Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Стракатая сойка

Увага! Поўны змест

   Даўным-даўно было гэта. Толькі пачалася цёплая восень, а птушкі ўжо збіраюцца ў вырай. Пачула Сойка, што і яе сваячка Зязюля рыхтуецца да адлёту за мора.
   «Мусіць, за тым морам добра і хораша, калі Зязюля спяшаецца туды? – падумала Сойка. – А што калі і мне паляцець? Свет убачу, сябе пакажу».
   А трэба сказаць, што Сойка ў той час была не такая прыгожая, як цяпер.
   Спаткала Сойка Зязюлю і здзівілася. Прыбралася тая перад выраем: рабенькае пер’е аж пераліваецца на сонейку.
   – Ах, якая ты, сястрыца, прыгожая! – з зайздрасцю ўсклікнула Сойка.
   – Трэба прыхарашыцца, у чужы край лячу. – І Зязюля паправіла дзюбкай пёрка.
   – Хачу і я паляцець у вырай, паглядзець, што за край за тым морам, – сказала Сойка.
   – Ты хочаш ляцець за мора? У такім шэрым убранні? І не думай, засмяюць цябе там.
   – Вось як! – раззлавалася Сойка. – Дык ведай, я ў сто разоў прыгажэй за цябе прыбяруся... Убачыш.
   І не паспела Зязюля здагадацца, што надумала рабіць Сойка, як тая вырвала ў яе некалькі пёркаў.
   – Зладзейка! Разбойніца! – закрычала Зязюля. – Усім раскажу, якая ты, – і кінулася наўцёкі.
   – Кажы, кажы, а за мора я палячу прыгажэйшаю за цябе, – зацвірчэла Сойка і пачала прыладжваць на сваё крыло Зязюліны пёркі.
   Прыладзіла і паляцела да ручайка паглядзецца ў ваду. А там у зарасніках арэшніку мітусіліся і свісталі Івалгі:
   – Фію-фію! Фію-фі-і! Мы збіраемся ў вырай!
   Убачылі Сойку і паляцелі з крыкам:
   – Ратуйцеся! Разбойніца! Фію-фі!
   – Пачакайце, куды вы? – заверашчала Сойка, але Івалгі ўжо разляцеліся.
   Сойка пашкадавала, што не змагла раздабыць у іх некалькі жоўтых пёркаў.
   Тут яна ўбачыла Сіваваронку і стала асцярожна падкрадацца да яе.
   – Гва-алт! – залямантавала Сіваваронка, але на гэты раз Сойка ўсё ж пажывілася некалькімі сіненькімі пёркамі!
   З таго дня Сойка стала падпільноўваць усіх птушак, што адляталі за мора.
   Яе ўбранне рабілася ўсё больш стракатае. З’явіліся белыя, сінія, чорныя пёркі.
   І стала Сойка вельмі прыгожай птушкай. І пачала яна лятаць па лесе і хваліцца ўсім:
   – Скора і я палячу за мора, няхай усе паглядзяць, якое ў Сойкі ўбранне.
   Лятала яна так ад аднае птушкі да другой і ўсё хвалілася сваім уборам.
   Аднаго разу Сарока і кажа Сойцы:
   – Прыгожае ўбранне, ды не сваё. Калі думаеш за мора ляцець, то спяшайся, а то цябе зіма застане тут.
   – Толькі і ведаеш плёткі разносіць па лесе, – сказала Сойка. – Паспею яшчэ, няхай тут усе птушкі пабачаць мой новы ўбор.
   Прачнулася Сойка аднае раніцы, а на галінках – снег, і зямля ўся зацярушана ім. Сустрэла яе Сарока і затрашчала:
   – А што я казала, а што я казала... І ўбор новы прыдбала, і за мора не паляцела!
   – Мне і тут добра. Затое няма прыгажэйшай за мяне птушкі ў гэтым лесе.
   Снягір пачуў, як хваліць свой убор Сойка, ціўкнуў і паляцеў далей у гушчар. А сярод людзей цяпер можна пачуць:
   – Прыбралася, як сойка стракатая.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСустрэча з сойкай

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Крык сойкі

Пераказы, дыктантыСнегавыя ванны

Віктар ГардзейВіктар Гардзей - Сойка-лесавод

Пераказы, дыктантыСойка (Паводле У. Ягоўдзіка)