той не вып’е ўвесь.
   І пачаў Пакідайчык худзець з кожным днём. Зрабіўся слабенькі-слабенькі. Адзецца сам не можа, бегаць няма сілы, нават гуляць з дзецьмі перастаў, бо ад слабасці цацку ў руках не мог трымаць. І захварэў ён ад знямогі. Ляжыць на пасцелі, бачыць, як за акном сонейка свеціць, слухае, як з вуліцы дзіцячыя галасы даносяцца. Сумна Пакідайчыку ў хаце.
   Даведалася бабуля ў вёсцы, што яе ўнук у горадзе захварэў, і прыехала адведаць. Паглядзела на ўнука і ўздыхнула:
   – Охо-хо-хо! Відаць, ты, унучак, ні разу не з’еў сваёй сілы, што так схуднеў.
   – А як гэта, бабуля, можна сваю сілу з’есці? – спытаў Пакідайчык.
   – Гэта, унучак, сакрэт. Хто яго не ведае, той заўсёды худзее і слабее. А хто ведае, то становіцца вялікі і дужы.
   – Бабуля, міленькая, скажы мне той сакрэт. Ну, калі ласка! Я таксама хачу быць здаровым і дужым.
   – Добра, унучак, скажу. Толькі ведай, сілу не лёгка знайсці, яна заўсёды хаваецца ад чалавека.
   – Я знайду яе, бабуля, толькі скажы дзе?
   – Сіла тая хаваецца заўсёды ў апошняй крошцы хлеба або на дне талеркі. Застанецца лыжка супу – яна і схаваецца там. От і сачы цяпер, як будзеш есці, каб нічога не заставалася.
   Хлопчык Пакідайчык аж прыўзняўся на ложку:
   – Бабуля, а вялікая тая сіла?
   – Пакуль яна ў крошцы хлеба ці ў лыжцы супу, дык маленькая-маленькая. Нават тваё вока і не ўбачыць, а яна – там. А як чалавек знойдзе сваю сілу ды з’есць, дык яна тады расце ў ім і расце. А чалавек дужэе і дужэе.
   І ўнучак запэўніў бабулю:
   – Я знайду сваю сілу і з’ем. Пабачыш.
   – Вось і малайчына, адразу зразумеў, – пахваліла бабуля. – А цяпер выпі кубачак малака.
   Пакідайчык выпіў малако і зазірнуў на дно кубачка, ці не засталася там сіла?
   У абед ён таксама ўсё з’еў, да апошняга кавалачка, нават крошкі сабраў у рот.
   Праз некалькі дзён хворы Пакідайчык папрасіў бабулю памагчы ўстаць і адзецца. А тая пагладзіла ўнучка па галаве ды кажа:
   – А ты паспрабуй сам. Мы з табою тады даведаемся, знайшоў ты сваю сілу ці не?
   Бабуля выйшла ў другі пакой, а хлопчык злез з ложка і пачаў адзявацца. Пакуль яна вярнулася, Пакідайчык ужо стаяў перад люстэркам.
   – Глядзі, бабуля, я сам адзеўся. Мусіць, я знайшоў сваю сілу.
   – Ну вось і добра, – пахваліла бабуля ўнука. – Цяпер сачы за сваёй сілай. Ты ўжо ведаеш, яна ўцякае ад тых дзяцей, хто недаядае ці не дапівае.
   З гэтага дня пачаў хлопчык усё з’ядаць, што давала яму мама ці бабуля. Хутка шчокі ў яго паружавелі, павесялелі вочы, пашпарчэлі ногі. Тата з мамай нацешыцца не маглі са свайго сына.
   У той дзень, як бабуля ад’язджала дахаты ў вёску, хлопчык падышоў да яе, моцна абняў і ціхенька шапнуў:
   – Дзякуй, бабуля, за сакрэт.
   Цяпер хлопчыка ніхто не называе Пакідайчыкам, а проста Віцем.

 

Похожие статьи:

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Бусел і хлопчык

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Праўдзівы хлопчык

Пятрусь МакальПятрусь Макаль - Голас вечнага хлопчыка

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч

Янка КупалаЯнка Купала - Хлопчык і лётчык