Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Дубоўка - Праўдзівы хлопчык

У нас, а можа, і не ў нас,
у старадаўні, даўні час
жыў мудры чалавек, які
не меў ні сына, ні дачкі.

Было ў яго багацця шмат,
ды ён багаццю быў не рад, –
адзін заўсёды, нібы цень,
хоць стане ноч, хоць прыйдзе дзень.

Не чутна звонкіх галасоў
з яго разложыстых садоў.
Не прабяжыць малы ў пакой
з гульнёй вясёлаю сваёй.

Аднойчы скрозь, з канца ў канец,
прайшлася вестка, што мудрэц
узяць надумаў у сыны
хлапца з тутэйшай стараны.

А ў тым краі было ў людзей
па пяць, па шэсць і больш дзяцей.
І звестка ўзварушыла ўсіх:
бацькоў старых, дзяцей малых.

Як ні кажы, а добра ўсё ж
зайсці ў такую прыгажосць!
Няблага будзе для хлапца
прайсці навукі ў мудраца.

У дзень, прызначаны старым,
дзве сотні сталі перад ім.
Адзін другога прыгажэй,
для сэрца шчырага мілей.

Звіняць вясёла галасы.
Палац змяніўся ад красы.
Прыйшоў мудрэц. Зірнуў на іх.
Пасля сказаў, як гоман сціх:

– Вітаю ўсіх сардэчна я.
Падзяка вам усім мая
за тое, што на заклік мой
прыйшлі такою грамадой.

Каб не пакрыўдзіць вас нічым,
даю адзін іспыт усім.

Усім па зернетку даю.
Іх пасадзіце вы ў зямлю
і даглядайце, каб праз час
па кветцы вырасла у вас.

Пасля прыходзьце зноў усе.
Вазон хто лепшы прынясе,
вазьму за сына я таго,
за бацьку буду для яго.

Усе па зернетку ўзялі,
пайшлі саджаць іх у зямлі.

Праз час, прызначанай парой,
ідуць вясёлай грамадой
да мудраца хлапцы усе,
і кожны свой вазон нясе.

Здаецца, што дзівосны сад
закрыў бязмежны далягляд.
Якія кветкі, цуд які
узгадавалі хлапчукі!

І толькі ў аднаго – зямля,
а ў ёй ні кветак, ні былля...

Мудрэц спыніўся перад ім:
– А што з вазончыкам тваім?!
Зямля ў ім ёсць. А кветкі дзе?!
Чаму не так, як у людзей? –

І засмуціўся, і панік
маленькі гэты працаўнік.

Пасля сказаў ён у адказ:
– Насенне, што я ўзяў ад вас,
я пасадзіў у свой вазон
і паліваў нямала дзён.

Пушыў зямельку шмат разоў,
ды ўсё няма з яго расткоў...

Сказаў тады хлапцу мудрэц:
– Ты, любы хлопча, маладзец!
Насенне дрэннае было.
Узысці ніколі б не магло.

Твае сябры схлусілі мне:
узраслі іх кветкі на мане, –
сваё насенне кожны ўзяў
замест таго, што я даваў...

Праўдзівы хлопчык – ты адзін.
Пры мне і будзеш жыць, як сын...
За сына ўзяў яго мудрэц.
На тым і казцы ўсёй канец.

 

Похожие статьи:

Пятрусь МакальПятрусь Макаль - Голас вечнага хлопчыка

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Ніколі праўда не ўмірае

Янка КупалаЯнка Купала - Хлопчык і лётчык

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Хлопчык Пакідайчык

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Бусел і хлопчык