Дзед Мароз у навагоднюю ноч абходзіў свае ўладанні. Аглядаў, ці добра ўкрыты снежнай коўдрай палі. Ці моцны на рэках лёд. І чакаў надыходу Новага года.
Ідзе стары па лесе ў цяжкіх валёнках. Абапіраецца на лясны кій і скардзіцца:
– Охо-хо-хо… Стары я ўжо стаў. Ледзь ногі цягаю, пара і адпачыць. І дзе гэта падзеўся той Новы год? Хутка поўнач, а яго няма і няма…
Толькі так сказаў, аж бачыць: гуляе на палянцы хлопчык у чырвоным кажушку. Начапляў на лапкі ялінкі ледзяшоў, снежных зорачак, гронак мёрзлай каліны і скача вакол яе.
А разам з ім, нягледзячы на ноч, скачуць і ўсе лясныя жыхары. Тут і вавёрачка гойдаецца на галіне. Заяц з лісам навыперадкі бегаюць. Шэры воўк бліскае зялёнымі вачыма. Стракоча сарока-белабока. Верашчыць сойка стракатая. Каркае варона дзюбатая… Скача па снезе, выпнуўшы грудзі, снягір і выхваляецца:
– Паглядзіце, якая ў мяне камізэлька прыгожая!
– А ў мяне шапачка не горшая, таксама чырвоненькая! – кажа дзяцел.
– Дык вось дзе ты! – узрадаваўся Дзед Мароз і пайшоў хутчэй.
Убачылі звяры ды птушкі Дзеда Мароза і давай цягнуць яго ў карагод.
– Прывітанне табе, Новы год! – гукнуў стары. – Нарэшце цябе дачакаўся!
Абняліся яны, прывіталіся.
– Цяпер хадзем са мною. Перадам я табе ўсе свае ўладанні. Пара мне ўжо адпачыць.
– А як жа мая ялінка? – засмуціўся па-дзіцячы Новы год. – Я яе так хораша прыбраў, шкада пакідаць…
– Ялінку мы з сабою возьмем! Па дарозе зойдзем да дзяцей. Аддадзім ім гэтае дрэўца, няхай пацешацца. – І Дзед Мароз узваліў на плечы ялінку.
Так яны і пайшлі з лесу…
З таго часу кожны год сустракаюцца Дзед Мароз з Новым годам у лесе на паляне. І штогод прыносяць з таго лесу дзецям ялінку.
Похожие статьи:
Цішка Гартны → Цішка Гартны - Зімовы вечар
Пераказы, дыктанты → Аер
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Мароз
Пераказы, дыктанты → Прывакзальная плошча
Янка Купала → Янка Купала - Мароз